Запамінаю — значыць існую

Аднойчы знаёмы настаўнік матэматыкі, чалавек, захоплены сваёй прафесіяй і арыгінальны, сказаў мне: “Калі я адчуваю, што вельмі захапляюся роляй настаўніка, то сам пачынаю вучыцца нечаму новаму”. Упэўнена, што ў такой пазіцыі многа мудрасці і смеласці, яна псіхалагічна бездакорная і абараняе прафесіянала ў галіне педагогікі ад страты гібкасці мыслення і паводзін. Менавіта так чалавек, які мысліць, заўсёды будзе мець справу па душы, высокую якасць жыцця, будзе магнітам для аднадумцаў і, канечне, для сваіх вучняў.

Сёння прапануем па-новаму глянуць на свайго штосекунднага памочніка ў любой справе — нашу памяць і падарыць ёй новыя інструменты і адзенне. Захапляючыся такога роду справай, мы ўзбагацім сябе і навакольных новымі тэмамі для зносін, станем больш прасунутымі і цікавымі для значных людзей у нашым жыцці. Мы будзем больш цікавыя сабе, што важна для падтрымання псіхалагічнага здароўя ў прафесіі і жыцці.

Падрыхтуем жаданне дзейнічаць, вывучыўшы цікавыя факты пра памяць:

  1. Беспарадак адбіваецца на памяці дрэнна. Дысцыпліна — гэта ўмова поспеху ў любой справе, і памяць не выключэнне. Парадак знешні — гэта парадак і ўнутраны. Каб здолець узяць успамін у неабходны момант, трэба іх арганізавана захоўваць, таму калі наша жыццё ўпарадкавана, то і памяць наша арганізавана.
  2. Успаміны жывуць усюды. Яны звязаны з пахамі, вобразамі, эмоцыямі.
  3. Памяць не падобна на кніжную шафу. Яна хутчэй бібліятэка. Кнігі ў бібліятэцы (успаміны) пастаянна маюць зносіны з бібліятэкарам, які бярэ іх з паліц, чытае, перадае. Такім бібліятэкарам з’яўляецца і рабочая памяць, якая акрамя захоўвання інфармацыі яшчэ і аперыруе захаванымі данымі.
  4. Забываць — гэта добра. Забыванне для прадукцыйнай работы мозга гэтак жа важна, як і запамінанне. Немагчыма захоўваць усю інфармацыю, якую мы атрымліваем штодзень, а потым знайсці неабходную ў мазгавых сховішчах. Таму ў чалавечым мозгу існуюць асаблівыя механізмы, якія працуюць над працэсам забывання.
  5. Нейроны маюць патрэбу ў кісларо­дзе. Чым мы старэйшыя, тым меншы ўзровень кіслароду ў арганізме. Нейроны вельмі адчувальныя да гэтага працэсу, рэагуюць на яго зніжэннем узроўню сваёй энергіі. Са змяншэннем колькасці энергіі змяншаецца і ўзровень узбуджэння, які неабходны для перадачы ўспамінаў. У выніку мае хібы якасць памяці.
  6. Пачаць клапаціцца пра памяць ніколі не позна. У любым узросце можна пачаць весці здаровы лад жыцця, трэніраваць памяць, а значыць, і атрымліваць ад гэтага адпаведныя вынікі, выгоды. Калі без доўгіх перапынкаў займацца разумовай дзейнасцю, то можна адысці ад шматлікіх расстройстваў памяці ў сталым узросце. Нягледзячы на тое, што некаторыя нейроны з часам зніжаюць сваю актыўнасць і гі­нуць, мозг — гэта адзіная частка чалавечага цела, якая здольна развівацца і аднаўляцца. Адбываецца гэта за кошт нейрапластычнасці. “Мы ўжо гатовы трэніравацца.

Хочам ведаць як. Дайце нам практыкаванні” — менавіта такія словы хацелася б пачуць ад чытача. Не будзем прымушаць доўга чакаць. Калі ласка.

Практыкаванне “Дом памяці”

Паспрабуйце па памяці назваць па прозвішчах усіх паэтаў або празаікаў, якіх толькі зможаце ўспомніць. Калі вы змаглі прыпомніць без вялікіх цяжкасцей і тармажэння хаця б 12—15 аўтараў, то гэта добры вынік. Замест прозвішчаў паэтаў можна называць паняцці з любой сферы дзейнасці чалавека, прыемнай нам (жаночыя і мужчынскія імёны, прадметы мэблі, хатнія расліны, паняцці, якія адносяцца да матэматыкі, фізікі, выяўленчага мастацтва).

Практыкаванне “Цэлюлярны токінг” дазваляе павялічыць хуткасць мыслення і палепшыць увагу, скараціць час на шляху “вобраз — слова” (а значыць, павялічыць хуткасць чытання), адчуваць, як напружваецца наша памяць. Як мага хутчэй называем услых усе прадметы, якія бачым перад сабой.

Гэтае практыкаванне цікава выконваць, калі ёсць гледачы. Назіраем за сабой: праз які час мы “затармозімся”, паўзы паміж словамі ўзрастуць і мы станем дапамагаць сабе жэстамі. У выпадку такой трэніроўкі нейроны прывыкаюць працаваць на поўную магут­насць. У выніку мы будзем хутчэй падбіраць аргументы ў спрэчцы, рассеянасць і забыўчывасць не наблізяцца да нас. Рэакцыя нашага мозга ў стрэсавых сітуацыях можа стаць вокамгненнай.

Практыкаванне “Рымскі пакой”

Гэты прыём на запамінанне чаго хочаш. Спіса прадуктаў, напрыклад. Старажытныя рымляне выкарыстоўвалі яго для запамінання важных па­дзей. Рымскім пакоем можа слу­жыць наш кабінет, спальня або пакой з дзяцінства, можа нават і аўтамабіль. Так, каб запомніць спіс прадуктаў, уяўляйце іх і ў думках раскладайце па пакоі, які ўяўляеце. Прыпамінаючы вобраз пакоя і раскладзеных у ім прадуктаў, вы лёгка актуалізуеце патрэбны спіс.

Прыём запамінання “Словы-вешалкі” падобны да практыкавання “Рымскі пакой”. Нам спачатку трэба вывучыць набор слоў, а потым “вешаць” на іх словы і фразы, якія вам трэба запомніць. Гэтыя сістэмы добра падыходзяць для запамінання спісаў, асабліва калі вы павінны ўспамінаць сёмы пункт спіса (напрыклад), а не ўвесь спіс запар.

Практыкаванне “Рытмізацыя”

Перавядзіце інфармацыю ў вершы, песенькі, у радкі, звязаныя пэўным рытмам або рыфмай.

Памяць важна трэніраваць кожны дзень:

1) Новую інфармацыю чытайце штодня.

2) Пасля прагляду фільмаў і перадач  “пракручвайце” іх у памяці ад пачатку і да канца. Ці дакладна вы памятаеце назвы? Ці звярнулі ўвагу на імёны рэжысёра, акцёраў?

3) Засяроджвайцеся на тым, чым займаецеся ў дадзены момант.

4) Старайцеся запамінаць усе імёны, нават выпадковых знаёмых.

5) Старайцеся запамінаць усе неабходныя тэлефонныя нумары.

6) У канцы дня прыпамінайце падзеі дня. Гэта каштоўна не толькі для трэніроўкі памяці, але і для аналізу — ці найлепшым чынам я арганізаваў дзень? У самых дробязях прыпамінайце падзеі апошняй гадзіны, калі няма магчымасці чытаць, а час бяжыць не па нашай віне.

7) Запамінайце дні нараджэння, расклад дня і тыдня. Гэта не значыць, што трэба адмовіцца ад планавання ў календары, але лепш мець копію ў галаве.

8) Гаварыце без шпаргалкі.

Спатрэбяцца педагогу і вясёлыя спосабы завучвання вершаў. Навучыце ім сваіх дзяцей і сваіх падапечных.

Спосаб “Вершы-перавароты”

Прачытайце верш выразна, а потым перавярніце кнігу і прачытайце яго яшчэ раз, але “дагары нагамі”. Таксама можна паспрабаваць прачытаць верш справа налева, толькі абавязкова выразна. Такі спосаб завучвання дапамагае: па-першае, пазбавіць дзіця ад страху перад завучваннем вершаў, а па-другое, зрабіць верш больш блізкім і зразумелым (як бы гэта ні здавалася дзіўным).

Спосаб “Візуальнае пісьмо”

Многім вядомы такі метад завучвання вершаў, як перапісванне яго на ліст паперы. Аднак цікавей напісаць верш у думках, ды яшчэ і не дзе-небудзь, а на дзвярах шкоднага суседа або на сцяне дома каханай дзяўчыны. У думках “узбройваемся” крэйдай, пэн­дзлем, пяром або губной памадай і старанна “прапісваем” кожны радок верша. У працэсе такога завучвання вы не толькі вывучыце верш, але і атрымаеце станоўчыя эмоцыі.

А ці ведаеце вы, што мы паляпшаем памяць, слухаючы музыку Моцарта, займаючыся фізічнымі практыкаваннямі? Нават удыхаючы пах руж, алею размарыну, мы таксама паляпшаем памяць. Памяць — наш памочнік у жыцці і рабоце. Памяць — наш рэсурс і асабісты здабытак. Не будзем адносіцца да яе як да таго, што дадзена прыродай раз і назаўжды. Як для захавання прыгожай фігуры патрабуецца фізічная актыўнасць, так і наша памяць патрабуе пастаяннай работы над сабой, актыўнасці і ўвагі. Аддадзім належнае памяці, і яна ніколі не падвядзе нас.

Які від памяці галоўны

У працэсе атрымання новай інфармацыі мы стараемся задзейнічаць усе нашы пачуцці ўспрымання. І ў нас ёсць адзін прыярытэтны, сенсорны канал, што пераважае над астатнімі, актыўна выкарыстоўваючы які можна істотна палепшыць працэс запамінання. Ёсць пяць вядомых усім нам пачуццяў успрымання: слых, зрок, смак, нюх і дотык, каб адкрываць і спасцігаць навакольную рэальнасць. Смак і нюх адыгрываюць у навучанні другарадную ролю. А вось зрок, слых і дотык маюць вялікае значэнне. Аднак адны спосабы ўспрымання мы выкарыстоўваем як дапаможныя, а другія як асноўныя.

Каб адчуваць сябе ў жыцці камфортна, спецыялісты рэкамендуюць пазнаць свой лепшы сенсорны аналізатар. Тэст, які прапануецца, дапаможа сарыентавацца, якія віды памяці галоўныя для нас, а якія — дадатковыя.

Выберам сцвярджэнні, на якія можам адказаць: “Так, гэта пра мяне!”

Для вас вялікае значэнне маюць зносіны з людзьмі ўжывую. (А)

Асабістаму кантакту вы аддаяце перавагу перад перапіскай і рознымі сацыяльнымі сеткамі. (В)

Вы часцей маўклівы, лічыце за лепшае назіраць за іншымі. (А)

Чытаючы самі сабе, вы рухаеце губамі. (А)

Вы вельмі эмацыянальны, таварыскі, мнагаслоўны. (К)

Вы актыўна жэстыкулюеце пры гутар­цы. (В)

Вы можаце доўга глядзець у акно, разглядаць карцінкі, выбіраеце звычайна кнігі з ілюстрацыямі. (К)

Вы не можаце спакойна ўседзець пры чытанні. (В)

У працэсе работы вы можаце паралельна штосьці чарціць, маляваць або штрыха­ваць. (В)

У вас добрая памяць на твары, затое вы часта забываеце або блытаеце імёны. (К)

Вам падабаецца тэсціраваць новыя рэчы, і вы ахвотна займаецеся канструяваннем. (К)

Вы робіце частыя перапынкі пры выкананні работы. (В)

У навучанні вам важна быць у камандзе. (А)

Вы больш ахвотна займаецеся справамі адзін. (В)

Вам лягчэй запомніць прачытанае, чым пачутае. (К)

Вы лепш запамінаеце падзеі, якія здарыліся з вамі, чым расказаныя некім. (В)

Вы часта тузаеце свае валасы або адзенне, перабіраеце ў руках якія-небудзь прадметы. (К)

А цяпер выберыце літару, якая пераважае ў вашых адказах.

Аўдыял

Вам лягчэй успрымаць інфармацыю на слых. Вусныя прадметы ў школе вам даваліся лёгка, таму што тут, каб засвоіць новую інфармацыю, дастаткова праявіць уважлівасць пры выкладанні матэрыялу настаўнікам. Пры запамінанні вам пажадана прагаворваць услых. Запісаная ж інфармацыя павінна быць пачута хаця б 2—3 разы. Важныя моманты ў інфармацыі варта прачытваць услых. Для вас карысна работа ў камандзе.

Візуал

Візуал запамінае з дапамогай вобразаў. Карцінка для візуала — гэта абагульнены матэрыял з ключавымі момантамі, таму ён заў­сёды імкнецца пераўтвараць інфармацыю ў вобраз. 80% людзей адносяцца менавіта да гэтага тыпу. Вылучайце ў тэксце важную інфармацыю колерам, што дапаможа лягчэй яе запомніць.

У працэсе работы максімальна выкарыстоўвайце карцінкі, графікі, табліцы, схемы. Работа ў камандзе — бадай менш карысная, чым для аўдыяла.

Кінестэтык

Кінестэтыку заўсёды трэба знаходзіцца ў руху, каб захаваць атрыманую інфармацыю. Эфектыўна практыкаваць рух, спалучаны з запамінаннем. Будзе карысны турнік або шведская сценка. Робячы розныя фізічныя практыкаванні, вы з лёгкасцю будзеце запамінаць інфармацыю. Пры запісе важнай інфармацыі тактыльныя адчуванні адыгрываюць немалаважную ролю: можна, напрыклад, сціскаць прыемны навобмацак тэнісны мячык.

Словы і лікі таксама павінны быць “жывымі”, каб заставацца ў памяці гэтага тыпу ўспры­мання. Пры рабоце з інфармацыяй можа дапамагчы звычайная хадзьба па пакоі.

Святлана РАДЗЬКОВА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*