Хатні клён, ці Абуцілан

Трапічную расліну з буйнымі разнымі лістамі і вытанчанымі кветкамі, падобнымі да кітайскіх ліхтарыкаў, людзі заводзяць у сябе дома невыпадкова: многія вераць, што абуцілан валодае не толькі дэкаратыўнымі, але і некаторымі магічнымі ўласцівасцямі, здольны паляпшаць энергетыку дома, узнімаць настрой і нават забіраць людскі негатыў. Лічыцца, што, увабраўшы адмоўную энергію, абуцілан у момант трансфармуе яе ў станоўчую і дзеліцца са сваім клапатлівым уладальнікам.

Характэрныя асаблівасці

Буйныя лісткі гэтай расліны па форме падобны да лісткоў клёна, менавіта таму абуцілан часта называюць хатнім клёнам. Яшчэ адной яго асаблівасцю з’яўляецца яго моцная галінастасць, дзякуючы якой расліна набывае дэкаратыўныя ўласцівасці і шырока выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў. Абуціланы, у залежнасці ад віду, могуць быць размешчаны адзіночна ці ў суквеццях і мець розныя колеры: чырвоны і яго адценні, аранжавы, жоўты.

Перавагай абуцілана перад многімі іншымі хатнімі раслінамі з’яўляецца вельмі доўгі перыяд цвіцення. Кветка можа радаваць уладальніка прыгажосцю амаль увесь год, а развіваецца і расце яна вельмі хутка, зацвітае ў першы ж год пасля пасадкі. Акрамя таго, абуцілан павышае ўзровень вільготнасці і паляпшае мікраклімат у памяшканні, дзе расце, выступае своеасаблівым натуральным фільтрам для ачышчэння паветра.

Догляд

Абуцілан — непатрабавальная расліна, таму з яе доглядам справяцца нават кветкаводы-пачаткоўцы. Самае галоўнае, пра што трэба памятаць: хатні клён цярпець не можа скразнякоў.

Паставіць абуцілан лепш за ўсё на ўсходняе, паўднёва-ўсходняе, паўднёва-заходняе ці заходняе акно — там расліна атрымае дастаткова святла. А вось паўднёвае акно выбіраць не варта: прамое сонечнае святло можа пашкодзіць лісце і кветкі.

Каб прадоўжыць перыяд цвіцення абуцілана, яго трэба рэгулярна абразаць. Калі гэтага не рабіць, расліна вырасце ў даўжыню, не будзе галінавацца і цвісці будзе не вельмі доўга. Таму смела зразайце тыя галіны, на якіх былі кветкі, прышчыпвайце верхавінкі. Без шкадавання абразайце і сухія галіны. Пасля заканчэння абрэзкі рэкамендуецца апрацаваць абуцілан растворам “Цыркон”, які стымулюе ўтварэнне новых парасткаў.

Тэмпература

Каб абуцілан не сох, не хварэў, не скідваў лісткі, трэба прытрымлівацца правільнага тэмпературнага рэжыму. Так, летам расліна будзе камфортна сябе адчуваць пры +25°С, зімой жа ёй хопіць і +12—+15°С, але не ніжэй, пры тэмпературы ніжэй 0°С расліна можа загінуць. Не любіць абуцілан і залішняй гарачыні: калі тэмпература ў памяшканні перавысіць +30°С, ён тут жа скіне кветкі і лісце. Расліна таксама адчувальная да рэзкіх перападаў тэмператур.

Вільготнасць

Вельмі важным пунктам ва ўтрыманні абуцілана ў хатніх умовах з’яўляецца высокі ўзровень вільготнасці ў памяшканнях. У прыродзе гэтая расліна сустракаецца ў тропіках і субтропіках, дзе горача і вільготна. Спосабы павышэння вільготнасці ў хатніх умовах усім вядомы: можна апырскваць паветра і саму расліну, ставіць побач з кветкай тару з вадой, купіць увільгатняльнік паветра, а можна выкарыстоўваць усё адразу. “Дзякуй” скажа не толькі хатні клён, але і ваша скура.

Абуцілан любіць

* вільготнасць;
* дастатковую колькасць святла;
* своечасовыя перасадкі і падкормкі;
* апырскванні;
* стабільнае месца ў доме;
* глебу, якая добра прапускае вільгаць.

Размнажэнне

Ёсць два спосабы размнажэння абуцілана — пасынкамі і насеннем. І адзін, і другі праводзіцца ранняй вясной. З насеннем поркацца прыйдзецца менш: усё, што трэба — проста пасеяць яго ў пясочна-тарфяную сумесь, а потым штодзень апырскваць і праветрываць. Неабходна таксама падтрымліваць тэмпературу не ніжэй +16°С — тады прыкладна праз тры тыдні з’явяцца першыя саджанцы.

Пасынкаванне — працэдура больш складаная. З маладых раслін зразаюцца пасынкі без кветак, але з трыма лісткамі. Пасынкі апускаюць у ваду ці ў тую ж сумесь торфу і пяску, пастаянна сочаць за высокай вільготнасцю. Лепш і хутчэй яны будуць развівацца ў цяплічных умовах. Стварыць іх можна пры дапамозе слоіка, абрэзанай пластыкавай бутэлькі ці поліэтыленавага пакета.

Як жа вызначыць, які спосаб размнажэння прымяніць у тым ці іншым выпадку? Вельмі проста. Калі лісткі абуцілана зялёныя, то лепш падыдзе размнажэнне насеннем, калі ж яны стракатыя, плямістыя, то аптымальным будзе пасынкаванне.

Глеба

Пры пасадцы абуцілана важна ведаць, якая глеба яму больш за ўсё падыходзіць: тая, што добра прапускае вільгаць, лёгкая, але пры гэтым пажыўная, з добрым дрэнажом. Добра яму будзе ў сумесі з пяску, перагною, дзярновай і ліставой зямлі. Можна таксама купіць у кветкавым магазіне гатовую сумесь для пальм і драцэн. Па сваіх асаблівасцях і патрэбах гэтыя расліны падобныя.

Асабліва захопленыя кветкаводы могуць змяшаць глебавую сумесь для абуцілана самастойна. Так яны будуць дакладна ўпэўнены ў яе складзе і паходжанні. Для гэтага неабходна ўзяць 30% перагною, 30% дзярновай зямлі, 20% торфу і 20% пяску. Вазон для пасадкі трэба абавязкова прадэзынфіцыраваць пры дапамозе мыльнага раствору або простага кіпячэння. На дно вазона не забудзьце пакласці дрэнаж, пасля насыпце зямлю (не больш за 3 см) і толькі потым высадзіце расліну.

Абуцілан не любіць

* сухое паветра;
* недахоп асвятлення;
* скразнякі;
* холад;
* любую змену абставін;
* жорсткую ваду;
* рэзкі перапад тэмператур ці асвятлення.

Перасадка

Для паўнавартаснага развіцця хатні клён трэба перасаджваць вясной, перад тым як ён зацвіце. Дарослай расліне, якая ўжо сфарміравалася, перасадка неабходна раз у 2—3 гады, а маладым, як правіла, штогод. Пры перасадцы не трэба купляць вялікі вазон “навыраст”, інакш абуцілан будзе разрастацца толькі ў каранях, што значна адкладзе цвіценне. Але ўсё ж новы вазон павінен быць большым за стары хаця б на 3 сантыметры ў дыяметры — у адваротным выпадку страчваецца сэнс перасадкі.

Трэба адзначыць, што пры перасадцы спатрэбяцца не толькі вазоны і зямля, але і буйныя кантэйнеры, каб змясціць туды расліну. З-за таго, што абуцілан можа развіваць цяжкую галінастую верхнюю частку, варта пазбягаць яго падзення і пашкоджванняў. Менавіта для гэтага і неабходны кантэйнеры. Пры перасадцы абавязкова звяртайце ўвагу на стан каранёў — сухія ці гнілыя трэба абразаць. Робяць гэта вострымі стэрыльнымі нажніцамі, а зрэз апрацоўваюць, напрыклад, серай.

Як жа вызначыць, што перасадка ўжо неабходна? Гэта можна зразумець па дзвюх прыметах: карані схавалі пад сабой земляны камяк, расліна вельмі хутка пачала ўбіраць у сябе ваду.

Паліў

Абуцілан любіць ваду, таму ўвесь год, акрамя зімы, расліну трэба шчодра паліваць. Для паліву і апырскванняў абавязкова выкарыстоўваюць мяккую, адстоеную, пакаёвай тэмпературы ваду. У халодны перыяд паліў можна скарачаць, даючы час ад часу зямлі падсохнуць. Калі вы заўважылі, што глеба стала павольна прасыхаць, праверце, ці не забіліся дзірачкі ў вазоне, пры неабходнасці прачысціце іх зубачысткай або ватнай палачкай.

Не трэба і заліваць вазон: ва ўсім неабходна мера, і на празмерны паліў расліна можа адрэагаваць негатыўна — гніеннем на каранях. Вызначыць, калі кветку пара паліваць, лёгка. Трэба уваткнуць у зямлю ў вазоне драўляную палачку: калі яна стане вільготнай, можна не паліваць, застанецца сухой — неабходна паліваць.

Абуцілан часам варта падкормліваць, для чаго падыдуць любыя ўніверсальныя ўгнаенні для раслін, якія цвітуць. У перыяд цвіцення лепш выкарыстоўваць фосфарна-калійныя ўгнаенні, у перыяд нарошчвання лісця — азотныя. Акрамя мінеральных, можна прымяняць гнаявую жыжку. Пасля заканчэння цвіцення падкормку можна прыпыніць.

Асвятленне

Зімой абуцілан абавязкова неабходна падсвечваць спецыяльнымі фіталямпамі, таму што ў гэтую пару года расліна не атрымлівае дастаткова натуральнага святла. А ў астатні час самае галоўнае — не дапускаць рэзкай змены асвятлення. Трывожнай прыметай з’яўляецца пабляднелае лісце абуцілана — гэта азначае, што святла яму не хапае. А калі сонца недастаткова, усе дэкаратыўныя якасці расліны страчваюцца, яна становіцца слабай і непрыгожай.

Цікавым нюансам догляду гэтай унікальнай кветкі з’яўляецца тое, што гатункі з плямістымі лісткамі трэба асвятляць не так моцна, як гатункі з аднароднымі зялёнымі. Дзякуючы невялікаму дэфіцыту святла, захоўваецца непаўторны малюнак з белых плямак на лістках.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.