Хоя, або Васковы плюшч

Хоя ўяўляе сабой трапічную вечназялёную вытанчаную ліяну, лісце якой мае васковае пакрыццё. Калі трэба азеляніць пакой, то хоя падыдзе для гэтага ідэальна, а дзякуючы свайму эфектнаму знешняму выгляду яна не толькі ўпрыгожыць памяшканне, але і зробіць яго больш утульным. Кветкаводы часта называюць такую культуру “васковым плюшчом”. Вырасціць яго ў хатніх умовах вельмі проста, бо ён адрозніваецца непераборлівасцю і непатрабавальны ў доглядзе. Даўжыня такой расліны можа даходзіць да 10 м.

Хоя — адна з нямногіх павойных раслін, якія цвітуць у хатніх умовах.

Гэтая расліна адрозніваецца сваёй абсалютнай бясшкоднасцю. Яна не з’яўляецца прадстаўніком сямейства атрутных плюшчоў. Іншыя хатнія кветкі выдатна растуць побач з хояй.

Тэмпература

Расліна развіваецца і расце ў межах нормы ў тым выпадку, калі тэмпература ў пакоі складае 20—30°С. Ёй неабходна свежае паветра, у сувязі з чым трэба рэгулярна праветрываць пакой. Пры жаданні ў цёплы час года куст можна перанесці на свежае паветра, але рабіць гэта неабавязкова. Важна аберагаць хою ад халодных скразнякоў. Паверхню ліставых пласцін трэба сістэматычна вызваляць ад пылу, а таксама праводзіць рэгулярнае апырскванне куста з пульверызатара.

Каб расліна кожны год цвіла ў летні час, узімку яе варта ўтрымліваць пры тэмпературы ад 16 да 18°С. Расліна здольна вытрымаць паніжэнне тэмпературы паветра да 15°С, але калі яна апусціцца да 10°С, то вялікая верагоднасць таго, што кусцік загіне. Зімовы час лічыцца ўмоўным перыядам спакою гэтай расліны. Калі куст быў пераахалоджаны, то яго лісце пачынае жоўкнуць і аблятаць.

Асветленасць і выбар месца

Хоя будзе цалкам нармальна расці ў невялікім зацяненні. Калі для куста выбраць падаконнік на заходнім або ўсходнім баку, то ён парадуе не толькі добрым ростам, але і пышным цвіценнем на працягу ўсяго летняга перыяду і першай паловы восені. Таксама яго можна паставіць каля сцяны ў паўднёвым пакоі. Гэтая ампельная расліна зможа аплесці ўсю сцяну цалкам, што стане непаўторным упрыгажэннем вашага дома. Аднак выбіраць трэба такое месца, дзе кветка зможа прастаяць доўгі час, бо яна вельмі негатыўна рэагуе на частыя перастаноўкі: могуць абляцець не толькі ўсе бутоны і кветкі, але і ўсе ліставыя пласціны. Хою нельга выкарыстоўваць для летняга азелянення лоджый, балконаў або веранд. Ёмістасць з кветкай не рэкамендуецца ставіць на падаконнік, таму што яна негатыўна рэагуе на прамыя промні сонца, а яшчэ на блізкасць прыбораў ацяплення ў халодную пару года.

Выбіраючы месца для такой ліяны, неабходна ўлічваць, што яе кветкі валодаюць моцным пахам, таму яе не рэкамендуецца вырошчваць у тым пакоі, дзе вы спіце.

Цвіценне

Гэтая культура аддае перавагу яркаму, але рассеянаму святлу. Калі ліяне будзе хапаць святла, то яе цвіценне будзе працяглым, пышным і эфектным. Парасткі, на якіх сфарміраваны суквецці, павінны знаходзіцца ў строга вертыкальным становішчы, для гэтага іх неабходна надзейна падпіраць. Калі куст адцвіце, доўгія сцябліны неабходна абрэзаць, пры гэтым тыя, што з кветкамі і кароценькія, павінны застацца. Таксама не варта выдаляць кветканосы, бо праз невялікі час на іх зноў сфарміруюцца бутончыкі.

Паліў

З сакавіка па кастрычнік паліў павінен быць сістэматычным і ўмераным, прыкладна 1 раз у 7 дзён. Для гэтага падыдзе толькі мяккая вада. Калі вы выкарыстоўваеце водаправодную ваду, у якой утрымліваецца хлор, то яна павінна адстаяцца на працягу сутак. За гэты час хлор паспее выпарыцца, а ўсе шкодныя прымешкі павінны выпасці ў асадак. Лішкі вады, якія застаюцца ў паддоне пасля паліву, трэба выліваць, інакш сістэма каранёў расліны можа загніць. У летні час паліў варта праводзіць тады, калі паверхня субстрату прасыхае на 10—20 мм углыб.

З надыходам лістапада паліў трэба скараціць. У гэтым выпадку хою варта паліваць праз двое-трое сутак пасля таго, як прасохне верхні пласт субстрату. Рэгулярнасць паліву ў гэты час у сярэднім 1 раз у 2 тыдні.

Купанне

Купаюць кветку двойчы на год: у вясновы час да таго, як яна зацвіце, і восенню па заканчэнні цвіцення. Для гэтага ёмістасць з раслінай неабходна пагрузіць у таз, напоўнены вадой, пры гэтым яе тэмпература павінна быць 30—40°С. Парасткі трэба выняць з вадкасці праз 7—10 мінут, пры гэтым камяк зямлі павінен заставацца ў вадзе яшчэ 30 мінут. Купанне плюшчу вясной спрыяе набліжэнню цвіцення, а яшчэ паскарэнню росту куста. Купанне ў восеньскі час спрыяе загартоўцы хоі, дзякуючы чаму яна набярэцца сіл і зможа перажыць даволі складаны зімовы перыяд.

Перасадка

Хоя адрозніваецца даволі хуткім ростам. За 12 месяцаў яе даўжыня павялічваецца на 30 см, такімі ж хуткімі тэмпамі расце і каранёвая сістэма куста. У сувязі з гэтым штогод вясной маладзенькі куст трэба перасаджваць у новую ёмістасць, на 20—30 мм большую за старую. Варта ўлічваць той факт, што калі расліне не будзе цесна ў гаршку, то гэта станоўча адаб’ецца на яе развіцці, а таксама росце, пры гэтым штогод сцёблы будуць дабаўляць па 0,3—0,5 м. Аднак калі ў ёмістасці хоі будзе цеснавата, гэта станоўча адаб’ецца на цвіценні, якое стане больш пышным. У сувязі з такой асаблівасцю, выбіраючы новы гаршчок, можна рэгуляваць рост і цвіценне куста. Калі куст ужо дарослы, то ён не мае патрэбы ў частых перасадках, дастаткова будзе праводзіць гэтую працэдуру 1 раз у 3—4 гады. Лепш за ўсё дарослая расліна адчувае сябе ў ёмістасці, якая ў дыяметры дасягае 18—20 сантыметраў.

Перасаджваючы ліяну, трэба выкарыстоўваць метад перавалкі разам з камяком зямлі. На дне гаршчка трэба зрабіць добры дрэнажны пласт, які павінен займаць 1/3 частку аб’ёму ёмістасці. Для яго стварэння можна ўзяць бітыя чарапкі або керамзіт. Калі неабходна выдаліць увесь стары субстрат і замяніць яго свежым, трэба асцярожна выдаліць з сістэмы каранёў рэшткі глебы. Затым карані варта агледзець і выразаць усе гнілыя і засохлыя ўчасткі, апрацаваць месцы зрэзаў вугальным парашком. Пасля гэтага куст можна будзе высадзіць у новую ёмістасць, якую запаўняюць свежай глебай.

Для хоі неабходны лёгкі субстрат, які добра прапускае паветра, ён можа быць нейтральным або слабакіслым (рН не вышэйшы за 6,5). Як правіла, хоя не адрозніваецца патрабавальнасцю да глебы. Можна выкарыстоўваць субстрат, у склад якога ўваходзяць торф, ліставая і дзярнова зямля, а яшчэ пясок. Яго варта змяшаць з кавалачкамі моху-сфагнуму, а яшчэ ўсыпаць невялікую колькасць драўнянага вугалю. Таксама можна выкарыстоўваць гатовую зямлю для архідэй.

Падкормка

На працягу вегетацыйнага перыяду хою неабходна падкормліваць мінеральным угнаеннем. Для гэтага можна выкарыстоўваць вадкія комплексныя ўгнаенні для архідэй і іншых цвітучых сукулентных раслін. У месяц куст дастаткова падкарміць усяго 2 разы. Інструкцыю парушаць не варта, угнаення лепш узяць крыху менш за рэкамендаваную колькасць. Калі кветка будзе перакормлена, гэта вельмі негатыўна адаб’ецца на яе дэкаратыўнасці. Нядаўна пасаджаную або перасаджаную расліну не варта падкормліваць на працягу 2—3 месяцаў, але толькі ў тым выпадку, калі куст расце ў пажыўным субстраце. Узімку ўсе падкормкі спыняюць.

Размнажэнне

Хоя размнажаецца насеннем, адгалінаваннямі, але часцей за ўсё чаранкамі.

На кожным чаранку павінна быць не менш за дзве пары лісця. Адразаюць чаранок паміж вузламі. Укараняюцца чаранкі хоі ў вадзе ці ў сумесі з торфу і пяску. Карэньчыкі з’яўляюцца праз 3—4 тыдні пры тэмпературы не ніжэйшай за 20 °C.

Сцябловыя адгалінаванні дазваляюць атрымаць цвітучую расліну ў год пасадкі. Для гэтага на парастках старой расліны робяць невялікі надрэз, абкладваюць яго вільготным мохам і пакрываюць поліэтыленавай плёнкай. Калі з’явяцца карані, гэтую частку парасткаў з каранямі зразаюць і высаджваюць у гаршчок. Можна частку сцябла раскласці на глебе ў новым гаршку і замацаваць на паверхні, укрыўшы вільготным мохам. Пасля ўкаранення аддзяліць ад мацярынскай расліны.

Для размнажэння трэба браць часткі толькі дарослых раслін, якія ўжо цвілі.

Хваробы і шкоднікі

Усе распаўсюджаныя віды хоі ўстойлівыя да шкоднікаў і хвароб, але пры дрэнным доглядзе (вельмі высокая тэмпература, занадта сухое паветра) можа пашкоджвацца шчытоўкай, чырвоным павуцінным кляшчом. Неабходна апрацаваць расліну актэлікам або іншым інсектыцыдам.

Хоі таксама пашкоджваюцца каранёвай нематодай. Таму зямлю для перасадкі абавязкова трэба прапарваць.

Магчымыя праблемы

Плямы на лістоце. Яны могуць утварыцца ад таго, што хою паліваюць халоднай вадой, або ад лішку сонечнага святла, або ад перакормкі расліны мінеральнымі ўгнаеннямі.

Лістота сохне. Ліставыя пласціны становяцца бляклымі, скручваюцца і засыхаюць або ад празмерна інтэнсіўнай асветленасці, або ад залішне халоднай вады, якая выкарыстоўваецца для паліву, або калі ў пакоі вельмі холадна.

Павольны рост. Лістота становіцца бляклай, а рост запавольваецца з-за таго, што ў субстраце ўтрымліваецца недастатковая колькасць азоту. У гэтым выпадку кусту спатрэбіцца падкормка растворам мачавіны (на 1 вядро вады 10 г).

Аблятанне лісця. Гэта можа быць звязана з тым, што ў субстраце не хапае вады або яе, наадварот, вельмі шмат, а таксама з тым, што ў пакоі вельмі горача, суха, а паліў занадта ашчадны.

Лісце становіцца чырвоным. Пачырваненне лісця можа быць звязана з празмерна інтэнсіўным асвятленнем або з тым, што ў пакоі вельмі горача.

Ападанне кветак і бутонаў. Гэта можа быць звязана з тым, што куст падчас цвіцення пераставілі на іншае месца, або з недахопам святла, або з-за рэгулярнага застою вады ў субстраце.

Гніенне каранёў. Застой вады ў субстраце, звязаны з дрэнным дрэнажом і пералівам, можа стаць прычынай з’яўлення гнілі на каранёвай сістэме. Гэта можа прывесці да гібелі кветкі.

Беднае цвіценне. Як правіла, хоя дрэнна цвіце з-за недахопу святла. Калі расліна не бачыць сонечнага святла, то яна наогул не будзе цвісці. У некаторых выпадках гэта звязана з тым, што куст недастаткова адпачыў зімой. Прахалоднае ўтрыманне зімой, бедны паліў, 2—3 месяцы без падкормак могуць справакаваць пышнае цвіценне пасля вяртання гаршка ў цёплае месца вясной. А яшчэ існуюць віды, у якіх маладыя кусты пачынаюць цвісці толькі на 2—4-ы год пасля пасадкі.

Пажаўценне і ападанне ніжніх ліставых пласцін. Пагаршаецца развіццё маладзенькіх сцёблаў, а ніжняя лістота становіцца жоўтай і аблятае з-за пераахалоджання субстрату або куста.

Люцына ГАПОНІК, 
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.