Калядная зорка

Маё знаёмства з пуансеціяй, альбо каляднай зоркай, было даволі незвычайным. У адной з устаноў на падаконніку стаяла хілая раслінка з зялёным лісцем, на верхавінцы якой размяшчаўся чырвоны хвосцік. Аказалася, што гэта пуансеція і ёй ужо некалькі гадоў. Інфармацыі па доглядзе незвычайнай кветкі ў той час было мала, і многія проста выкарыстоўвалі калядную зорку як святочны навагодні букет.

Малачай найпрыгажэйшы, або пуансеція, як правіла, расцвітае падчас каталіцкіх Каляд і ў многіх народаў лічыцца навагодняй кветкай. Зараз існуе шмат гатункаў пуансеціі з розным колерам: ружовыя, белыя, крэмавыя. Але ўсё ж чырвоная самая шыкоўная. Буйныя кветкі (дакладней, прыкветкі) рознага колеру выглядаюць вельмі эфектна, ярка, святочна.


Набываючы пуансецію, не забывайце, што родам яна з трапічнай Амерыкі, таму вельмі адчувальная да холаду і скразнякоў — старайцеся не выпрабоўваць яе падобнымі стрэсавымі ўмовамі. Расліна будзе добра адчуваць сябе ў светлым, але не вельмі цёплым месцы.

Нават калі кветкі адцвітуць, атрымаецца прыгожы дэкаратыўны кусцік. Але зараз многія кветкаводы любяць эксперыменты і, думаю, многія пажадаюць захаваць кветку да новага сезона. Для гэтага неабходна стварыць асаблівы рэжым трымання пуансеціі.

Пасля цвіцення трэба змясціць кветку на два месяцы ў халаднаватае памяшканне з тэмпературай 12—14 градусаў і паліваць вельмі рэдка, але не дапускаць перасыхання землянога камяка. У красавіку пуансецію трэба абрэзаць, пакінуўшы парасткі вышынёй 10—12 см. Рабіць гэта варта ў пальчатках, бо кветка выдзяляе атрутны млечны сок. Калі з’явяцца пупышкі, неабходна перанесці кветку ў больш цёплае месца, абавязкова з часткай старой глебы, каб не пашкодзіць карэнне. Летам расліну можна вынесці на лоджыю або ў цяністае месца на дачы.

З пачатку кастрычніка пуансеціі трэба стварыць такія ўмовы, каб яна знаходзілася ў светлым месцы не больш за 10 гадзін. Можна змясціць расліну ў цёмнай кладоўцы, а можна недзе пад вечар надзяваць на яе святлонепранікальны каўпак, а раніцай яго здымаць.


У пачатку снежня можна вярнуцца да звычайных пакаёвых умоў — і перад Новым годам зорка ярка заззяе.

Колькі слоў пра размнажэнне пуансеціі. Пачынаючы з красавіка і да кастрычніка можна зрэзаць верхавінкавы альбо бакавы чаранок, акурат пад міжвузеллем. Сам чаранок павінен мець не менш за пяць міжвузелляў. Ніжняе лісце выдаляюць, а чаранок трымаюць некаторы час пад струменем вады, каб змыць млечны сок. Потым чаранкі высаджваюць у скрыню з рыхлым грунтам, добра паглыбіўшы ў зямлю і прыціснуўшы. Затым іх паліваюць і накрываюць поліэтыленавым пакетам. Ставяць у даволі цёплае (да 25 градусаў) месца. Праз месяц, калі з’явяцца новыя лісцікі, іх можна распікіраваць у большыя ёмістасці, а ў канцы лета перасадзіць у вазоны, у якіх яны ўжо будуць цвісці. Для лепшага разгалінавання можна прышчапіць верхавінкі.

На жаль, кветка мае схільнасць да з’яўлення на ёй некаторых шкоднікаў. Так, павуцінны клешч і трыпсы могуць выклікаць пажаўценне і скручванне лісця. У такім выпадку пуансецію можна проста апырскаць вадой або прымяніць “Актэлік”, “Фітаверм”, “Інта-вір”. Шэрае гніллё гаворыць пра пераўвільгатненне і халоднае паветра ў памяшканні. У такім выпадку трэба выдаліць усе часткі расліны, пры вялікай плошчы пашкоджання апрацаваць яе “Фітавермам”.

Каб пазбегнуць непрыемнасцей са шкоднікамі, пастарайцеся набываць здаровую расліну, уважліва аглядайце яе зверху, аглядайце ніжні бок лісця. Праз адтуліну вазона не павінна пранікаць шмат карэння, а глеба не павінна мець непрыемны пах.

Прызнаюся шчыра, у мяне пакуль няма пуансеціі, але хіба гэта дрэнна — марыць пра ўпадабаную кветку? Мары павінны здзяйсняцца!