Давай мы паляцім на Месяц, там не трэба будзе рабіць урокі

Як не дапусціць канфліктнай сітуацыі ў сям’і?

Усе добра ведаюць, як часам бывае складана дамовіцца. Іншы раз здаецца, што мы размаўляем на розных мовах, адно аднаго не чуем і не разумеем. Зрэшты, так яно і ёсць. Мы сапраўды не чуем і сапраўды не разумеем…

Найбольш папулярная прычына канфліктаў “бацькі і дзеці” — праблемы ў школе (слабая паспяховасць, нежаданне рабіць дамашнія заданні, дрэнныя паводзіны дзіцяці). Другая па папулярнасці — навядзенне парадку ў доме. На трэцім месцы — дзіцячая хлусня. Асобная прычына для канфліктаў — гэта шум, які ствараюць дзеці. Многім бацькам не падабаецца гучная музыка, якую слухаюць дзеці, іх крыкі, шумныя гульні і цацкі. Таксама ў спісе найбольш частых прычын для сварак паміж бацькамі і дзецьмі стаіць нежаданне дзяцей выконваць дамашнія абавязкі і тую работу, якую ім даручаюць бацькі.

Іншы раз бацькі задумваюцца над пытаннем “Як зрабіць так, каб пазбегнуць канфліктаў?”. Адказ просты — ніяк. Канфлікты былі, ёсць і будуць. Яны — натуральны складнік узаемаадносін паміж людзьмі. Іншая справа, што можна навучыцца правільна сябе паводзіць у канфлікце.

Аказваецца, канфлікты — выдатная рэч

Канфлікты дапамагаюць нам станавіцца лепшымі, яны вучаць нас эфектыўна ўзаемадзейнічаць паміж сабой. Пры гэтым варта памятаць, што калі вы правільна адрэагавалі на сітуацыю ў пачатковай фазе канфлікту, то яго ўдасца своечасова патушыць і не давесці да цяжкай бойкі. Але калі вы ўжо ўцягнуліся і канфлікт зайшоў далёка, то выйсці з яго без урону для абодвух бакоў будзе праблематычна.

Калі ў сям’і здараюцца канфлікты, рана ці позна варта задумацца, чаму яны адбываюцца. Нічога не бывае на пустым месцы. Псіхолагі раяць разглядаць канфлікт як шлях да развіцця адносін.

У чым жа ўсё-такі сутнасць канфліктаў? Чаму яны адбываюцца?

Неабходна памятаць пра тое, што канфлікт — гэта заў­сёды сутыкненне інтарэсаў. Бытавыя канфлікты адбываюцца, як правіла, з-за таго, што некаторыя члены сям’і не могуць падзяліць час ці месца. Напрыклад, маме патрэбен камп’ютар, а дзіця ніяк не згаджаецца спыніць гульню. У наяўнасці сутыкненне інтарэсаў: маме трэба адказаць на пісьмы, а дзіцяці — дайсці да чарговага ўзроўню. Праўда, бывае і наадварот: дзіцяці трэба знайсці інфармацыю для даклада, а маме — правесці час у сацыяльных сетках. Але сутнасць ад гэтага не мяняецца. Сутыкнуліся два інтарэсы.  У выніку эмацыянальнасць і маці, і дзіцяці перапоўнілася негатывам.

Што рабіць у гэтым выпадку?

Вельмі часта здараюцца канфліктныя сітуацыі, у якіх выйграе толькі адзін, больш настойлівы. І не важна, бацькі ці дзіця, важна, каму хопіць упартасці адстаяць свае інтарэсы.

Напрыклад, маці кажа: “Зараз жа выключы камп’ютар!” ці “Зараз жа ўступі мне месца. Я колькі разоў казала не зай­маць камп’ютар! Як табе не сорамна!”.

Гэта значыць, маці лічыць, што мае права загадваць, абвінавачваць, пагражаць. Фактычна, такім агрэсіўным настроем, аўтарытарнымі паводзінамі бацькі падаюць дрэнны прыклад жорсткасці ў адносінах, грэбаваннем інтарэсамі і пачуццямі іншага чалавека. Дзіця прывучаецца думаць так: “Заўсёды ­дабівайся таго, што хочаш ты, не зважаючы на пажаданні іншага”. І праз нейкі час бацькі здзіўляюцца, чаму іх дзіцяці напляваць на думку іншых людзей і на думку саміх бацькоў.

Бывае іншы варыянт: бацькі мякка, але настойліва праціскаюць сітуацыю, маніпулюючы дзіцем: “Ну, калі ласка, дарагі, мне вельмі патрэбна, ну ты ведаеш… Ты ж любіш маму…” Гэтак жа іншы раз паводзіць сябе і дзіця. І таксама дабіваецца свайго.

Вынік атрымліваецца такі ж безнадзейны, хоць і проці­леглы. Калі маніпулююць бацькі, дзіця разумее, што ўсё роўна давядзецца рабіць так, як скажуць бацькі. І ў тым, і ў другім выпадку нічога добрага не атрымаецца: дзеці вырастаюць ці агрэсіўнымі, ці пасіўнымі.

Ёсць яшчэ адзін спосаб рэагавання ў канфлікце, калі таксама выйграе толькі адзін бок. Бацькі выступаюць у ролі пацыфістаў, якія лічаць, што дрэнны мір лепш, чым добрая сварка, і ва ўсім саступаюць свайму дзіцяці. Імі рухае жаданне дасягнуць міру любымі сродкамі. “Ну вось, я ж для іх усім ахвяравала, затое потым будзе каму шклянку вады паднесці”. На жаль, гэта вялікая памылка, бо пры такой бацькоўскай пазіцыі дзеці вырастаюць звышэгаістычнымі. Дзеці ў такой сям’і сталеюць з думкай, што важныя толькі іх уласныя інтарэсы і жаданні.

А ці ёсць варыянты, у якіх выйграюць абодва бакі — і баць­кі, і дзеці? Ёсць, і зараз мы адзін з такіх варыянтаў разгледзім.

Каб дасягнуць узаемаразумення пры сутыкненні інтарэсаў, бацькам варта зрабіць некалькі наступных крокаў.

Пачнём з праяснення канфліктнай сітуацыі. Напрыклад, маці можа сказаць: “Я пачынаю моцна нервавацца, бо мне тэрмінова трэба адказаць на пісьмы”. Пасля чаго маці неабходна ўзяць паўзу для таго, каб дзіця магло сабрацца з думкамі і адказаць.

Заўважым, што эфектыўнага вырашэння канфліктнай сітуацыі можна дасягнуць, толькі грунтуючыся на тэхніках актыўнага слухання і “Я”-паведамлення”. Такім чынам, вы апісваеце дзіцяці сітуацыю, паведамляеце яму, што, з вашага пункту гледжання, адбываецца, што вас у гэтай сітуацыі хвалюе, што выклікае ў вас негатыўныя пачуцці.

Абавязкова трэба сказаць, што вы адчуваеце адносна таго, што адбываецца. Напрыклад: “Я вельмі нервуюся, калі дзеці позна кладуцца спаць з-за таго, што своечасова не зрабілі ўрокі”. Пасля гэтага крыху памаўчыце. Дайце дзіцяці магчымасць выказацца. Трэба пераканацца ў тым, што яно вас чуе і вы яго чуеце.

Далей прымяняецца актыўнае слуханне: “Так, мой харошы, я разумею, што табе няпроста засяродзіцца, вельмі шмат спакусаў і забаў”. І вось ужо знікла вастрыня канфлікту. І тое, што бацькамі ўспрымаецца як упартасць, можна пачынаць разглядаць як праблему, вартую ўвагі.

Напрыклад, дзіця кажа: “Ведаеш, мама, мне вельмі складана, я хачу пагуляць, я разумею, што трэба зрабіць урокі, але мне вельмі цяжка адарвацца ад гульняў, ад камп’ютара. Мне вельмі цяжка сябе прымусіць”.

Цяпер ваша чарга паведаміць дзіцяці пра сваё жаданне і спытаць яго думку аб вырашэнні сітуацыі: мне б хацелася гэта, гэта і гэта, я папрасіла б цябе зрабіць так, так і так; як ты на гэта глядзіш і што ты пра гэта думаеш?

Пытанне пра тое, што дзіця думае, вельмі важнае, гэта дазволіць яму адчуць сваю значнасць і ўзяць на сябе част­ку адказнасці па вырашэнні канфлікту. Дарэчы, нягле­дзячы на існуючую думку пра дзіцячую безадказнасць, на самай справе дзеці вельмі любяць, калі дарослыя даюць ім магчымасць узяць адказнасць за тое, што адбываецца, на сябе.

Другі крок — збор прапаноў па вырашэнні канфлікт­най сітуацыі. Пажадана пачаць яго з пытання “Як жа нам быць?”. Як толькі вы яго задалі, зноў вазьміце паўзу. Не імкніцеся ўсё вырашаць самі. Можа, вы ведаеце, як лепш зрабіць, у вас напагатове некалькі варыянтаў вырашэння сітуацыі, але дзіця — гэта не той чалавек, перад якім трэба бліскаць кемлівасцю. Дзіця вам не сапернік. Яно толькі вучыцца быць кемлівым, у яго іншыя тэмпы і магчымасці мыслення. Улічвайце яго ўзроставыя асаблівасці, дайце яму сабрацца з думкамі.

Першыя прапановы заўсёды павінны ісці з вуснаў дзіцяці. І толькі потым вы можаце прапаноўваць свае варыянты. Прытым рабіце гэта спакойна, не імкніцеся ўсім сваім выглядам паказаць, што ваш варыянт, несумненна, значна лепшы.

Не палянуйцеся, вазьміце аркуш паперы і запішыце ўсе варыянты (і вашы, і дзіцяці). Збор прапаноў — гэта вельмі сур’ёзны занятак. Ні ў якім выпадку на этапе збору прапаноў не крытыкуйце прапановы, якія паступаюць (ні свае, ні вашага дзіцяці), нават калі яны пададуцца вам абсурднымі. Дзіця развіваецца і мае права фантазіра­ваць як заўгодна. Цалкам магчыма, што менавіта дзіця падасць нестандартную, цікавую і прымальную ідэю.

Напрыклад: “Давай мы паляцім на Месяц, там не трэба будзе рабіць урокі”.

Ці: “Там, на Месяцы, кінем школу ўвогуле, таму што на Месяцы няма школ, таму што там дзеці ад нараджэння ўсё ведаюць і ўмеюць”.

Ці: “Сядаць за ўрокі ў 4 гадзіны па сігнале будзільніка”.

Проста запішыце ўсё, што было сказана на этапе збору прапаноў.

Як толькі набярэцца 5—6 прапаноў, можна спыніцца.

Трэці крок — ацэнка прапаноў і выбар найбольш прымальнага варыянта.

Вось тут вы і пачняце аналізаваць. Не крытыкаваць, а менавіта аналізаваць. Адчуйце розніцу.

Напрыклад: “Слухай, брацца за ўрокі ў 9 гадзін вечара немагчыма. Па-мойму, пры ўсім жаданні не атрымаецца зрабіць іх цалкам і якасна, ды і цяп-ляп не атрымаецца, таму што ў гэты позні час табе ўжо трэба класціся спаць”.

І так ацэньвайце кожны пункт, але зноў жа прапановы дзіцяці аналізуюцца вельмі беражліва, без ценю грэбавання. Разважаць варта з пазіцыі “прымальна — непрымальна”, па-дзелавому, без эмоцый.

Далей вы робіце чацвёрты крок — дэталізуеце прынятае рашэнне. Дапусцім, сумеснымі намаганнямі вы прыйшлі да высновы, што дзіця ўжо настолькі дарослае, што яно можа самастойна ўставаць, разаграваць сабе снеданне і ісці ў школу. Самога рашэння для гэтага мала. Трэба дакладна вызначыць, як усё будзе адбывацца на справе. Для гэтага неабходна навучыць дзіця прачынацца па будзільніку, карыстацца плітой, правяраць свае рэчы, якія трэба ўзяць з сабой, замыкаць дзверы. Каб усё атрымалася, трэба разам з дзіцем прарэпеціраваць пад’ём па званку будзільніка, разаграванне снедання, замыканне дзвярэй ключом і інш.

Наступны, пяты, крок — гэта выкананне рашэння і праверка. Напрыклад, калі вы прынялі сумеснае рашэнне, што ваша дзіця ідзе ў школу самастойна, то можна на наступны дзень спытаць яго: “Ну, як у цябе атрымалася, як ты справіўся, ці былі нейкія цяжкасці?”

Дапусцім, дзіця вам кажа: “Слухай, мама, мне было вельмі цяжка ўставаць. Ці не магла б ты дапамагчы мне ў гэтым, калі я сам не ўстану, штурхнуць мяне разок? Ці паставіць два будзільнікі: адзін — на 8 раніцы, другі — на 8.10? Я баюся праспаць”.

Такім чынам, пры абмеркаванні выкананага рашэння дзіцяці даецца магчымасць самому сказаць, як усё прайшло, што атрымалася добра, што выклікала цяжкасці. Цяпер яно самастойна можа выказаць новыя прапановы, якія дапамогуць скарэкціраваць прынятае рашэнне, калі яно нечым не падышло.

Не трэба “тыкаць носам” у тыя недахопы, якія ўзні­каюць у дзіцяці. Гэта нармальна, калі нешта не атрымліваецца з першага разу. Але няхай дзіця пра гэта скажа само, а не вы ўкажаце на яго агрэхі, ды яшчэ і ва ўлюбёнай бацькамі насмешлівай манеры.

А цяпер яшчэ адна маленькая бацькоўская хітрасць. Паспрабуйце задаць пытанне “Чым я магу табе дапамагчы? Табе патрэбна мая дапамога ці не?”. Цалкам магчыма, дзіця скажа: “Не, мама, я сам збяруся, усё зраблю, у мяне атрымаецца”. Цудоўна! Значыць, груз адказнасці вашаму дзіцяці па плячы. Пасля гэтага вы можаце расслабіцца.

Калі дзіця скажа, што дапамога патрэбна, абмяркуйце, чым менавіта вы можаце дзіцяці дапамагчы так, каб не вярнуцца на зыходныя пазіцыі: каб вы не сталі зноў будзіць дзіця, разаграваць снеданне, правяраць, ці сабраны яго рэчы, і замыкаць за ім дзверы.

Ці вы, ці дзіця можаце прапанаваць штосьці іншае. Напрыклад, дзіцяці хочацца, каб мама пацалавала яго перад адыходам, пакінула снеданне на пэўнай паліцы халадзільніка, памахала яму рукой з акна. Не трэба пазбаўляць дзіця праяўленняў любові і разумнага клопату, нават калі яно хоча навучыцца быць самастойным і адказным.

Вось, бадай, і ўсё пра тое, як вырашаць прасцейшыя канфлікты паміж бацькамі і дзецьмі. Проста, ці не так?

З першага разу можа і не атрымаецца. Ну і нічога страшнага. Вы ж мудрыя бацькі. Вы стараецеся зрабіць свайму дзіцяці як мага больш добрага, таму вы абавязкова справіцеся.

Настасся ТАРУЦІС,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі
ГДУ імя Ф.Скарыны, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля.