Клівія — гэта хатняя вечназялёная расліна без сцябла з доўгім цёмна-зялёным лісцем. Несапраўднае сцябло ўтворана з прыкаранёвых лістоў, якія шчыльна ахопліваюць адзін аднаго. Назву раслінам гэтага роду даў батанік Джон Ліндлі. Кветка атрымала імя ў гонар герцагіні Шарлоты Клайв — гувернанткі будучай каралевы Вікторыі, якая захаплялася кветкаводствам. А адну з разнавіднасцей называлі клівіяй Гардэна, па імені маёра Роберта Гардэна, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя знайшоў новы від і прывёз яго ў Еўропу.
Клівія належыць да сямейства Амарылісавых. У прыродных умовах яна расце ў вільготных субтрапічных лясах Паўднёвай Афрыкі.
Месцазнаходжанне і асвятленне
Клівія — даволі святлолюбівая расліна. Пажадана размясціць яе на акне, якое выходзіць на заходні ці на ўсходні бок, ці побач з ім. Калі размясціць клівію каля паўднёвага акна, то лісце можа атрымаць сонечныя апёкі. Таму абавязкова абараняйце расліну ад прамых сонечных прамянёў у гарачыя летнія дні. З паўночнага боку клівія можа не зацвісці з-за недахопу асвятлення. Пры размяшчэнні вазона з кветкай у паўцені кветканос развіваецца слабым і кароткім, а кветкі будуць вельмі дробнымі. Калі ёсць магчымасць, выносьце клівію на балкон ці лоджыю ў цёплыя сонечныя дні.
Тэмпературны рэжым
Аптымальная тэмпература з моманту з’яўлення кветканоса — 17—20 °С. На працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду пажадана ўтрымліваць тэмпературу ў памяшканні ў дыяпазоне 19—26°С. У перыяд спакою аптымальнай будзе тэмпература 12—15°С.
Паліў
Расліна не любіць празмернага ўвільгатнення, таму паліў патрэбны ўмераны. Увільгатняйце глебу толькі пасля таго, як высахне верхні пласт субстрату ў ёмістасці. Клівія “папярэдзіць”, калі вы перастараліся з палівам: кончыкі ліставых пласцінак набудуць бурае адценне, а аснова пачне гніць. У гэтым выпадку перастаньце паліваць расліну, а калі грунт цалкам высахне, пачніце паліваць па правілах.
Увільгатняйце субстрат адзін раз на тыдзень мяккай адстоянай вадой. У час утварэння бутонаў колькасць паліваў трэба павялічыць. Не дапускайце празмернай вільгаці, калі вада пры паліве з’явілася ў паддоне, абавязкова выліце яе.
Вільготнасць паветра для клівіі не прынцыповая. Таму апырскваць яе з пульверызатара не трэба. Тым не менш расліна адгукаецца на выдаленне пылу з лісця вільготнай анучкай. Прыкладна адзін раз за лета можна мыць клівію пад душам.
Каб клівія цвіла ярка і шчодра, ёй патрабуецца вялікая колькасць як мінеральных, так і арганічных рэчываў. Чаргуйце ўнясенне рознага віду ўгнаенняў кожныя два тыдні ў час вясенне-летняга перыяду. Апошнюю падкормку рабіце за месяц да перыяду “сну” — у пачатку верасня.
Дабаўляйце ўгнаенні ў ваду для паліву.
Добры вынік дае прымяненне комплексных угнаенняў для раслін, якія цвітуць, напрыклад “Фертыка” ці “Агрыкола”. Для ўнясення ў грунт арганічных рэчываў падыдзе прэпарат “Біягумус”. Дабаўляйце некалькі кропель угнаення ў вадкай форме ў ваду для паліву ці чайную лыжку ўгнаенняў у гранулах на 2 літры вады (канцэнтрацыя розных прэпаратаў адрозніваецца, таму прытрымлівайцеся інструкцыі, пазначанай на ўпакоўцы). Уносьце ўгнаенні толькі ў вільготную глебу, інакш можна спаліць далікатныя карані клівіі.
Перасадка
Клівія не вельмі добра пераносіць перасадку, таму лепш за ўсё рабіць гэтую працэдуру спосабам перавалкі.
- Асцярожна. Не разбураючы земляны камяк, выміце кветку з вазона разам з земляным камяком (страсаць грунт і прамываць карані не трэба). Пастаўце ў новую ёмістасць з добрым дрэнажом і засыпце пустоты пажыўным грунтам. Перавалку трэба рабіць, калі ўсе карэньчыкі клівіі здаровыя і не трэба выдаляць часткі, якія падгнілі.
- Адміранне каранёў з’яўляецца натуральным працэсам для клівіі, таму пры перасадцы можна заўважыць падгніўшыя карэньчыкі. Адрэжце іх чыстым нажом, апрацуйце марганцоўкай (патрымайце карані 15 мінут у слаба-ружовым растворы) і прыпудрыце тоўчаным актываваным вугалем.
- На дно вазона насыпце пласт керамзіту, жвіру ці бітай цэглы. Пласт дрэнажу павінен быць даволі вялікім (4—5 см), каб у ёмістасці не застойвалася вада, што згубна для клівіі.
- Для паспяховага вырошчвання прыгажуні клівіі неабходны слабакіслы субстрат (рН каля 6). Глебасумесь можна скласці самастойна. Вазьміце дзярновую ці ліставую зямлю (2 часткі), дабаўце 1 частку верхавога торфу, 1 частку перагною. Пакладзіце ў субстрат суперфасфат (2 ст. лыжкі на вазон аб’ёмам 5 літраў). Для рыхласці можна дабавіць вермікуліт. Усе інгрэдыенты старанна перамяшайце.
- Для клівіі таксама падыдзе гатовая слабакіслая глебасумесь, якая прадаецца ў спецыялізаваных садовых магазінах (паказчык кіслотнасці грунту пазначаецца на ўпакоўцы). Можна выкарыстоўваць для пасадкі клівіі гатовы грунт для амарылісавых, падыдзе таксама субстрат для архідэй. Грунт для клівіі патрабуецца лёгкі, рыхлы і паветрапранікальны.
- Насыпце невялікі пласт грунту на дрэнаж і размясціце расліну. Вельмі асцярожна выраўнуйце карані і засыпце глебай, злёгку яе прымінаючы. Грунт злёгку ўвільгатніце і пакіньце клівію без паліву на 2 тыдні.
- Прынёсшы клівію дадому з магазіна, перасаджваць кветку адразу не варта. Зніміце невялікую частку субстрату зверху і насыпце свежы пажыўны грунт.
Праблемы, якія ўзнікаюць пры вырошчванні клівіі
Няма цвіцення — дрэннае асвятленне, вельмі высокая тэмпература ці недастаткова доўгі перыяд спакою.
Бурэнне кончыкаў лісця — адбылося пераўвільгатненне клівіі.
Адсутнасць кветканоса, дзетак ці выцвілае лісце — адсутнасць ці дрэнная падкормка.
Кароткі кветканос — недастатковы паліў.
З’яўленне белых плям на лісці — вынік сонечных апёкаў.
Цвіценне
Для атрымання шчодрага цвіцення неабходны перыяд спакою на працягу 1—2 месяцаў. Расліна сама падкажа, калі ён скончыўся: клівія выкіне кветканос. Гэты момант нельга прапусціць, таму што для клівіі, якая цвіце, неабходна стварыць дадатковыя ўмовы.
Па-першае, павялічце тэмпературу да + 20°С. Па-другое, трэба павялічыць колькасць і аб’ём паліваў, не дапускаючы застою вады. Клівія не любіць, каб яе турбавалі, паварочвалі ці перастаўлялі ў перыяд цвіцення. Таму ўсе пералічаныя працэдуры трэба зрабіць да пачатку з’яўлення бутонаў.
Клівія, як правіла, зацвітае ў студзені ці лютым, цвіценне доўжыцца прыблізна 3—4 тыдні.
Калі цвіценне так і не настала ці рост кветканоса спыніўся, значыць, вы не забяспечылі вашай прыгажуні прахалоду і паўцень у перыяд “сну”. Перастаўце клівію на месяц у халаднаватае цяністае месца, і яна можа зацвісці нават вясной. У гэтым годзе зацвіла ў мамы ў канцы мая і выпусціла 2 кветканосы. Цвіце 2 разы на год.
Другой прычынай адсутнасці цвіцення з’яўляецца вельмі прасторная ёмістасць, у якую пасаджана клівія. Пачакайце, калі яе карані цалкам аплятуць земляны камяк, і расліна абавязкова парадуе вас шчодрым цвіценнем, але ўжо ў наступным сезоне.
Калі клівія адцвіце, абрэжце кветканос і стварыце расліне яшчэ адзін невялікі перыяд адпачынку, перанясіце яе ў халаднаватае, але светлае месца, напрыклад, на зашклёную лоджыю. З надыходам вясны пачніце падкормліваць расліну. Месца для ўтрымання клівіі ў гэты час павінна быць цёплым з тэмпературай прыблізна + 25°С.
Будзьце асцярожныя!
Клівія — атрутная расліна. Карані і лісце нельга ўжываць унутр. Не стаўце клівію ў пакоі, калі ў вас маленькае дзіця, якое ўсё спрабуе на смак.
Размнажэнне
Асноўнымі спосабамі размнажэння клівіі з’яўляюцца вегетатыўны (аддзяленне дзетак) і насенны. Першы прыём намнога прасцейшы. Да таго ж магчыма атрымаць маладую расліну, якая цвіце, ужо на наступны год. Але ў насеннага метаду размнажэння таксама ёсць перавага. Раслін атрымліваецца больш, а пасадачны матэрыял атрымліваецца больш здаровым і менш схільным да хвароб.
Размнажэнне бакавымі атожылкамі (дзеткамі)
- У час актыўнага росту кветка нарошчвае некалькі дзетак, якія можна аддзяліць ад мацярынскай расліны пры перасадцы. У момант аддзялення дзетак ад матачніка трэба, каб на іх было 3—4 лісткі.
- Выміце клівію з вазона і старанна прамыйце карані ў цёплай вадзе. Рабіце гэта асцярожна, таму што мясістае карэнішча даволі ломкае. Чыстым нажом, нажніцамі ці секатарам адрэжце частку карэнішча з дзеткай.
- Зрэз прыпудрыце тоўчаным актываваным вугалем. Калі на мацярынскай расліне ёсць падгніўшыя карані, апрацуйце іх, апусціўшы ў слабы раствор марганцоўкі на чвэр ць гадзіны.
- Пасадзіце дзеткі ў невялікія вазончыкі (падыдуць пластыкавыя ёмістасці аб’ёмам 200 мл) і пастаўце ў цёплае і добра асветленае месца. Даглядайце саджанцы таксама, як і дарослыя расліны. Упершыню дзеткі зацвітуць праз 2 сезоны.
Насенны метад размнажэння
- Клівія завязвае насенне (ягады), пры гэтым для іх атрымання патрабуецца пераапыліць кветкі дзвюх раслін. Робіцца гэта пры дапамозе мяккага пэндзля ці ватнай палачкі. Раніцай злёгку правядзіце пэндзлем па тычынках, а потым памажце пылком тычынкі другой расліны.
- Калі кветкі пераапыліліся, то з’явіцца зялёная завязь. Паспяваючы, ягады набываюць аранжавае ці чырванаватае адценне і становяцца мяккімі навобмацак. Насенне выспявае доўга (да 10 месяцаў), таму набярыцеся цярпення.
- Каб не страціць насенне, абвяжыце ягады сетачкай. Насенне клівіі знаходзіцца ўнутры ягад.
- Атрыманае насенне прарасціце. Пакладзіце яго на вільготны ватны дыск і накрыйце зверху другім. Пастаўце ёмістасць з насеннем у цёплае месца.
- Насенне клівіі, якое прабілася, пасадзіце на глыбіню 1 см у неглыбокую міску з сумессю торфу і пяску.
- Можна высадзіць і непрарошчанае насенне, але першыя ўсходы ў гэтым выпадку з’явяцца толькі праз 6 тыдняў пасля пасадкі.
- Грунт з насеннем перыядычна рабіце вільготным. Не дапускайце перасыхання і не залівайце.
- Пры з’яўленні першага лістка пікіруйце сеянцы ў асобныя ёмістасці. Трымайце маладыя расліны ў цяпле круглы год (першыя 4 сезоны перыяд адпачынку даваць яшчэ слабым раслінам не трэба).
Перыяд спакою
На зімовы перыяд клівіі важна стварыць умовы для адпачынку. У гэты час можна вынесці вазон з кветкай за зашклёную лоджыю ці ў іншае халаднаватае памяшканне. Галоўнае, каб тэмпература паветра не была ніжэй за +12°С, інакш расліна можа загінуць.
Чым старэйшая клівія, тым больш часу для адпачынку ёй патрэбна. Маладым раслінам дастаткова адпачываць 2 месяцы — з канца верасня па лістапад. Калі ўзрост кветкі перавысіць 5 гадоў, перыяд спакою трэба павялічыць. З гэтага моманту клівіі неабходны адпачынак увесь асенне-зімовы перыяд — з сярэдзіны верасня да пачатку лютага.
Перыяд адпачынку заканчваецца пры з’яўленні кветканоса.
Клівію, якая адцвіла, лепш перанесці на свежае паветра — балкон ці сад. Месца для расліны павінна быць цяністым і бязветраным.
Калі хочаце дабіцца ад расліны паўторнага цвіцення ў гэтым годзе, пасля невялікай перадышкі на прыродзе клівію варта аднесці ў малаасветленае месца і перастаць угнойваць, а таксама зменшыць паліў да 1 разу на месяц. Лісце можа пачаць жаўцець, але ў гэтым няма нічога страшнага. Прыкладна праз месяц чакайце з’яўлення новай стрэлкі.
Дабіцца цвіцення 2 разы на год можна толькі ад дарослай і здаровай расліны.
Хваробы і шкоднікі
Шкоднікі рэдка назаляюць клівіі, але каб з імі справіцца, важна своечасова заўважыць пачатак атакі і не даць ім распладзіцца. Самыя распаўсюджаныя ворагі клівіі — шчытоўкі і мучністыя чарвяцы, гнілі.
Шчытоўка, яна ж шчытавая тля, мае ахоўны воскападобны шчыток, які абараняе цела шкодніка. Дарослая тля нерухомая, а вось лічынкі могуць распаўзціся па ўсёй кветцы.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.