Барацьба з недахопамі павінна прыносіць поспех

Паняцце аб ідэальнай прыгажосці заўжды было розным. Для таго каб адпавядаць вызначаным стандартам, жанчыны ішлі на многае. Напрыклад, у Кітаі на працягу 1000 гадоў існавала варварская традыцыя бінтаваць ногі — ідэальнай лічылася маленькая ступня. А ў некаторых народаў Эфіопіі неад’емнай часткай культуры і дагэтуль лічыцца шраміраванне. Нягледзячы на тое, што гэты працэс вельмі балючы, маленькім дзяўчынкам нават не дазваляюць плакаць, таму што слёзы лічацца сорамам.

Сёння таксама існуюць свае стандарты прыгажосці, але дасягаюцца яны не такімі жорсткімі метадамі. Пра тое, якім спосабам у доглядзе за сабой аддаюць перавагу жанчыны, як даглядаць за скурай твару і заставацца доўга маладой, расказала ўрач-касметолаг І катэгорыі Ядвіга Яўгенаўна ТРАЦЭНКА, якая спецыялізуецца на ін’екцыйнай касметалогіі.


— Ядвіга Яўгенаўна, якія памылкі робяць маладыя дзяўчаты ў доглядзе за скурай твару?

— Я маю багаты вопыт работы дэрматолагам, таму не па чутках ведаю, з якімі праблемамі сутыкаецца моладзь і якія тыповыя памылкі робяць дзяўчаты ў доглядзе за скурай твару. Такім чынам, першай памылкай з’яўляецца тое, што яны выкарыстоўваюць крэм для твару, а таксама іншую касметыку, якая па ўзросце ім не падыходзіць. Яшчэ адным грубым парушэннем, з-за якога пакутуе наша скура, з’яўляецца няправільнае яе ачышчэнне. Маладой скуры не патрэбны дадатковыя ўздзеянні. Калі яна знаходзіцца ў добрым стане, для догляду хопіць лёгкіх крэмаў, якія накіраваны на тое, каб пазбавіць вас ад пачуцця сцягнутасці, і лёгкага ачышчэння. Скура мае гідраліпідную мантыю, якая выконвае абаронную функцыю. Парушаючы яе, мы парушаем асноўныя абмены ў скуры. Карацей кажучы, парушаецца бар’ер, які перашкаджае пападанню ў скуру шкодных агентаў, якія не павінны туды трапляць. Менавіта з-за гэтага на твары з’яўляюцца раздражненні, пачырваненні, лушчэнні. З’яўленне пігментацыі, няроўны загар — гэта таксама наступствы парушэння гідраліпіднага бар’ера. Такім чынам, асновай правільнага догляду з’яўляюцца прымяненне тых сродкаў, якія не ўтрымліваюць у сваім складзе спірту і мыла.

— Часта ў маладых людзей сустракаецца такая праблема, як акнэ. Як можна вылечыцца ад гэтага недахопу?

— У доглядзе за скурай, якая пакутуе ад гэтай праблемы, патрабуюцца спецыяльныя сродкі. Але перш за ўсё неабходна кансультацыя спецыяліста, супрацоўніцтва з касметолагам, які будзе сачыць за тым, на што і як рэагуе ваша скура. Гэта неабходна для таго, каб падабраць максімальна камфортны салонны догляд, які пасля будзе магчыма працягваць дома. Толькі ў такім выпадку можна дасягнуць станоўчых жаданых вынікаў. У адваротнай сітуацыі, калі дзяўчына, якая не мае ведаў у галіне касметалогіі, будзе самастойна спрабаваць на сабе дзеянне тых ці іншых сродкаў, гэта можа прывесці да нечаканай рэакцыі.

Справа ў тым, што акнэ — гэта спадчыннае захворванне, якое абумоўлена шэрагам прычын, сярод якіх няправільнае харчаванне, “паломкі” ў генах, гарманальны збой. Усё гэта вельмі моцна ўплывае не толькі на скуру, але і ўнутранае здароўе. Апошнім часам з’яўляецца шмат публікацый наконт таго, што салодкае не шкодзіць скуры. Як касметолаг і дэрматолаг магу сказаць, што салодкае адмоўна ўплывае на наш арганізм. Цукеркі, шакалад і ўсё, што ўтрымлівае цукар, мяняе рH-баланс скуры і з’яўляецца пускавым фактарам шматлікіх захворванняў. Праблемы са страўнікава-кішачным трактам, хваробы печані, наяўнасць грыбоў Сandida, якія выдзяляюць таксіны і мяняюць мікрафлору — гэта ўсё вынікі няправільнага харчавання. І гэтыя вынікі ў першую чаргу “вылазяць” на твары.

— З якімі праблемамі да вас часцей за ўсё звяртаюцца маладыя жанчыны? Ці існуе ўзроставы парог, калі неабходна больш пільна сачыць за скурай твару, у тым ліку пры дапамозе ін’екцыйных методык?

— Усе касметолагі займаюцца ін’екцыйнымі методыкамі. Але так склалася, што да мяне часцей за ўсё прыходзяць жанчыны, якія дасягнулі сярэдняга ўзросту. Для мяне гэта 35 гадоў — той парог, калі жанчына павінна працаваць з касметолагам у плане падтрымання сваёй прыгажосці. Але зноў жа, усё залежыць ад генетыкі. Ёсць жанчыны, якім 40—45 гадоў, а яны не маюць патрэбы ні ў якіх працэдурах. Ім дастаткова аказаць псіхалагічную дапамогу, і яны будуць і далей квітнець. А ёсць дзяўчыны, якія ў 27 гадоў маюць такія праблемы, з якімі страшна сутыкацца ў 35. У мяне была пацыентка, у якой у 25 гадоў ужо былі вельмі жорсткія маршчыны вакол вачэй. Гэта індывідуальная асаблівасць скуры. І менавіта з-за гэтага дзяўчыне ў такім узросце ўкалолі батулатаксін. Яшчэ варта сказаць пра наступны фактар. Ёсць жанчыны, якія хочуць мяняць сваю знешнасць, падтрымліваць прыгажосць скуры, калі бачаць, што яна патрабуе прафесійнага догляду. А ёсць такія, хто нічога не хоча мяняць. Гэта звязана з асабістым светаўспрыманнем, пэўнымі перакананнямі, уласным разуменнем прыгажосці і ўпэўненасцю ў тым, што ў знешнасці ўсё павінна быць натуральным, без штучнасці. Менавіта такім жанчынам, як правіла, камфортна жыць з самімі сабой, яны любяць сваё цела, вагу, узрост, маршчыны. А ёсць тыя, хто ўвесь час змагаецца з нейкімі недахопамі, і гэта прыносіць поспех.

Такім чынам, калі пачынаем гаварыць пра антыўзроставы догляд, пра крэмы, маскі і іншыя лёгкія працэдуры, можна пачынаць тады, калі самі гэтага жадаеце. Таму што гэта ў першую чаргу дорыць псіхалагічную разгрузку. Разгледзім такі прыклад. 25-гадовая дзяўчына з’ездзіла на мора, а па вяртанні ў яе пачала лупіцца скура. Чаму б у такім выпадку не схадзіць да спецыяліста, які дапаможа справіцца з недахопам? Да касметолага трэба ісці тады, калі ў вас ёсць жаданне. Ваша скура атрымае ўвільгатненне, гідратацыю, будуць зроблены доглядавыя працэдуры, якія пазбавяць твар ад лішняй тлустасці ці сухасці. Акрамя гэтага, у касметалогіі выкарыстоўваюцца масажныя тэхналогіі. Калі ваша цела схільна да ацёкаў, можна зрабіць лімфадрэнажны масаж.

— Які базавы набор для комплекснага догляду павінен быць у тых, каму за 30?

— Пачнём з таго, што касметыку ні ў якім разе нельга дзяліць на добрую ці дрэнную. Трэба гаварыць пра тое, падыходзіць вашаму тыпу скуры пэўны касметычны сродак ці не. Скура можа па-рознаму рэагаваць на складнікі таго ці іншага сродку. Бывае так, што кліенткам добра пасуе танная касметыка, а ёсць і такія дзяўчаты, у якіх здараюцца алергічныя рэакцыі на дарагую прэміяльную касметыку. Часта задаецца пытанне, якую касметыку падабраць. Але проста так нешта параіць немагчыма, таму што можа з’явіцца алергія, гэта вельмі непрадказальная з’ява. Менавіта па гэтай прычыне варта працаваць разам з касметыкам, які ведае асаблівасці вашай скуры, дапаможа вызначыцца з выбарам доглядавых сродкаў і прасочыць за індывідуальнай рэакцыяй.

— Сёння існуе шмат хімічных пілінгаў, якія заяўляюцца як альтэрнатыва салоннаму догляду. Ці так гэта? І як часта імі можна карыстацца?

— Кіслотныя пілінгі — гэта вельмі эфектыўныя сродкі. Калі параўноўваць хатнія і салонныя доглядавыя працэдуры, яны будуць абсалютна рознымі. У сродках для хатняга карыстання не можа быць такой колькасці кіслаты, як у тых прэпаратах, што выкарыстоўваюць салоны. Хатні догляд больш ашчадны, лёгкі, але гэта не значыць, што ён неэфектыўны і не дасць выніку. Вынік абавязкова будзе, проста ў хатніх умовах варта выкарыстоўваць альтэрнатыўныя пілінгі больш часта. Калі будзеце гэта рабіць, эфект не прымусіць сябе чакаць. Скура будзе лушчыцца, а значыць, пачне хутчэй аднаўляцца, колер твару стане больш роўным. І нават ліпідная мантыя будзе станоўча рэагаваць на кіслае пілінгавае асяроддзе. Дарэчы, калі пакутуеце ад акнэ, вельмі карысна прымяняць пілінгі. Дзякуючы ім усе застойныя з’явы, якія адбываюцца ў гэтым выпадку ў скуры, будуць хутчэй разыходзіцца. Што тычыцца колькасці штотыднёвых пілінгавых працэдур, усё залежыць ад таго, якая канцэнтрацыя кіслаты ў прэпараце. І заўжды варта прытрымлівацца рэкамендацый па выкарыстанні. Але я магу сказаць наступнае. Калі скура ў вас тлустая і порыстая, а ў інструкцыі напісана, што трэба прымяняць пілінг 1 раз у тыдзень, можаце рабіць яго і 2 разы. Калі ж скура тонкая і сухая, а ў рэкамендацыях напісана, што прымяняць трэба 2 разы на тыдзень, лепш зрабіць працэдуру 1 раз. Але зноў жа ўсё індывідуальна, і тое, як падабраць усё для сябе, вызначыць толькі касметык. Не абавязкова пастаянна хадзіць на працэдуры, можна проста 1 раз пракансультавацца, каб вызначыцца з асаблівасцямі хатняга догляду.

Разглядаючы пілінг як адзін з варыянтаў догляду, варта адзначыць, што ён з’яўляецца вельмі актыўнай і самадастатковай працэдурай, якая прыносіць добры вынік. Тым не менш ва ўмовах салона спалучэнне пілінгу з іншымі касметалагічнымі працэдурамі, напрыклад, з мезатэрапіяй і біярэвіталізацыяй даюць проста найцудоўнейшы эфект. Дзякуючы сумяшчэнню гэтыя працэдуры дазваляюць атрымаць добры ліфтынгавы эфект.

Мезатэрапія — гэта ін’екцыі, пры якіх скура насычаецца шматлікімі вітамінамі, амінакіслотамі. Розніца паміж крэмам і ін’екцыяй у тым, што крэм не настолькі глыбока пранікае ў скуру. А біярэвіталізацыя наадварот жывіць скуру і эфект адразу заўважны: твар падцягнуты, разгладжваюцца мелкія маршчынкі і мяшкі пад вачыма. Што тычыцца рэкамендацый, варта праводзіць мезатэрапію некалькі разоў у год.

— Сёння вельмі папулярнымі сталі ін’екцыі батулатаксіна, гіалуронавай кіслаты. Наколькі эфектыўнай у параўнанні з пластычнай хірургіяй з’яўляецца ін’екцыйная касметалогія?

— Варта сказаць, што гіалуронавая кіслата ёсць розная і яна дапамагае вырашыць шмат праблем. Філеры на аснове гіалуронавай кіслаты — самы хуткі і бяспечны метад імгненнага пераўтварэння. Працэдура займае ад 5 мінут да 1 гадзіны і забяспечвае хуткі і доўгачасовы вынік. Уся справа ў тым, што філер дазваляе запоўніць маршчыны знутры, надаць твару аб’ём, якога не хапае, і ўмацаваць тканкі, каб зменшыць прыкметы старэння. У дадатак такі метад дазваляе выправіць асіметрыю твару і зрабіць яго больш прывабным.

Філеры апошняга пакалення плыстычныя і маюць доўгі эфект (да 2 гадоў). Важна, што дзякуючы свайму складу яны не толькі дадаюць недастатковы аб’ём, але і радыкальна амалоджваюць зону, куды была ўведзена кіслата. Менавіта так можна спыніць старэнне.

Такім чынам, філеры вернуць згублены ці недастатковы аб’ём, выправяць асіметрыю. Зараз я маю на ўвазе такую працэдуру, як ін’екцыйная пластыка. Пры дапамозе філераў можна, напрыклад, правесці пластыку носа. Акрамя гэтага, ін’екцыі зробяць твар больш выразным, а гэта ў асноўным адбываецца тады, калі павялічваюць аб’ём вуснаў і скул.

З якога ўзросту трэба калоць гіалуронку, ботакс — гэта таксама ўсё індывідуальна. Як я ўжо гаварыла, бывае так, што ў дзяўчыны ў 25 гадоў ужо ёсць генетычна абумоўленыя маршчыны, якія з’яўляюцца за кошт індывідуальнай будовы чэрапа і мімікі. Пасля таго, як такому пацыенту робіцца філер, дзяўчына забывае пра праблему на доўгі перыяд, ад 3 да 5 гадоў. Тым не менш звычайна філеры пачынаюць выкарыстоўваць пасля 35 гадоў. У гэтым узросце адбываецца паніжэнне гарманальнага фону, а наша здароўе, знешні выгляд залежаць менавіта ад яго. Паніжаецца колькасць эстрагену, які адказвае за шчыльнасць скуры, калаген, і ў выніку пачынае дэфармавацца твар. У той момант, калі дэфармацыя толькі пачынаецца, варта крыху падтрымаць скуру і, паверце, эфекту хопіць надоўга. Гіалуронавая кіслата трымаецца доўга, яна падпітвае і тканкі чэрапа, і скуру, а значыць, старэнне замаруджваецца.

Я заўжды гавару, што ўсё патрэбна рабіць своечасова. І калі пацыенткі пытаюцца, што ж яны будуць рабіць у 50 гадоў, зрабіўшы ўсе працэдуры зараз, адказваю, што абавязкова з’явяцца новыя методыкі падтрымання прыгажосці. Навука і медыцына не стаяць на месцы, а значыць, магчымасць падтрымліваць прыгажосць і яшчэ больш удасканальваць сваю знешнасць будзе заўсёды.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.