Клівія, ці Кафрская лілея

Клівія — гэта хатняя вечназялёная расліна без сцябла з доўгім цёмна-зялёным лісцем. Несапраўднае сцябло ўтворана з прыкаранёвых лістоў, якія шчыльна ахопліваюць адзін аднаго. Назву раслінам гэтага роду даў батанік Джон Ліндлі. Кветка атрымала імя ў гонар герцагіні Шарлоты Клайв — гувернанткі будучай каралевы Вікторыі, якая захаплялася кветкаводствам. А адну з разнавіднасцей называлі клівіяй Гардэна, па імені маёра Роберта Гардэна, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя знайшоў новы від і прывёз яго ў Еўропу.

Клівія належыць да сямейства Амарылісавых. У прыродных умовах яна расце ў вільготных субтрапічных лясах Паўднёвай Афрыкі.

Месцазнаходжанне і асвятленне

Клівія — даволі святлолюбівая расліна. Пажадана размясціць яе на акне, якое выходзіць на заходні ці на ўсходні бок, ці побач з ім. Калі размясціць клівію каля паўднёвага акна, то лісце можа атрымаць сонечныя апёкі. Таму абавязкова абараняйце расліну ад прамых сонечных прамянёў у гарачыя летнія дні. З паўночнага боку клівія можа не зацвісці з-за недахопу асвятлення. Пры размяшчэнні вазона з кветкай у паўцені кветканос развіваецца слабым і кароткім, а кветкі будуць вельмі дробнымі. Калі ёсць магчымасць, выносьце клівію на балкон ці лоджыю ў цёплыя сонечныя дні.

Тэмпературны рэжым

Аптымальная тэмпература з моманту з’яўлення кветканоса — 17—20 °С. На працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду пажадана ўтрымліваць тэмпературу ў памяшканні ў дыяпазоне 19—26°С. У перыяд спакою аптымальнай будзе тэмпература 12—15°С.

Паліў

Расліна не любіць празмернага ўвільгатнення, таму паліў патрэбны ўмераны. Увільгатняйце глебу толькі пасля таго, як высахне верхні пласт субстрату ў ёмістасці. Клівія “папярэдзіць”, калі вы перастараліся з палівам: кончыкі ліставых пласцінак набудуць бурае адценне, а аснова пачне гніць. У гэтым выпадку перастаньце паліваць расліну, а калі грунт цалкам высахне, пачніце паліваць па правілах.

Увільгатняйце субстрат адзін раз на ты­дзень мяккай адстоянай вадой. У час утварэння бутонаў колькасць паліваў трэба павялі­чыць. Не дапускайце празмернай вільгаці, калі вада пры паліве з’явілася ў паддоне, абавязкова выліце яе.

Вільготнасць паветра для клівіі не прынцыповая. Таму апырскваць яе з пульверызатара не трэба. Тым не менш расліна адгукаецца на выдаленне пылу з лісця вільготнай анучкай. Прыкладна адзін раз за лета можна мыць клівію пад душам.

Падкормка

Каб клівія цвіла ярка і шчодра, ёй патрабуецца вялікая колькасць як мінеральных, так і арганічных рэчываў. Чаргуйце ўнясенне рознага віду ўгнаенняў кожныя два тыдні ў час вясенне-летняга перыяду. Апошнюю падкормку рабіце за месяц да перыяду “сну” — у пачатку верасня.

Дабаўляйце ўгнаенні ў ваду для паліву.

Добры вынік дае прымяненне комплексных угнаенняў для раслін, якія цвітуць, напрыклад “Фертыка” ці “Агрыкола”. Для ўнясення ў грунт арганічных рэчываў падыдзе прэпарат “Біягумус”. Дабаўляйце некалькі кропель угнаення ў вадкай форме ў ваду для паліву ці чайную лыжку ўгнаенняў у гранулах на 2 літры вады (канцэнтрацыя розных прэпаратаў адрозніваецца, таму прытрымлівайцеся інструкцыі, пазначанай на ўпакоўцы). Уносьце ўгнаенні толькі ў вільготную глебу, інакш можна спаліць далікатныя карані клівіі.

Перасадка

Клівія не вельмі добра пераносіць перасадку, таму лепш за ўсё рабіць гэтую працэдуру спосабам перавалкі.

  • Асцярожна. Не разбураючы земляны камяк, выміце кветку з вазона разам з земляным камяком (страсаць грунт і прамываць карані не трэба). Пастаўце ў новую ёмістасць з добрым дрэнажом і засыпце пустоты пажыўным грунтам. Перавалку трэба рабіць, калі ўсе карэньчыкі клівіі здаровыя і не трэба выдаляць часткі, якія падгнілі.
  • Адміранне каранёў з’яўляецца натуральным працэсам для клівіі, таму пры перасадцы можна заўважыць падгніўшыя карэньчыкі. Адрэжце іх чыстым нажом, апрацуйце марганцоўкай (патрымайце карані 15 мінут у слаба-ружовым растворы) і прыпудрыце тоўчаным актываваным вугалем.
  • На дно вазона насыпце пласт керамзіту, жвіру ці бітай цэглы. Пласт дрэнажу павінен быць даволі вялікім (4—5 см), каб у ёмістасці не застойвалася вада, што згубна для клівіі.
  • Для паспяховага вырошчвання прыгажуні клівіі неабходны слабакіслы субстрат (рН каля 6). Глебасумесь можна скласці самастойна. Вазьміце дзярновую ці ліставую зямлю (2 часткі), дабаўце 1 частку верхавога торфу, 1 частку перагною. Пакладзіце ў субстрат суперфасфат (2 ст. лыжкі на вазон аб’ёмам 5 літраў). Для рыхласці можна дабавіць вермікуліт. Усе інгрэдыенты старанна перамяшайце.
  • Для клівіі таксама падыдзе гатовая слабакіслая глебасумесь, якая прадаецца ў спецыялізаваных садовых магазінах (паказчык кіслотнасці грунту пазначаецца на ўпакоўцы). Можна выкарыстоўваць для пасадкі клівіі гатовы грунт для амарылісавых, пады­дзе таксама субстрат для архідэй. Грунт для клівіі патрабуецца лёгкі, рыхлы і паветрапранікальны.
  • Насыпце невялікі пласт грунту на дрэнаж і размясціце расліну. Вельмі асцярожна выраўнуйце карані і засыпце глебай, злёгку яе прымінаючы. Грунт злёгку ўвільгатніце і пакіньце клівію без паліву на 2 тыдні.
  • Прынёсшы клівію дадому з магазіна, перасаджваць кветку адразу не варта. Зніміце невялікую частку субстрату зверху і насыпце свежы пажыўны грунт.

Праблемы, якія ўзнікаюць пры вырошчванні клівіі

Няма цвіцення — дрэннае асвятленне, вельмі высокая тэмпература ці недастаткова доўгі перыяд спакою.

Бурэнне кончыкаў лісця — адбылося пераўвільгатненне клівіі.

Адсутнасць кветканоса, дзетак ці выцвілае лісце — адсутнасць ці дрэнная падкормка.

Кароткі кветканос — недастатковы паліў.

З’яўленне белых плям на лісці — вынік сонечных апёкаў.

Цвіценне

Для атрымання шчодрага цвіцення неабходны перыяд спакою на працягу 1—2 месяцаў. Расліна сама падкажа, калі ён скончыўся: клівія выкіне кветканос. Гэты момант нельга прапусціць, таму што для клівіі, якая цвіце, неабходна стварыць дадатковыя ўмовы.

Па-першае, павялічце тэмпературу да + 20°С. Па-другое, трэба павялічыць колькасць і аб’ём паліваў, не дапускаючы застою вады. Клівія не любіць, каб яе турбавалі, паварочвалі ці перастаўлялі ў перыяд цвіцення. Таму ўсе пералічаныя працэдуры трэба зрабіць да пачатку з’яўлення бутонаў.

Клівія, як правіла, зацвітае ў студзені ці лютым, цвіценне доўжыцца прыблізна 3—4 тыдні.

Калі цвіценне так і не настала ці рост кветканоса спыніўся, значыць, вы не забяспечылі вашай прыгажуні прахалоду і паўцень у перыяд “сну”. Перастаўце клівію на месяц у халаднаватае цяністае месца, і яна можа зацвісці нават вясной. У гэтым годзе зацвіла ў мамы ў канцы мая і выпусціла 2 кветканосы. Цвіце 2 разы на год.

Другой прычынай адсутнасці цвіцення з’яўляецца вельмі прасторная ёмістасць, у якую пасаджана клівія. Пачакайце, калі яе карані цалкам аплятуць земляны камяк, і расліна абавязкова парадуе вас шчодрым цвіценнем, але ўжо ў наступным сезоне.

Калі клівія адцвіце, абрэжце кветканос і стварыце расліне яшчэ адзін невялікі пе­рыяд адпачынку, перанясіце яе ў халаднаватае, але светлае месца, напрыклад, на зашклёную лоджыю. З надыходам вясны пачніце падкормліваць расліну. Месца для ўтрымання клівіі ў гэты час павінна быць цёплым з тэмпературай прыблізна + 25°С.

Будзьце асцярожныя!

Клівія — атрутная расліна. Карані і лісце нельга ўжываць унутр. Не стаўце клівію ў пакоі, калі ў вас маленькае дзіця, якое ўсё спрабуе на смак.

Размнажэнне

Асноўнымі спосабамі размнажэння клівіі з’яўляюцца вегетатыўны (аддзяленне дзетак) і насенны. Першы прыём намнога прасцейшы. Да таго ж магчыма атрымаць маладую расліну, якая цвіце, ужо на наступны год. Але ў насеннага метаду размнажэння таксама ёсць перавага. Раслін атрымліваецца больш, а пасадачны матэрыял атрымліваецца больш здаровым і менш схільным да хвароб.

Размнажэнне бакавымі атожылкамі (дзеткамі)

  1. У час актыўнага росту кветка нарошчвае некалькі дзетак, якія можна аддзяліць ад мацярынскай расліны пры перасадцы. У момант аддзялення дзетак ад матачніка трэба, каб на іх было 3—4 лісткі.
  2. Выміце клівію з вазона і старанна прамыйце карані ў цёплай вадзе. Рабіце гэта асцярожна, таму што мясістае карэнішча даволі ломкае. Чыстым нажом, нажніцамі ці секатарам адрэжце частку карэнішча з дзеткай.
  3. Зрэз прыпудрыце тоўчаным актываваным вугалем. Калі на мацярынскай расліне ёсць падгніўшыя карані, апрацуйце іх, апусціўшы ў слабы раствор марганцоўкі на чвэр ць гадзіны.
  4. Пасадзіце дзеткі ў невялікія вазончыкі (падыдуць пластыкавыя ёмістасці аб’ёмам 200 мл) і пастаўце ў цёплае і добра асветленае месца. Даглядайце саджанцы таксама, як і дарослыя расліны. Упершыню дзеткі зацвітуць праз 2 сезоны.

Насенны метад размнажэння

  1. Клівія завязвае насенне (ягады), пры гэтым для іх атрымання патрабуецца пераапыліць кветкі дзвюх раслін. Робіцца гэта пры дапамозе мяккага пэндзля ці ватнай палачкі. Раніцай злёгку правядзіце пэндзлем па тычынках, а потым памажце пылком тычынкі другой расліны.
  2. Калі кветкі пераапыліліся, то з’явіцца зялёная завязь. Паспяваючы, ягады набываюць аранжавае ці чырванаватае адценне і становяцца мяккімі навобмацак. Насенне выспявае доўга (да 10 месяцаў), таму набярыцеся цярпення.
  3. Каб не страціць насенне, абвяжыце ягады сетачкай. Насенне клівіі знаходзіцца ўнутры ягад.
  4. Атрыманае насенне прарасціце. Пакладзіце яго на вільготны ватны дыск і накрыйце зверху другім. Пастаўце ёмістасць з насеннем у цёплае месца.
  5. Насенне клівіі, якое прабілася, паса­дзіце на глыбіню 1 см у неглыбокую міску з сумессю торфу і пяску.
  6. Можна высадзіць і непрарошчанае насенне, але першыя ўсходы ў гэтым выпадку з’явяцца толькі праз 6 тыдняў пасля пасадкі.
  7. Грунт з насеннем перыядычна рабіце вільготным. Не дапускайце перасыхання і не залівайце.
  8. Пры з’яўленні першага лістка пікіруйце сеянцы ў асобныя ёмістасці. Трымайце маладыя расліны ў цяпле круглы год (першыя 4 сезоны перыяд адпачынку даваць яшчэ слабым раслінам не трэба).

Перыяд спакою

На зімовы перыяд клівіі важна стварыць умовы для адпачынку. У гэты час можна вынесці вазон з кветкай за зашклёную лоджыю ці ў іншае халаднаватае памяшканне. Галоўнае, каб тэмпература паветра не была ніжэй за +12°С, інакш расліна можа загінуць.

Чым старэйшая клівія, тым больш часу для адпачынку ёй патрэбна. Маладым раслінам дастаткова адпачываць 2 месяцы — з канца верасня па лістапад. Калі ўзрост кветкі перавысіць 5 гадоў, перыяд спакою трэба павялічыць. З гэтага моманту клівіі неабходны адпачынак увесь асенне-зімовы перыяд — з сярэдзіны верасня да пачатку лютага.

Перыяд адпачынку заканчваецца пры з’яўленні кветканоса.

Клівію, якая адцвіла, лепш перанесці на свежае паветра — балкон ці сад. Месца для расліны павінна быць цяністым і бязветра­ным.

Калі хочаце дабіцца ад расліны паўторнага цвіцення ў гэтым годзе, пасля невялікай перадышкі на прыродзе клівію варта аднесці ў малаасветленае месца і перастаць угнойваць, а таксама зменшыць паліў да 1 разу на месяц. Лісце можа пачаць жаўцець, але ў гэтым няма нічога страшнага. Прыкладна праз месяц чакайце з’яўлення новай стрэлкі.

Дабіцца цвіцення 2 разы на год можна толькі ад дарослай і здаровай расліны.

Хваробы і шкоднікі

Шкоднікі рэдка назаляюць клівіі, але каб з імі справіцца, важна своечасова заўважыць пачатак атакі і не даць ім распладзіцца. Самыя распаўсюджаныя ворагі клівіі — шчытоўкі і мучністыя чарвяцы, гнілі.

Шчытоўка, яна ж шчытавая тля, мае ахоўны воскападобны шчыток, які абараняе цела шкодніка. Дарослая тля нерухомая, а вось лічынкі могуць распаўзціся па ўсёй кветцы.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*