Клопат пра маліну вясной

Хочаце атрымліваць добры ўраджай маліны, тады прыйдзецца крыху папрацаваць, бо правільны догляд маліны вясной — залог багатага ўраджаю.

Калі кустам не ўдзяляць належнай увагі, з цягам часу ягады стануць драбнець. Каб гэтага не адбылося, неабходна выканаць важныя этапы догляду маліны вясной:

апрацоўку ад шкоднікаў і хвароб;

падкормку;

паліў;

рыхленне;

абрэзку.

Для правядзення прафілактыкі кусты маліны і глебу пад імі апрацоўваюць 3%-най бардоскай сумессю. Другі раз апрацоўваюць фітавермам — у момант бутанізацыі куста, перад тым, як ён зацвіце.

Для падкормкі вясной я выкарыстоўваю азотныя ўгнаенні (напрыклад, мачавіну) з разліку 10 г на 1 квадратны метр, уносячы іх паласой уздоўж радоў маліны. Перад падкормкай важна не забыцца паліць глебу вадой або праводзіць падкормку пасля дажджу. Яшчэ вельмі важны момант у падкормцы — унясенне па шклянцы драўнянага по­пелу пад кожны куст, паколькі попел у спалучэнні з мачавінай раскісляе глебу, што дабратворна ўплывае на ўраджай.

Вельмі добрым сродкам догляду маліны — і як падкормка, і як прафілактыка хвароб, і як сродак барацьбы са шкоднікамі — з’яўляецца нашатырны спірт. Для барацьбы са шкоднікамі трэба развесці 2 сталовыя лыжкі на 10 літраў вады і абавязкова дабавіць якое-небудзь ліпкае рэчыва (напрыклад, вадкае мыла: лепш дзягцярнае — 2 сталовыя лыжкі). Такім растворам апырскваюць расліны.

Перакопваць зямлю паміж кустамі маліны не рэкамендуецца, можна рыхліць не глыбей за 10 см, бо карані ў кустоў не ідуць глыбока ў зямлю, а разрастаюцца ў бакі.

 Абрэзка і прарэджванне праводзяцца да абу­джэння парасткаў ад зімовай спячкі. Спачатку неабходна выразаць парасткі куста, якія перасталі прыносіць ураджай, г.зн. сухія. Яны адрозніваюцца па колеры: жывыя маюць яркі карычневы колер, сухія — цьмяны. Падмарожаныя парасткі неабходна абрэзаць да здаровых пупышак.

Уважліва неабходна агле­дзець і аснову куста. Калі заўважыце надзь­мутыя бугаркі, пазбаўцеся і ад сцябла. У гэтых бугарках жывуць шкодныя насякомыя. Калі маліннік пасаджаны куставым спосабам, то ў кусце павінна застацца ад шасці да васьмі сцёблаў.

Падзялюся яшчэ адным сакрэтам догляду маліны. Гэта абрэзка верхавін парасткаў на 10—20 см — пасля такой абрэзкі ягада вырастае буйнейшай.

І яшчэ, маліна дасць паўнавартасны ўраджай толькі ў сонечным месцы.

Калі вы будзеце прытрымлівацца гэтых парад, то маліну будзеце збіраць вёдрамі.

Таццяна САМОЙЛАВА,
музычны кіраўнік Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.