Расквеціць жыццё творчасцю

Сярод педагогаў шмат творчых людзей. Настаўнікі Воранаўшчыны не выключэнне. Захапленне творчасцю не толькі павышае адукацыйны патэнцыял іх педагагічнай дзейнасці, што настаўнікі дэманструюць падчас урокаў, майстар-класаў, удзелу ў конкурсах, але і дае магчымасць адпачыць, атрымаць асалоду, захапіць творчасцю сваіх вучняў. Аб’яднаць такіх людзей і прадэманстраваць іх хобі вырашылі ў Воранаўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Там правялі конкурс, на якім крэатыўныя і таленавітыя настаўнікі прадэманстравалі свае работы.

Рэгіна Францаўна Радзіваноўская і яе работы.

Віртуальны конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Маё хоббі — HandMade” правялі дыстанцыйна, але гэта не зменшыла цікавасць да яго. У конкурсе прынялі ўдзел 26 педагогаў, якія працуюць ва ўстановах агульнай і дадатковай адукацыі Воранаўскага раёна.

— Удзельнікі конкурсу прадэманстравалі вырабы як у традыцыйных тэхніках: разьба па дрэве, вышыўка, вязанне кручком і пруткамі, так і  ў сучасных: алмазная вышыўка, квілінг, дэкупаж. Былі прадстаўлены і новыя матэрыялы, напрыклад, фааміран — дэкаратыўны пеністы матэрыял, які выкарыстоўваюць у розных відах рукадзелля. Букеты з фаамірану на конкурсе дэманстравала настаўніца пачатковых класаў Беняконскай сярэдняй школы Ірына Мікалаеўна Варанец, — расказала дырэктар Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Міхайлаўна Перахрамава. 

Конкурс праходзіў у некалькіх намінацыях: “Функцыянальны handmade”, “Дэкаратыўны handmade”, “Стылістычны handmade”.

Пераможцам у першай намінацыі стаў педагог дадатковай адукацыі Воранаўскага ЦТДіМ Д.І.Лялько. Дзмітрый Іванавіч з’яўляецца кіраўніком аб’яднанняў па інтарэсах “Габлюшка” і “Юны мадэліст”. Ён вучыць дзяцей разьбе па дрэве, стварэнню стэндавых мадэлей з паперы, пластмасы і іншых матэрыялаў, у тым ліку з канструктара LEGO. 

На конкурс педагог прадставіў разьбяную мэблю, выкананую ў розных стылях: камод і шафа — у стылі постмадэрн, крэслы — эклектыка, банкетка і тумба — сецэсіён, кухонны гарнітур — неакласіцызм, туалетныя столікі — у стылі мадэрн і постмадэрн. Усю мэблю ў сваім доме Дзмітрый Іванавіч змайстраваў сам, кожны пакой аформлены ў пэўным стылі. Сваім майстэрствам педагог неаднаразова дзяліўся на майстар-класах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Марыя Раманаўна Бельская для сваіх работ яшчэ і мадэль.

Настаўніца працоўнага навучання Доцішскай сярэдняй школы Рэгіна Францаўна Радзіваноўская стала пераможцай у намінацыі “Дэкаратыўны handmade”. Вышыўкай яна захапляецца даўно. У калекцыі Рэгіны Іванаўны пейзажы, нацюрморты, партрэты, выкананыя ў розных тэхніках з розным памерам сцяжка. Яе вышыўкі крыжыкам неаднаразова дэманстраваліся на розных мерапрыемствах.

Марыя Раманаўна Бельская стала на нейкі час мадэллю для сваіх работ. Яна ўвесь час вяжа, у любую вольную хвіліну, таму ў яе сумачцы заўсёды ёсць  ніткі і кручок. На конкурс педагог дадатковай адукацыі Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадставіла вельмі малую частку таго, што звязала: кардыганы, касцюм, сукенкі, світар… Усе вырабы адрозніваюцца складанасцю вязання: у кардыгане сумешчаны напрамкі вязання па гарызанталі і вертыкалі, спосаб вязання спадніцы ў касцюме — па дыяганалі, а даўжыня па нізе сукенкі з махеру — 28 метраў. Марыя Раманаўна заслужана стала пераможцай у намінацыі “Стылістычны handmade”.

М.Р.Бельская кіруе аб’яднаннямі па інтарэсах “Чароўны клубок” і “Чараўніца” і вучыць дзетак вязаць і вышываць у розных тэхніках, у тым ліку вязаць рукамі, выкарыстоўваючы спецыяльную пражу. 

Сярод намінантаў конкурсу — прадстаўнікі розных навучальных устаноў раёна: Надзея Яўгенаўна Гусарава з Жырмунскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Жанна Іванаўна Місевіч з Нацкага ясляў-сада — сярэдняй школы, Аксана Чаславаўна Макрыцкая з Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Надзея Уладзіславаўна Ластоўская і Ганна Францаўна Маркевіч з Воранаўскай сярэдняй школы, Алена Генрыхаўна Бобін з Пераганцаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Ірына Мікалаеўна Варанец з Беняконскай сярэдняй школы, Рэгіна Адамаўна Захарава з Пагародненскай сярэдняй школы, Таццяна Генрыхаўна Піскун з Радунскай сярэдняй школы.

Творчыя педагогі рыхтуюць і таленавітых вучняў. Так, выхаванец Дзмітрыя Іванавіча Лялько Сяргей Ненартовіч з канструктара LEGO змайстраваў машыну-цягач і падаў заяўку на ўдзел у Міжнародным конкурсе дзіцяча-юнацкай творчасці “LEGO-майстэрня”. Па выніках конкурсу яго мадэль заняла 1-е месца ў намінацыі “LEGO-транспарт”. А Ягор Эйсмант вырабіў елку-начнік з арганічнага шкла з імітацыяй вітража. Наяўнасць святлодыёднай лямпачкі дазваляе выкарыстоўваць яе як лямпу-начнік. Гэтая работа заняла 1-е месца на абласным этапе і 3-е  есца на рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка” ў намінацыі “Дызайн-ёлка”.

Конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Маё хоббі — HandMade” ў Воранаўскім раёне плануюць зрабіць пастаянным, пашырыўшы пералік намінацый і ўключыўшы вакальны напрамак, афармленне прысядзібных участкаў, кулінарны конкурс. А пакуль педагогі ствараюць відэаролікі і размяшчаюць іх на сайце цэнтра творчасці. Ужо зараз кожны жадаючы можа навучыцца зрабіць дзьмухавец, васілёк ці крокусы з фаамірану або матылька-забаўку.

Валянціна ЯВАРОВІЧ,
метадыст Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.