Табернемантана, нягледзячы на сваю экзатычную назву, у доглядзе не вельмі пераборлівая расліна, пры гэтым цвісці можа круглы год, калі ёй забяспечыць добрыя ўмовы.
Часцей за ўсё ў пакаёвым кветкаводстве сустракаецца табернемантана растапыраная і яе махрыстая форма. У яе прыгожае цёмна-зялёнае глянцавае лісце і белыя духмяныя кветкі. У простай формы пяць пялёсткаў, якія злёгку закручаны па спіралі і нагадваюць лопасці прапелера. Гэты від атрымаў сваю назву з-за характару росту бакавых парасткаў. У месцы фарміравання бутонаў парастак сам раздвойваецца, бакавыя галінкі растуць не ўверх, а ў бакі, за кошт чаго атрымліваецца вельмі аб’ёмны куст.
Табернемантану лепш паставіць на светлае акно — 3—4 гадзіны прамога сонца ёй проста неабходны для добрага цвіцення. Падыходзіць таксама і заходняе акно. Летам кветку неабходна прыцямняць у спякотныя гадзіны. У час фарміравання бутонаў яе не варта паварочваць і перастаўляць.
У зімовы час расліне неабходна дасвечванне і вельмі акуратны паліў (кроплі вады не павінны трапляць на кветкі). Другі варыянт — панізіць тэмпературу да 15°С і паменшыць паліў. Гэтыя меры дапамогуць табернемантане перажыць кароткія светлавыя дні і сухое паветра ў памяшканні.
А вось ў вясенне-летні перыяд табернемантану паліваюць шчодра (але не заліваюць). Праз паўгадзіны пасля паліву з паддона ваду зліваюць. Пры залішнім паліве кветка можа скінуць лісце.
У табернемантаны вельмі моцная разгалінаваная каранёвая сістэма. Часам маладыя экзэмпляры перасаджваюць 2—3 разы за год. У якасці субстрату бяруць сумесь лёгкай лісцевай зямлі, перагною, торфу і буйнога пяску ў роўных прапорцыях. Расліна аддае перавагу слаба-кісламу субстрату. Абавязкова павінен быць дрэнаж на дне вазона.
Часцей за ўсё табернемантаны не патрабуюць фармоўкі, бо яны самі ўтвараюць правільны куст. Старыя разрослыя экзэмпляры падстрыгаюць ранняй вясной “на пянёк”. Не варта гэтага баяцца, бо новыя галіны добра адрастаюць.
Вельмі важная для табернемантаны і падкормка. Паколькі расліна цвіце круглы год, яе падкормліваюць раз у два тыдні “Кемірай-люкс”.
Размнажаюць кветку чаранкамі, што напалову адраўнелі. Спачатку трэба старанна змыць млечны сок, потым паставіць у слоік з вадой. Важны момант: неабходна, каб адрасла даволі вялізная “губка” карэння, інакш чаранку не хопіць сіл для адаптацыі. Пры добрым доглядзе ў чаранка праз месяц адрасце новае лісце.
Пры размнажэнні насеннем важна вельмі акуратна паліваць пасевы. Усходы з’яўляюцца праз 10—14 дзён. Высаджваюць сеянцы ў фазе 2—3 пар сапраўднага лісця.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.