Гэтая кветка не саступае самым апошнім навінкам кветкавай моды па прыгажосці і велічнасці. У канцы ліпеня — пачатку жніўня яна раскрывае нам прывабнасць свайго цвіцення і рознакаляровасць адценняў.
Гладыёлус, альбо шпажнік, адносіцца да сямейства касачовых. Назву сваю кветка атрымала ад лацінскага слова gladius і перакладаецца як “меч”.
Род гладыёлусаў налічвае каля 180 дзікіх відаў, і здаецца неверагодным, што ў выніку селекцыйнай дзейнасці існуе ўжо больш за 70 тысяч сартоў гэтай кветкі, якая па праве лічыцца адной з лепшых зрэзачных культур у свеце.
Гладыёлус традыцыйна лічыўся мужчынскай кветкай, але дзякуючы намаганням селекцыянераў з’явіліся настолькі вытанчаныя і пяшчотныя сарты гэтай кветкі, што дазваляецца дарыць іх і маладым дзяўчатам.
Сёння гладыёлусы спалучаюць у сабе велічнасць, грацыю, разнастайнасць памераў, афарбоўкі, форм і фактуры пялёсткаў. Гладыёлус мае ў сваёй гаме ўсе колеры ад белага да чырвона-барвовага і фіялетавага, зялёную, сінюю і дымчатую афарбоўку, розныя ўкрапіны, два-тры адценні ў адной кветцы. Некалькі гадоў назад мяне ўразілі зялёныя гладыёлусы. Зараз яны ўжо ёсць амаль у кожнага кветкавода. Калі дазваляе месца, аматары звычайна вырошчваюць высокія сарты гладыёлусаў. У апошні час з’явіліся так званыя гладыёлусы “гламіні” — яны невысокія, да 1 м, але кветкі такія ж буйныя і прывабныя, звычайна жоўтыя з чырвонай сярэдзінкай, але ёсць і другія адценні.
Тым не менш вырасціць здаровую і прыгожую кветку не так лёгка, а яшчэ больш складана захоўваць пасадачны матэрыял.
Першы крок да поспеху — набыццё клубнецыбулін, якія адаптаваны да кліматычных умоў вашай зоны, хаця заўзятыя аматары вырошчваюць гэтыя кветкі нават у Сібіры.
Набываць клубнецыбуліны лепш у канцы лютага — пачатку сакавіка. У гэты час яны ўжо з’яўляюцца ў кветкавых крамах, і першыя партыі, як правіла, маюць самы якасны пасадачны матэрыял. Не трэба імкнуцца набыць вельмі вялікую клубнецыбуліну — трох сантыметраў у дыяметры дастаткова. Прычым яна павінна быць з адным моцным цэнтральным парасткам (альбо бугарком). Гэта так званая ювенільная клубнецыбуліна, якая яшчэ не цвіла. Асаблівасць гладыёлуса ў тым, што трэба штогод вырошчваць пасадачны матэрыял з дзеткі, атрыманай з ювенільнай клубнецыбуліны. Адзін знаёмы кветкавод з Гомельскай вобласці ўвогуле аддзяляе дзеткі ўвосень і садзіць у парнік, які ацяпляецца. Укрывае торфам. Вядома, спосаб гэты рызыкоўны, і не варта прымяняць яго для нейкіх вельмі дарагіх і каштоўных сартоў. Але, улічваючы нашы зімы з іх плюсавой тэмпературай, такі варыянт вырошчвання гладыёлусаў мае месца быць.
У сакавіку клубнецыбуліны трэба ачысціць ад лускавінак і памясціць у гарачую (каля 50 градусаў) ваду на 15 хвілін, а потым апусціць на хвіліну ў халодную ваду. Пасля гэтага добра прасушыць, раскласці ў невысокія кардонныя каробкі і пакінуць там да сярэдзіны красавіка. Потым да пасадкі прарошчваць у светлым месцы, але не пад прамымі сонечнымі прамянямі.
У гладыёлусаў незвычайная каранёвая сістэма — яна складаецца з двух ярусаў. Першы асвойвае слой глебы глыбінёй да 40 см, а карэнне другога яруса ўтвараецца з пазух ніжняга лісця. Таму, калі вы, напрыклад, пажадаеце вырасціць гладыёлус у вазоне на балконе, высакарослыя гатункі вам не падыдуць. Можна паспрабаваць эксперымент толькі з “гламіні”.
Месца для пасадкі гладыёлусаў у кветніку павінна быць адкрытым і сонечным, глеба не вельмі цяжкай. Калі глеба цяжкая, з восені ўносяць перагной, пілавінне, пясок. Гладыёлусам патрэбны глебы з нейтральнай і слабакіслай рэакцыяй. Пад пасадку глебу трэба перакапаць на штык рыдлёўкі, а вось глыбіня пасадкі можа крыху вагацца. Калі вам трэба высокадэкаратыўная кветка, высаджвайце на глыбіню дыяметра трох клубнецыбулін, а калі хочаце атрымаць больш дзетак, можна высаджваць не так глыбока. Высаджваюць тады, калі глеба дастаткова прагрэецца. У Беларусі — гэта першая-другая дэкады мая. Многія кветкаводы перад пасадкай замочваюць на паўгадзіны клубнецыбуліны ў слабым растворы марганцоўкі.
Гладыёлус мае высокую патрэбу ў вільгаці — паліваць яго трэба многа, асабліва ў сухое спякотнае надвор’е.
Для падкормкі выкарыстоўваюць толькі мінеральныя ўгнаенні. Першая падкормка праводзіцца ў фазе 3—4 лістоў, другая — у фазе 5—6 лістоў, трэцяя — падчас з’яўлення бутонаў. У другой палове жніўня ўсе падкормкі прыпыняюць.
Для прафілактыкі шкоднікаў прымяняецца раствор меднага купарвасу (на 10 л вады трэба ўзяць 20 г меднага купарвасу і 200 г наструганага гаспадарчага мыла). Апырскванне трэба праводзіць у сухое надвор’е, пажадана ўвечары.
Каб карэнне было больш развітым, гладыёлусы трэба акучваць. Высакарослыя сарты трэба падвязваць да калкоў. Альбо, калі гладыёлусы высаджаны ў адзін рад, трэба нацягнуць лёску.
Выкопваюць гладыёлусы ў сухое надвор’е ў пачатку кастрычніка. Абразаюць да вышыні 4—5 см. Кожную цыбуліну заварочваюць у газету. Калі іх нямнога, можна захоўваць на ніжняй паліцы ў халадзільніку. У адваротным выпадку — у сухім падвале альбо на зашклёнай лоджыі пры тэмпературы 4—6°С. Кожны месяц пасадачны матэрыял трэба правяраць. Месцы, якія загнілі, абразаюць і змазваюць зялёнкай. Зусім хворыя клубнецыбуліны адбракоўваюць.
Заміякулькас заміелісцевы
Пасля таго як я пачала вырошчваць садовыя кветкі, цікавасць да пакаёвых крыху зменшылася. Цяпер у мяне растуць “спартанцы”, якія не вельмі складаныя ў доглядзе.
Заміякулькас вось ужо на працягу дзесяці гадоў з’яўляецца адной з самых упадабаных кветак. Раней ён каштаваў даволі дорага, а цяпер прадаецца нават у гіпермаркетах. Год назад я яго сабе і набыла. Паколькі стаяў невялікі марозік, загарнула яго ў цёплую хустку і так прынесла дадому — зрабіла для сябе навагодні падарунак. Адразу раздзяліла на дзве часткі і адну аддала добраму чалавеку. Сваю дзялянку пасадзіла ў вазон сярэдніх памераў у грунт для кактусаў і сукулентаў.
Для заміякулькаса вельмі важна захоўваць наступнае правіла — чым менш пападае на расліну святла, тым радзейшы павінен быць паліў. Справа ў тым, што нельга катэгарычна заяўляць, што, калі кветка непераборлівая, яна ўвогуле не мае патрэбы ў доглядзе. Тут можа быць іншая праблема. Мой адносна невялікі заміякулькас стаіць на падаконніку, але трох-, чатырохгадовая кветка мае памер каля 1 м, і яе ставяць на падлогу альбо на трывалую падстаўку. Заміякулькас па нейкай прычыне вельмі любяць у “Макдональдсе”, там ён размяшчаецца на падстаўках. Сярод наведвальнікаў ёсць і кветкаводы, якія адшчыпваюць сабе па лісточку для размнажэння. Але аб гэтым пазней.
Узімку і вясной я палівала заміякулькас умерана. Імкнулася назіраць за сцяблом, якое ўнізе мае патаўшчэнне. Калі яно ледзь-ледзь зморшчылася, прыйшоў час паліваць. Вельмі важна не заліць расліну, бо карэнне падгнівае і на кветцы з’яўляецца жоўтае лісце. Кветку можна выратаваць, пасадзіўшы яе ў вельмі лёгкі грунт, але ці варта яе даводзіць да такога стану?
Летам, у спякотнае надвор’е, паліў можна павялічыць. Звычайна з другой паловы лета пачынае з’яўляцца новае сцябло з лісцем. Вельмі цікава назіраць, як яно разгортваецца, са светла-зялёнага ператвараецца ў насычана зялёнае. Маладое сцябло крыху танчэйшае за дарослае, але пры правільным доглядзе яно робіцца такім, як патрэбна.
Увогуле расце заміякулькас марудна, таму не варта чакаць, што ён будзе часта выпускаць новыя парасткі. Але калі расліна здаровая, гэта не адаб’ецца на яе дэкаратыўнасці.
Цяпер аб размнажэнні. Вырасціць кветку можна і з ліста, і са сцябла. Вырошчванне з ліста — для вельмі цярплівых. Можна ўзяць пластыкавы кантэйнер з накрыўкай для харчовых прадуктаў. Насыпаць грунт на дзве трэці вышыні, заглыбіць лісце на адзін сантыметр, закрыць накрыўкай, добра паліць і абматаць скотчам. Раз у дзесяць дзён кантэйнер адкрываюць, паліваюць лісце і зноў абмотваюць. Маленькае сцябло з’явіцца праз чатыры-пяць месяцаў. Вядома, размнажэннем такім чынам лепш займацца з мая па ліпень, бо на падаконніку павінна быць дастаткова цёпла. Пры размнажэнні сцяблом адрэзак сцябла можна пасадзіць у ёмістасць з пяском, напалову змешаным з торфам, і закрыць слоікам альбо поліэтыленам. Перыядычна паліваць і праветрываць. Чым большы фрагмент, тым хутчэй ён утварае новае лісце і сцябло. Калі маладая раслінка дасягнула памеру 5—6 см, яе можна адсадзіць. Калі размнажаць сцяблом, паўнацэнная расліна сфарміруецца да трох-чатырох гадоў.
Раз у месяц расліну можна паставіць у таз з цёплай вадой і дачакацца ўвільгатнення землянога кома. Потым даць рэшткам вады сцячы. Рабіць гэта трэба ў вясенне-летні перыяд. Калі вам трэба ад’ехаць на тыдзень-другі, зрабіце такую працэдуру, накрыйце глебу поліэтыленам і пастаўце кветку ў цемнаватае месца. Яна будзе сустракаць вас у добрым стане.
Святланін кветнік
Святлана Аксёнава — чалавек творчы і вельмі любіць прыгажосць вакол сябе. Прычым кветкі яна вырошчвае і каля пад’езда свайго дома, і на дачы. Асабліва яна ўпадабала веснавыя, ранаквітнеючыяцыбульныя і лілеі. З цыбульных Святлана Іосіфаўна вырошчвае крокусы, фіялетавыя (даволі рэдкія) мускары, гіяцынты і дробнацыбульныя касачы. Асаблівых сакрэтаў у яе няма. Хіба што добра падрыхтаваная рыхлая глеба і адкрытае сонечнае месца. Высаджвае яна свае цыбульныя ў верасні — кастрычніку на глыбіню трох дыяметраў. Дзеліць раз у пяць гадоў, каб кветка не рабілася больш дробнай. І пасля цвіцення абавязкова адзначае месцы, дзе былі пасаджаны кветкі, каб іх выпадкова не перакапаць. На месцы адцвіўшых дробнацыбульных высаджвае астры, невысокія цыніі, аксаміткі. А ўвогуле лічыць, што каля цыбульных трэба пакідаць месца, каб яны добра разрасталіся.
Яшчэ Святлана Іосіфаўна вельмі любіць лілеі. Яны ў яе самых незвычайных адценняў, часта — двухколерныя. Высаджвае лілеі таксама ўвосень, выкарыстоўвае для гэтага здаровыя пругкія цыбуліны. Два-тры разы за лета падкормлівае комплексным мінеральным угнаеннем. У сухое надвор’е палівае. Рассаджвае раз у тры-чатыры гады. Дзетку — на асобную клумбу на дарошчванне. Гатункі падабраны такім чынам, што цвітуць лілеі з канца чэрвеня да сярэдзіны жніўня.
НА ЗДЫМКУ: фрагменты кветніка.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара, Люцыны ГАПОНІК і з інтэрнэту.