Кветкі і дзеткі

Усе педагогі ведаюць, што эфектыўнасць навучання непасрэдна залежыць ад спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў школе. Калі дзіця адчувае сябе камфортна, то і матэрыял лепш засвойваецца, павышаюцца працаздольнасць, паспяховасць і паляпшаецца настрой. Мы, сучасныя настаўнікі, імкнёмся да таго, каб вучням на ўроках было цікава і камфортна: ствараем сітуацыю поспеху, прымяняем інавацыйныя метады і прыёмы, выкарыстоўваем ЭСН і інтэрнэт-рэсурсы. Але часта не звяртаем увагі на такі “непедагагічны” рэсурс, як азеляненне кабінета. Сапраўды, намнога прыемней працаваць у памяшканні з прыгожымі, дагледжанымі раслінамі, чым у няўтульным офісным пакоі з пластыку і шкла.

Я выконваю абавязкі класнага кіраўніка ў 5 класе. У мінулым годзе мае былыя вучні скончылі базавую школу, і ў класны пакой прыйшлі непаседы-пяцікласнікі. З дзецьмі мы адразу наладзілі кантакт, перыяд адаптацыі прайшоў паспяхова. Калі хлопчыкі і дзяўчынкі першы раз пераступілі парог класнага кабінета, то былі ўражаны яркім цвіценнем бальзамінаў. Прыгожыя ружовыя шапкі кветак захапілі школьнікаў. Дзеці самі вырашылі даглядаць кветкі, каб падтрымліваць іх прыгажосць. Хочацца адзначыць, што ў класе іх нямала. Ёсць бальзаміны, кратон, драцэна, папараць, заміякулькас, таўсцянка, антурыум, герань і нават хатняя ружа! Вучні рэгулярна паліваюць расліны, апырскваюць іх, выдаляюць сухія кветкі і лісце. Больш складаныя аперацыі, напрыклад, перасадку і пасынкаванне, я выконваю сама, а дзеці назіраюць і па жаданні дапамагаюць мне. Вельмі важны выхаваўчы момант заключаецца ў тым, што вучні беражліва адносяцца да кветак, якія даглядаюць самі. Можна сказаць, менавіта зараз яны становяцца маленькімі гаспадарамі, з якіх вырастуць гаспадары дома, горада, краіны. Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава назіраць за тым, як расліна развіваецца, як з маленькага парастка вырастае і цвіце кветка. Вясной, як толькі пачалі з’яўляцца бутоны, дзеці сустракалі мяне зранку навінамі пра тое, колькі новых кветачак хутка зацвіце. Было вельмі шмат радасці, калі зацвіла ружа. На ёй была толькі адна кветка, але якая – пышная, яркая, дасканалая!

Хочацца адзначыць, што расліны ў класным пакоі выконваюць і здароўезберагальную функцыю – павышаюць вільготнасць паветра, што асабліва важна ў ацяпляльны сезон, калі паветра ў памяшканнях вельмі сухое.

Кветкі і дзеці – паняцці вельмі блізкія. Нездарма дзяцей называюць кветкамі жыцця. Догляд хатніх раслін выхоўвае ў вучняў беражлівае і адказнае стаўленне да прыроды, фарміруе эстэтычны густ школьнікаў. Да таго ж, кветкі ў класным пакоі – гэта прыгожа. А прыгажосць, як мы ведаем, здольна выратаваць свет.

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК,
педагог, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка Вялікашылавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.