Кветкі нібы нявесты

Прайшло амаль 18 гадоў з таго часу, калі я ўпершыню ўбачыла гэтыя кветкі, якія здзівілі мяне сваёй прыгажосцю. Яны, нібы нявесты, стаялі захутаныя ў белыя пакрывалы…

Убачыўшы маё захапленне, класны кіраўнік дала мне тады 2 маленькія “дзеткі” калаў. Калі прынесла іх дадому, загорнутыя ў сшыткавы ліст, сутыкнулася на той момант з самай першай праблемай: у доме няма ніводнага вазона, таму што ў той час я зусім не захаплялася развядзеннем кветак. І першым прытулкам для “дзетак” калы стала звычайная 2-літровая бутэлька з-пад газіраванага напітку, верх якой я акуратна зрэзала. Перш чым высадзіць дзетак  у грунт, некалькі дзён чытала пра гэтую кветку ўсё, што змагла знайсці ў кнігах, часопісах, газетах і інтэрнэце. Была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што ў гэтай прыгажуні ёсць некалькі назваў: рыхардыя, зантэдэскія, эфіопская і белакрыльнік. Цяпер у мяне штогод восенню колькасць калаў дасягае 70 клубняў. За гэтыя 18 гадоў у мяне з’явіліся і гібрыдныя калы, але з-за таго, што яны вельмі патрабавальныя, я паспяшалася ад іх пазбавіцца (раздарыла жадаючым).

Хачу падзяліцца з чытачамі сваім вопытам вырошчвання гэтых цудоўных кветак.

Калы — адны з нямногіх раслін, перыяд цвіцення якіх прыходзіцца на зіму. Але я навучылася вырошчваць іх у адкрытым грунце. Высадж­ваць расліны на клумбу пачынаю ў канцы красавіка, калі зямля ўжо дастаткова прагрэецца. Падчас начных замаразкаў закрываю плёнкай. Адразу пасля высадкі расліны шчодра паліваю, а наступны паліў раблю толькі праз 1,5—2 тыдні. Калі бачу, што калы паспяхова адаптаваліся (з’явіліся новыя зялёныя лісточкі), падкормліваю слабым растворам салетры або камбінаванага мінеральнага ўгнаення, але раблю гэта толькі адзін раз за ўвесь сезон, таму што багатая падкормка можа прывесці да загнівання клубняў і гібелі раслін. Усе астатнія палівы праводжу па меры неабходнасці.

Праз 3—4 тыдні пасля высадкі дарослая кала зацвітае — адбываецца гэта, вядома, пры спрыяльных кліматычных умовах. Трэба заўважыць, што пачынае цвісці толькі двухгадовая расліна. Яна выпускае кветкавую стрэлку, якая заканчваецца шырокім асіметрычным раструбам белага (жоўтага або чырвонага) колеру. Гэты своеасаблівы “чахол” акружае вузкі катах, які складаецца з непрыкметных кветак. Так-так! Не ­здзіўляйцеся таму, што кветкай калы з’яўляецца зусім не “чахол”, а вузенькі катах-асяродак. Гэтая “кветка” ўпрыгожвае расліну каля 2 тыдняў, а потым мяняе свой колер з белага на брудна-белы. У гэты час яе ўжо можна зрэзаць, але рабіць гэта неабходна вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць новы бутон, які, напэўна, з’яўляецца на змену адцвіўшай кветцы. Дарослая расліна можа даць 2 (а часам і 3) кветкі па чарзе. Толькі звярну вашу ўвагу на тое, што самай высокай кветкай будзе толькі першая, а ўсе наступныя даволі нізкія. Пасля таго як адцвітае апошняя кветка, у калы пачынаецца перыяд спакою. У гэты час мэтазгодна скараціць паліў расліны.

Я пакідаю на кале 3—4 лісты, астатнія акуратна зразаю нажом. Рабіць гэта зусім неабавязкова. Гэта толькі рэкамендацыя, якая дазваляе захаваць расліну, таму што 3 лістоў дастаткова для нармальнага развіцця калы, адпаведна, патрэбна меншая колькасць пажыўных рэчываў.

У адкрытым грунце калы радуюць усю нашу сям’ю да сярэ­дзіны кастрычніка, а ў час вельмі цёплай восені нават даўжэй, пасля чаго надыходзіць час перасаджваць расліны ў вазоны або кантэйнеры. Самыя буйныя клубні высаджваю асобна ў даволі вялікія вазоны, таму што калы не любяць цеснату. Карэнне ў іх шнурападобнае, адыходзіць ад сакавітага клубнепадобнага карэнішча ва ўсе бакі, з’яўляецца і на паверхні. Выпіранне каранёў — вынік недастаткова глыбокай пасадкі, таму лепш за ўсё пры пасадцы недасыпаць зямлю да краёў вазона, а потым паступова падсыпаць яе.

Выкарыстоўваючы асабісты вопыт, абвергла меркаванне, што белакрыльнік не цвіце ў групе. Гэта зусім не так. Дарослая расліна, якая прайшла перыяд спакою і не закормлена азотам, абавязкова зацвіце, колькі б ні знаходзілася цыбулін у адной ёмістасці. Але ўсё ж пажадана пры перасадцы аддзяліць “дзетак”, каб не абцяжарваць дарослую расліну. Месцы адломаў можна прысыпаць тоўчаным вугалем або попелам. Глеба пад калы павінна складацца ў наступнай прапорцыі — 1 частка дзярновай зямлі і 2 часткі тарфяной.

Галоўны вораг белакрыльніку — павуцінны клешч. Часцей за ўсё ён з’яўляецца ў тым выпадку, калі па суседстве з калай знахо­дзяцца вазоны з іншымі пакаёвымі раслінамі. Барацьба з ім заключаецца ў багатым апырскванні раслін растворам любога сродку для барацьбы са шкоднікам. Абавязкова апырскваю кветку вадой — гэта толькі на карысць, таму што зантэдэскія — расліна балотная і пастаянная вільготнасць паветра ёй неабходна.

Кала не толькі цудоўная, але і карысная расліна, таму што па ёй можна вызначыць надвор’е. Перад дажджом на кончыках лісця з’яўляюцца кропелькі вады. У нас у сям’і гавораць: “Калі кала плача — чакай дажджу”. У такія “хмурыя” дні выціраць падаконнік даводзіцца штодня, таму што кропелькі з лісця дастаткова хутка ператвараюцца на ім у невялікія лужыны. Мае вучні (а я працую выкладчыкам 12-ы год) часта прыбягаюць у мой кабінет на перапынках, каб “даведацца” пра прагноз надвор’я ў калы.

Многія вучні вельмі палюбілі гэтыя кветкі, як і я 18 гадоў назад, таму пры першай жа магчымасці я прывезла ім маленькіх “дзетак” калы, якія ўжо добра прыжыліся ў  дамах вучняў.

У зрэзцы расліна проста цудоўная. Доўгі кветанос і дэкаратыўнае лісце даюць магчымасць стварыць арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, якія на рэдкасць доўга захоўваюць сваю свежасць і радуюць вока.

У час маёй вучобы ва ўніверсітэце адзін з выкладчыкаў, калі паслухаў мой аповед пра калы, сказаў: “Таццяна, вы па сваёй натуры — 100 працэнтаў адналюб”. Тады я не надала ніякага значэння яго словам, але прайшлі гады, і я неаднаразова ўспамінала іх і ўсё больш схілялася да таго, што чалавек меў рацыю на ўсе 100 працэнтаў. У маім жыцці з’яўляліся многія пакаёвыя расліны, нейкія з іх ужо даўно зніклі, а нейкія суправаджаюць мяне да гэтага часу. Але адно я ведаю дакладна: кала была (!), ёсць (!) і заўсёды будзе (!) маім казачным спадарожнікам і своеасаблівым талісманам у жыцці. Кала — не экзатычная капрызуля, ёй неабходны толькі вашы ўвага і любоў.

Таццяна МІХНЕВІЧ,
выкладчыца англійскай мовы Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці.
Фота аўтара.