Лаванда — каралева пахаў

Лаванда вельмі прыгожая расліна і пакарае далікатным, тонкім пахам. Яе пушыстыя кусцікі, якія стракацяць яркімі суквеццямі-каласкамі, цудоўна падыходзяць для бардзюраў, альпійскіх горак і ракарыяў. Гэтая шматгадовая кветка цеплалюбівая, таму вырошчваць яе ў адкрытым грунце можна не ў любой кліматычнай зоне. У халодным клімаце трэба высаджваць кусцікі ў вазоны і пры першым жа намёку на пахаладанне пераносіць у цёплае месца. Як гаршковую культуру можна вырошчваць любыя гатункі лаванды.

Месца для пасадкі

Залог паспяховага вырошчвання лаванды — правільны выбар месца для пасадкі. Больш за ўсё расліне спадабаюцца адкрытыя ўчасткі, добра асветленыя сонечнымі прамянямі. Кусцікі прыжывуцца і ў цені, толькі шчодрага і працяглага цвіцення дабіцца не ўдасца.

Карані расліны чуйна рэагуюць на павышаную вільготнасць грунту, таму трэба ўстрымацца ад высаджвання лаванды на забалочаных участках і тэрыторыях, дзе грунтовыя воды знаходзяцца вельмі высока. Калі іншага варыянта няма, можна паспрабаваць змайстра­ваць узвышша і ўжо на ім пасадзіць кусцікі. Лішак вільгаці каля каранёў лёгка ўстараніць з дапамогай дрэнажнай праслойкі.

Лаванда патрабавальна ставіцца і да ўзроўню кіслотнасці і структуры грунту. Калі ёсць сумненні, лепш перастрахавацца — перад пасадкай унесці ў глебу крыху драўнянага попелу ці вапны (эфектыўныя раскісляльнікі). А для забеспячэння яе порыстай структуры дастаткова рэгулярна ўносіць на градку кампост. Ён не толькі разрыхліць грунт, але і дапоўніць яго пажыўнымі рэчывамі.

Асаблівасці пасадкі

Пасадка лаванды — адказны працэс. Дарослыя кусцікі дрэнна пераносяць перасадку. Калі прыйдзецца яе рабіць, то акуратна і толькі з аб’ёмным камяком зямлі. Лепш адразу вызначыць, дзе будуць размяшчацца кветкі, вырашчаныя з насення, пасынкаў ці атожылкаў. Адлегласць паміж суседнімі экзэмплярамі павінна быць прыкладна роўнай іх максімальнай вышыні — тады кусцікі будуць пышнымі. А для атрымання стройнага бардзюра скарачаем гэты параметр у два разы. Так можна дабіцца максімальнай маналітнасці блока насаджэнняў.

Санітар саду

Пасадзіўшы аднойчы ў садзе лаванду, я пазбавілася ад многіх праблем. Напрыклад, тля абсалютна яе не выносіць. Высаджваю расліну побач з вяргінямі і ружамі — мурашкі абыходзяць іх бокам. Усім вядома, што ў сухім выглядзе лаванда ратуе рэчы ў шафе ад молі.

Пасынкі лаванды ўкараняюцца даволі хутка. Алгарытм пасадкі просты: паглыбіць на пару сантыметраў у рыхлую глебавую сумесь, прыкрыць плёнкай і рэгулярна ўвільгатняць. Пасынкі, якія ўкараніліся, акуратна выкапаць і перасадзіць на выбранае месца.

Атожылкі — гэта галіны расліны, якія ўкараніліся. Для атрымання пасадачнага матэрыялу трэба вясной адаг­нуць адзін з ніжніх парасткаў убок. Месца судакранання з узроўнем зямлі зафіксаваць і прысыпаць глебай. Калі ўтворыцца камяк каранёў, атожылак асцярожна адрэзаць вострым нажом. Месца зрэзу прысыпаць тоўчаным вугалем, каб абараніць ад працэсаў гніення. Усё — атожылак гатовы да пасадкі.

Сеянне насення

Калі няма магчымасці набыць дарослую расліну ці галінкі, можна па­спрабаваць размножыць лаванду насеннем.

Вельмі важны этап — стратыфікацыя. Насенне лаванды неабходна вытрымаць некаторы час пры нізкіх тэмпературах. Тут можна пайсці двума шляхамі: пасеяць яго ў канцы восені адразу ў грунт ці ажыццявіць штучную стратыфікацыю. Першы спосаб падыходзіць толькі для цёплых кліматычных зон. Пры значных замаразках насенне можа загінуць, таму лепш спыніць выбар на другім варыянце.

Для штучнай стратыфікацыі насенне неабходна перамяшаць з невялікай колькасцю пяску, высыпаць у ёмістасць, загарнуць у поліэтылен і паставіць у халадзільнік. Вытрымаць яго там не менш, чым паўтара месяца. Лепш даўжэй: у гэтым выпадку ўсходы з’явяцца хутчэй. Потым можна высяваць насенне ў скрыні (у канцы зімы) ці ў парнікі на вуліцу (у канцы вясны). Пры сеянні насеннем чакаць цвіцення прыйдзецца цэлы год. У першыя сезоны саджанцы будуць толькі развівацца, нарошчваючы каранёвую сістэму. І толькі праз год, а можа, нават праз два, яны парадуюць садавода сімпатычнымі каласкамі-суквеццямі.

Апрацоўка грунту каля кусцікаў

Лаванда не любіць шчыльныя грунты. Яе караням вельмі неабходна добрая цыркуляцыя паветра. Акрамя таго, канечне, трэба пазбаўляцца ад пустазелля-шкоднікаў побач. Рыхленне зямлі і праполка павінны стаць рэгулярнымі працэдурамі.

Можна зрабіць прасцей — арганізаваць на градцы з лавандай добры мульчыруючы пласт. У якасці мульчы можна выкарыстоўваць лісце, якое перагніло, ці дэкаратыўныя рознакаляровыя субстраты. Але ў любым выпадку каля асновы ствала грунт павінен заставацца непрыкрытым. Гэта засцеражэ расліну ад гніення.

Паліў

Паліваць лаванду трэба вельмі асцярожна. Шчодрае арашэнне можа прывесці да загнівання каранёў і пажаўцення надземнай часткі расліны. Засуха таксама дрэнна адбіваецца на ёй — лаванда не загіне, але цвіценне не будзе такім раскошным, як хацелася б. Ідэальны рэжым паліву — па меры высыхання глебы.

Абрэзка кусцікаў

Гэты этап догляду лаванды нельга назваць абавязковым. Аднак толькі абрэзкай можна дабіцца фарміравання прыгожых, пышных кусцікаў. Не варта адмаўляцца ад карыснай працэдуры.

Звычайна лаванду падразаюць 2 разы на год.

Расліна звязвае кветкавыя пупышкі на галінах, якія яна вызваляе ў пэўную пару года, таму вясной, пасля нядаўніх замаразкаў, яе неабходна пакарочваць на 2/3. Пакідаюць толькі кароткія фрагменты леташняга прыросту і ўсе адраўнелыя парасткі.

Вясенняя абрэзка лаванды накіравана на яе добрае фарміраванне і стымуляцыю размнажэння, а таксама на рост моцных парасткаў. Абразаючы, мы надаём расліне паўсферычную форму. Лепш за ўсё выконваць карэкціроўку ў цёплы, сонечны дзень.

Лекавыя ўласцівасці

Каралева пахаў супакойвае, расслабляе, пазбаўляе ад галаўнога болю, у тым ліку мігрэні. Кветкі лаванды і масла, атрыманае з іх, стымулю­юць сакраторныя функцыі страўніка, таму настоі выкарыстоўваюць пры лёгкіх страўнікавых хваробах. Некаторыя інгрэдыенты масла аказваюць непасрэдны ўплыў на цэнтральную нервовую сістэму, зніжаючы напружанне і паляпшаючы сон. Пры нанясенні на скуру масла лаванды дзейнічае як су­працьгрыбковы сродак. Лавандавае масла прымяняецца ў касметалогіі — яно амалоджвае.

Другі раз падразаюць лаванду пасля цвіцення, а менавіта ў пачатку ліпеня. Укарочваем парасткі прыкладна на 1/3 даўжыні. Абрэзка лаванды ў гэты перыяд прымушае яе падтрымліваць прыемную і кампактную форму. Лаванда — паўднёвая расліна. Ёй падабаецца сонца, сухая зямля і добрае надвор’е.

Унясенне ўгнаенняў

У якасці ўгнаенняў выдатна падыходзяць мінеральныя комплексы, якія прадаюцца ва ўсіх садова-агародных і кветкавых магазінах. Іх трэба ўносіць у перыяд пачатку цвіцення. Канцэнтрацыя — 2 ст.л. на вядро вады. Атрыманым растворам трэба паліць глебу па перыметры кусцікаў.

За развіццё зялёнай масы адказва­юць азотныя ўгнаенні (2 ст.л. на вядро), таму яны незаменныя ў пачатку вегетацыі (росту). У другой палове лета іх выкарыстоўваць забаронена. Пад уздзеяннем азоту значна працягваецца тэрмін вегетацыі. Як вынік — расліна не паспявае падрыхтавацца да зімоўкі.

Ад выкарыстання ўгнаенняў можна і зусім адмовіцца, калі пад кусцікамі ляжыць тоўсты пласт мульчы з кампосту. Гніючы пад уздзеяннем знешніх фактараў, ён будзе на працягу ўсяго сезона пастаўляць расліне пажыўныя рэчывы.

Вырошчванне на балконе

Гэтая культура цудоўна сябе адчувае ў кампаніі белых і ружовых гваздзікоў, герані, чабару. Лаванда на балконе з’яўляецца добрым суседам для раслін з больш буйнымі кветкамі. Размяшчайце яе каля петуній, фіялак, герані. Лаванда ў вазоне можа расці самастойна.

У кантэйнерах, у якіх высаджаны гаршковыя і балконныя расліны, неабходны дрэнажны пласт памерам не менш за 5 см. Палова ёмістасці павінна быць запоўнена глебай з дабаўленнем кампосту.

Каб лаванда на балконе мела прыемную форму, яе трэба абразаць як мінімум 2 разы на год. Можаце паставіць яе каля ўваходных дзвярэй ці ля акна, прыцяніўшы фіранкай. Расліна добра рэагуе на лёгкі ветрык. Глеба павінна быць у меру сухой, урадлівай і дрэнажаванай.

Лаванда не любіць вільготную зямлю і вільготныя месцы. У такіх умовах расліна пашкоджваецца цвіллю, фітафторай. Калі вы трымаеце лаванду на балконе, зімой абавязкова заносьце яе ў дом.

Асаблівасці вырошчвання ў садзе

Кусты лаванды добра выглядаюць як у бардзюрах, так і ў кантэйнерах. Яны часта выкарыстоўваюцца ў якасці глебапокрыўных культур. Лаванда ўстойлівая да хвароб, гэтая расліна не мае патрэбы ў карпатлівым доглядзе. Ва ўмовах саду ёй неабходны вада, сонца і абрэзка.

Ідэальнае месца — паўднёвы бок дома. Куст не патрабуе вялікай колькасці падкормак, хаця часам варта выкарыстоўваць угнаенні з кальцыем. Калі вы падкормліваеце кветку, яна лепш пераносіць халады. Пад кустамі можна выкладваць пласт кампосту — ён абараняе карані ад вымярзання.

Зімоўка

Для кусцікаў лаванды, якім трэба будзе зімаваць у адкрытым грунце, можна арганізаваць надзейны зацішак. Праўда, у цёплых кліматычных зонах можна абысціся і без гэтага: па словах экспертаў, лаванда добра перажыве зіму, нават калі тэмпература апусціцца да -15°С. Калі чакаюцца маразы, мацнейшыя за гэтую адзнаку, уцяпленне неабходна. Акрамя таго, не лішнім бу­дзе перастрахавацца ў тых выпадках, калі зіма можа аказацца маласнежнай.

У канцы сезона кусцікі лаванды падразаюць. Зверху на градку ўкладаюцца галіны (лепш за ўсё ад хвойных дрэў). А вось прывычнае ўцяпленне ў выглядзе пласта лісця не падыходзіць. Пад ім лаванда можа загнісці. Некаторыя гатункі могуць зімаваць у адкрытым грунце.

Увогуле, догляд каралевы пахаў не такі складаны, як можа здацца на першы погляд. Выкарыстанне мульчы з кампосту пазбавіць ад праполак, рыхленняў і ўнясення падкормак. Садаводу застанецца толькі своечасова абразаць кусцікі, каб яны раслі моцнымі і шчодра цвілі.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.