Маранта

Маранту кветкаводы любяць за яе цудоўнае лісце. Маранту трохколерную называюць малітоўнай раслінай за тое, што лісце яе цудоўным чынам рэагуе на святло. Пры недахопе асвятлення лісце прымае вертыкальнае становішча, па форме нагадвае замкнутую разетку; пры дастатковым асвятленні адварочваецца, размяшчаецца гарызантальна, а разетка адкрываецца. Так, увечары лісце маранты апускаецца, а раніцай разварочваецца.

З-за таго, што расфарбоўка верхняй і ніжняй пласціны лістоў розная, атрымліваецца, што яны двойчы мяняюць афарбоўку. Хатняя кветка маранта — расліна з клубнепадобным карэнішчам, лісце эліптычнай формы, прыкаранёвае ці двухрадна размешчанае на сцёблах. Расфарбоўка лістоў разнастайная і неверагодна прыгожая: фонавы колер вар’іруецца ад амаль белага да цёмна-зялёнага, а на фоне вылучаюцца яркія плямы, палосы і жылкі. Верхні бок ліста намнога ярчэйшы за ніжні, гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі кветка маранта “здзяйсняе сваю малітву”. Цвіце хатняя маранта белымі, крэмавымі ці бэзавымі асіметрычнымі трохчленнымі кветкамі, сабранымі ў верхавінкавыя коласападобныя суквецці. Цвіценне маранты — не бог ведае якое відовішча, таму кветкі лепш адразу выдаляць, каб расліна дарэмна не расходавала сілы. Плод маранты — аднанасенная каробачка. Хатняя расліна маранта рэдка вырастае вышэй за 30—40 см, хаця прыродныя віды расліны часам дасягаюць 150 см у вышыню. Догляд маранты не вельмі складаны, таму вырасціць у сябе гэты скарб зможа нават пачынаючы кветкавод.

Глеба

Паветрапранікальны рыхлы субстрат — аснова для паспяховага вырошчвання расліны. Калі вырошчваць яе ў торфе, то трэба ў сумесь дабавіць крыху даламітавай мукі. Таксама можна выкарыстоўваць зямельныя сумесі для маранты з магазіна.

Даволі проста прыгатаваць уласны субстрат. Існуе 2 спосабы яго прыгатавання:

1-ы — торф (2 часткі), ліставая зямля (2 часткі), пясок (1 частка);

2-і — перагной (1 частка), ліставая зямля (4 часткі), торф (2 часткі), пясок (1 частка).

Для рыхласці субстрату ў сумесь дабаўляюць мох сфагнум, драўнінны вугаль, сасновую кару, лёгкую глебу з хвойнага лесу.

Паліў

Для паліву прымяніце змякчаную ваду хатняй тэмпературы, якая адстаялася больш за суткі, кіпячоную ці талую. Расліна па­трабуе паліваў не па раскладзе, а па стане грунту. Перад палівам зямля ў вазоне павінна крыху падсохнуць. Летам глеба высыхае хутчэй, таму трэба павялічыць частату паліваў. Зімой можна абмежавацца парай паліваў за тыдзень. Таксама ў холад можна чаргаваць паліў з апырскваннем усёй расліны.

У фазе актыўнага росту паліваць трэба часцей, але не перастарацца. У гэты час у ідэале зямля павінна быць увесь час вільготнай, але не сырой. Залішняе ўвільгатненне глебы можа прывесці да таго, што корань загніецца. Пры паліве трэба не дапускаць пападання вады на лісце, каб не ўзнікалі грыбковыя хваробы.

Асветленасць

Гэтая кветка не вельмі любіць сонечны бок. Нават на паўночным баку лісты расліны бываюць пажухлымі і бледнымі, тут ім таксама занадта светла. А вось у глыбіні пакоя маранта будзе цудоўна сябе адчуваць. Пачнуць вырастаць новыя лісткі з яркай афарбоўкай, магчыма, будзе цвіценне. Пры кароткіх светлавых днях вазон можна ставіць бліжэй да акна, але не на падаконнік.

Хаця гэтая расліна і ценелюбівая, без сонечнага святла ўсё ж такі хутка зачахне. Для маранты лепш за ўсё рассеянае святло. Лішак сонечнага святла можа прывесці да таго, што яе лісце зменіць афарбоўку, стане значна меншым.

Тэмпература

Паколькі маранта — жыхар тропікаў, то лічыць за лепшае цёплае ўтрыманне. Летам ёй неабходна тэмпература каля 20—25°С, зімой — не менш за 17—18°С. Расліна вельмі баіцца скразняку, з-за чаго далікатныя лісты хутка сохнуць. Таксама не трэба ставіць вазон на халодную падлогу ці падаконнік. У цёплы сезон маранту можна ўтрымліваць проста на вуліцы, але ў цені і ў месцы, якое не прадзімаецца.

У перыяд з кастрычніка па люты ў расліны настае так званы перыяд спакою. У гэты перыяд расліна будзе адчуваць сябе камфортна пры тэмпературы 18—20°С. Адзінае, ад чаго варта засцерагчы гэтую расліну, — гэта рэзкія перапады тэмпературы.

Вільготнасць

Гэты крытэрый, напэўна, самы галоўны, калі даглядаеш маранту. Звычайных апырскванняў можа не ха­паць. Для падтрымання неабходнай вільготнасці стаўце вазон на паддон з мокрай галькай ці мохам і перыядычна праводзьце водныя працэдуры душам. Толькі ў такім выпадку накрыйце зямлю поліэтыленавым пакетам, каб яе не пераўвільгатніць. Паліваючы наступны раз, прасачыце, каб глеба падсохла.

Калі кветка знаходзіцца ў памяшканні з сухім паветрам, апырсквайце яе пару разоў на тыдзень (летам) і 1—2 разы ў 7 дзён у зімовы час.

Нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца па ўвільгатненні паветра, у хатніх умовах у кветкі могуць адсыхаць кончыкі лісткоў, а вось у цяпліцы расліны цудоўна сябе адчуваюць.

Падкормка

Падкормкі маранты праводзяць з першых вясенніх дзён да восені. Угнойваюць праз тыдзень, разлічваючы адзін грам на літр вады. З красавіка да канца лета можна падкарміць комплексным наборам угнаенняў для дэкаратыўных хатніх раслін. Кветка даволі адчувальная да лішку падкормак. Патрабуе мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, якія ўносяць па чарзе раз на два тыдні. Аднак трэба памятаць, што расліна адчувальная да перакорму.

Зімой маранту падкормліваюць вельмі разведзеным угнаеннем не часцей чым 1 раз у 28—30 дзён.

Абрэзка

Прыросты расліны, якія выцягнуліся, выдаляйце па меры іх з’яўлення. Гэта спрыяе таму, што з цэнтра актыўна растуць новыя маладыя расткі.

Перасадка

Перасаджваюць маранту раз у некалькі гадоў. Лепш гэта рабіць вясной, калі набірае тэмп вегетацыя. Гэтая расліна аддае перавагу шырокім ёмістасцям. Для перасадкі рыхтуюць рыхлы тарфяны субстрат з дабаўленнем кампосту і ліставой зямлі ў роўных долях. Можна карыстацца куплёнымі сумесямі для маранты.

Калі пасадку можна праводзіць у любы сезон, то дзяленне куста супрацьпаказана зімой. Пры перасаджванні выдаляюць хворыя і старыя лісты, тым самым стымулюючы рост новых парасткаў.

Размнажэнне

Размнажаецца маранта двума спосабамі: дзяленнем і размнажэннем пасынкамі. Пры размнажэнні дзяленнем расліну дзе­ляць на некалькі частак, стараючыся не пашкодзіць карані, потым высаджваюць у торфазмяшчальную глебу і добра палі­ваюць цёплай вадой. Вазон з кветкай ставяць у поліэтыленавы пакет і няшчыльна завязваюць, ствараючы парніковы эфект. Трымаюць яго ў пакеце да таго часу, пакуль на расліне не з’явяцца новыя сцяблінкі з лісткамі. Размнажэнне дзяленнем неабходна праводзіць толькі пры перасадцы расліны.

Адзін са спосабаў размнажэння маранты — пасынкамі. Для гэтага з новых парасткаў зразаюць верхавінку з 2—3 лістамі. Можна змясціць іх непасрэдна ў глебу, накрыўшы пакетам, слоікам ці абрэзанай пластыкавай бутэлькай, а можна паставіць у ваду. Пасля з’яўлення каранёвай сістэмы, а гэта адбудзецца праз 5—6 тыдняў, расліну высаджваюць. Размнажэнне пасынкамі праводзяць летам ці позняй восенню.

Укараняецца маранта ў хатніх умовах даволі неахвотна. Таму трэба ўзяць адразу 4—5 пасынкаў і забяспечыць павышаную вільготнасць (паставіць пад пакет, слоік і г.д.).

Калі маранта раптам стала непрыгожай, па нейкай прычыне паблякла, пажаўцела, лісце непрыгожа выцягнулася ў розныя бакі, яе можна падстрыгчы пад корань. Звычайна гэта робяць увосень пад зіму, абстрыжаны кусцік можна паставіць у цёмнае месца. Пры гэтым трэба не забываць час ад часу яго паліваць. Праз месяц-паўтара ў маранты пачнуць адрастаць новыя лісты. Куст пасля такой стрыжкі разрастаецца больш пышна, новыя лісты вырастаюць большага памеру.

Падрыхтавала Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,

педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.