Як прыцягнуць увагу бацькоў да адукацыйнага працэсу ў спецыяльным класе, дзе вучацца дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці? Як арганізаваць эфектыўную сумесную дзейнасць педагогаў, вучняў, іх мам і татаў?
Мы выбралі метад праектаў — адзін з дзейсных спосабаў арганізацыі калектыўнай пазнавальнай і творчай дзейнасці. Праект “Вырасцім пакаёвую расліну разам з мамай”, які вырашае пэўныя задачы прадметаў “Асновы жыццядзейнасці” і “Гаспадарча-бытавая праца”, далучае бацькоў да сумеснай практычнай дзейнасці з дзецьмі па вырошчванні пакаёвых раслін для ўпрыгожвання інтэр’ера і класаў ЦКРНіР, фарміруе экалагічную культуру ў выхаванцаў.
Работа над праектам складалася з некалькіх этапаў. Спачатку педагогі расказалі бацькам пра яго значнасць і спосабы рэалізацыі, высветлілі магчымасці і пажаданні кожнай сям’і. Затым азнаёмілі бацькоў з літаратурай пра пакаёвыя расліны і тэхналогіяй іх вырошчвання. Шмат цікавага бацькі даведаліся падчас віктарыны “Што вы ведаеце пра пакаёвыя расліны?” і тэматычнай гутаркі “Карысныя ўласцівасці пакаёвых раслін”. Быў паказаны класны куток “Нашы зялёныя сябры”.
У рамках праекта бацькі і дзеці наведалі магазін “Кветкі” і аднайменную выставу творчых работ у Ляхавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Пасля падрыхтоўчага этапу бацькі, абапіраючыся на ўласныя веды і практычны вопыт, пачалі працаваць з дзецьмі. Падчас рэалізацыі праекта мамы кансультаваліся з педагогамі наконт выбару віду пакаёвай расліны, ёмістасці для яе і глебавай сумесі, тэхналогіі пасадкі і догляду, назірання за ростам і развіццём, прэзентацыі зялёных гадаванцаў і выканання творчых работ.
Дзеці з цікавасцю вырошчвалі і даглядалі кветкі ў дамашніх умовах.
Завяршыўся праект выставай творчых работ “Мая кветка” і паказам зялёных гадаванцаў. Усе ўдзельнікі праекта атрымалі вялікае задавальненне ад сумеснай дзейнасці і гатовы да ажыццяўлення новых задум.
Наталля ДЫЛЕЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.