Пад пунсовымі ветразямі

Тэрыторыя Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна нагадвае велізарны кветнік. Вясной тут цвітуць нарцысы, прымулы, крокусы, арабіс. Летам дзяцей і дарослых радуюць сваім хараством ружы, гартэнзіі, сальвіі, лілеі, петуніі, браткі.


Упрыгожылі тэрыторыю школы і малыя архітэктурныя формы з выкарыстаннем камянёў: карабель “Пунсовыя ветразі”, “Смоўж”, “Каменны шар” і “Кропелькі расы”.

У цэнтры знаходзіцца ландшафтная кампазіцыя “Пунсовыя ветразі”. Традыцыйна тут праводзяцца многія важныя для школы мерапрыемствы.

У Год малой радзімы мы вырашылі пашырыць відавую разнастайнасць кветак і стварыць новыя архітэктурныя кампазіцыі. Так, вясной гэтага года па ініцыятыве навучэнцаў 7 класа была створана кампазіцыя “Кропелькі расы”. А дзякуючы намаганням навучэнцаў 8 і 9 класаў і настаўніка тэхнічнай працы Аляксандра Віктаравіча Петрусенкі з’явілася кампазіцыя “Каменны шар”.

Летняя практыка ператвараецца ў сапраўдную мастацкую і экалагічную місію. Школьнікі спрабуюць сябе ў ролі садаводаў і дызайнераў.

 

Жыхары аграгарадка Аўсянка, госці любуюцца школьнай тэрыторыяй і з задавальненнем фатаграфуюцца на фоне зноў створаных кампазіцый.

Адміністрацыя школы, педагагічны калектыў і навучэнцы робяць усё неабходнае, каб падарожжа ў свет ведаў на школьным караблі пад пунсовымі ветразямі было ўтульным і камфортным.

 


Святлана ОСІПАВА,

настаўніца абслуговай працы Аўсянкаўскай
сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.