Рададэндран

Рададэндраны ў перыяд іх цвіцення напаўняюць нашы сады яркімі фарбамі. На мой погляд, з усіх дэкаратыўных кустоў непараўнальныя рададэндраны дэманструюць самае эфектнае цвіценне вясной і ў пачатку лета. Прыгажосць кветак рададэндрана зачароўвае, а іх мноства пры доўгай працягласці цвіцення (на працягу месяца і больш) дзень пры дні радуе нас… Могуць яны расці і ў хатніх умовах.

Пасадка

Поспех культывавання рададэндрана ў садзе шмат у чым залежыць ад выбару правільнага становішча, якое забяспеч­вае расліне ўмовы, блізкія да натуральных. Патрабаванні адносна ўчастка ў расліны даволі высокія: вечназялёнае лісце робіць кусты чуллівымі да нізкіх тэмператур і фізіялагічнай засухі. Трэба выбраць паўзацененае месца, абароненае ад ветру, з высокай вільготнасцю. Клумбу з рададэндранамі лепш за ўсё разбіць з паўночнага боку будынка, на паўзацененым участку, каб апоўдні, калі сонечныя прамяні дасягаюць максімальнай сілы, расліна была цалкам закрыта ад іх. Можна дабіцца гэтага, пасадзіўшы рададэндран побач з больш буйнымі групамі кустоў, якія ствараюць дэкаратыўны фон. Высокія дрэвы таксама будуць выдатнай кампаніяй. Паколькі карані куста растуць павярхоўна ў плоскасці верхняга пласта грунту, лепш пасадзіць рададэндран блізка ад дрэў з каранямі, якія растуць глыбока ў зямлю, напрыклад, каля дуба. Паколькі расліна ў прыродзе сустракаецца ў рэгіёнах з высокай вільготнасцю, зручныя ўмовы дапамагаюць стварыць навакольныя мясцовасці невялікіх сажалак, ручаёў. Кветкі абсалютна не выносяць шчолачнай ці нейтральнай глебы — яна абавязкова павінна быць кіслай, багатай гумусам, добра аэраванай, без прымесей вапны. Перад тым як садзіць рададэндран, рэкамендуецца праверыць грунт на кіслотнасць. Ёсць таксама народныя метады. Адзін з іх заснаваны на выкарыстанні лістоў чорных парэчак ці вішні.

Як праверыць

Заліць жменю лістоў кіпенем, пачакаць, пакуль заварацца.

Узяць зямлі з градкі, дзе плануецца са­дзіць рададэндран.

Кінуць яе ў шклянку з заваркай.

Калі вадкасць змяніла колер і стала зялёнай, то грунт на ўчастку нейтральны — трэба ўносіць кіслыя кампаненты. Чырвоны колер гаворыць пра нармальны ўзровень кіслаты — у гэтым выпадку нічога рабіць не трэба. Сіні колер заваркі гаворыць пра тое, што глеба слабакіслая, таму патрабуецца крыху дабавіць пілавіння ці ігліцы. Адным з найлепшых матэрыялаў для вырошчвання з’яўляецца сумесь торфу і гліны. Рададэндран высаджваюць у наступным парадку:

  • выкопваюць ямы, неглыбокія (35—40 см) і даволі шырокія (55—60 см);
  • ніжнюю частку дрэнажуюць пясчана-галечным пластом (10—15 см);
  • засыпаюць іх сумессю суглінку і торфу (верхавога ці сфагнавага, з малой кіслотнасцю), пры гэтым торфу павінна быць прыкладна ў 2 разы больш;
  • злёгку ўтрамбоўваюць грунт унутры ямы і робяць у ім лунку велічынёй пад земляны камяк саджанца;
  • апускаюць карані саджанца ў лунку і засыпаюць глебавай сумессю па самую каранёвую шыйку, якая ў выніку павінна апынуцца на адным узроўні з паверхняй грунту;
  • шчодра паліваюць расліну, калі глеба сухая;
  • праводзяць мульчыраванне (на глыбіню 5—7 см), для якога падыдуць торф, мох, перапрэлая ігліца, лісце і здробненая кара дуба.

Каб расліна лепш прыжылася на новым месцы, перад пасадкай карані добра прамачыце вадой: апусціце саджанцы ў ёміс­тасць з вадой да таго часу, пакуль на паверхні не перастануць з’яўляцца паветраныя бурбалачкі. Афармленнем пасаджанага кусціка лепш заняцца праз пару тыдняў — пасля поўнага яго ўкаранення. Можна надаць расліне пэўную форму, а аснову дэкарыраваць у залежнасці ад стылю ландшафтнага дызайну вашага ўчастка.

Існуе яшчэ адна хітрасць, якая спрыяе лепшаму развіццю каранёвай сістэмы. У расліны, якая цвіце, зрэжце найбольш пышныя бутоны — такім чынам саджанец больш сіл патраціць на ўкараненне. Існуюць і тонкасці, напрыклад, клапатлівы падыход пры рыхленні. Паколькі карані расліны знаходзяцца вельмі блізка да паверхні, рыхліць грунт трэба вельмі асцярожна, а перакопваць і зусім не варта. Выдаляючы пустазелле, ні ў якім разе не выкарыстоўвайце матыку ці садовы нож: дзейнічаць можна толькі ўручную.

Паліў

Адносіны рададэндрана да вільгаці вельмі цікавыя. З аднаго боку, ён абсалютна не пераносіць пераўвільгатнення, з другога — патрабуе пастаяннага апырсквання і паліву спецыяльна падрыхтаванай вадой. Яшчэ ў час выбару месца для пасадкі праверце, ці не даходзяць блізка да паверхні грунтавыя воды. Справа ў тым, што пры вялікай колькасці вільгаці ў глебе карані проста “захлынуцца” і расліна загіне. Менавіта таму неабходны пласт дрэнажу для адводу лішкаў вады. Асабліва важна выконваць рэжым паліву ў перыяд развіцця бутонаў і цвіцення: чым больш якасны паліў, тым ярчэйшыя і пышнейшыя будуць суквецці. Паліў ажыццяўляюць рэгулярна, папярэдне падкісляючы ваду: для гэтага за 12—20 гадзін да паліву ў ёмістасць з вадой кладуць 2—3 жмені сфагнавага торфу. Ваду з-пад крана лепш не выкарыстоўваць, у крайнім выпадку яе неабходна адстаяць. Ідэальны варыянт — дажджавыя зборы. Рэгулярнасць паліву залежыць ад стану расліны: як толькі лісты страцілі глянцавы бляск і змянілі тургар — пара паліваць.

Падкормка

Пачынаць падкормліваць рададэндраны неабходна з пасадкі і на працягу ўсяго перыяду цвіцення. Для захавання важнага для культуры кіслага асяроддзя прымяняюць суперфасфат, сернакіслы калій, азотнакіслы калій, сернакіслы магній ці кальцый, амоній, але ў мінімальнай канцэнтрацыі. Ранневясеннюю падкормку складаюць з угнаенняў, якія змяшчаюць азот (на 1 куб. метр вадкасці 40—50 г сернакіслага магнію ці амонію), яна актуальная і ў перыяд пасля цвіцення. У ліпені дозу ўгнаенняў трэба знізіць да 20 г. Ідэальная падкормка для рададэндранаў — вадкі раствор натуральных угнаенняў, такіх як рагавая мука ці каровін гной. Перапрэлы гной разводзяць вадой (1 частка ўгнаення на 15 частак вады), настойваюць 3—4 дні і выкарыстоўваюць у час паліву. Праз 1—2 гады пасля пасадкі неабходна абнавіць верхні пласт глебы. Для гэтага торф у роўных долях змешваюць з перагноем ці кампостам і пасыпаюць участак вакол каранёў. Нараўне з натуральнымі кампанентамі ў падсыпку дабаўляюць суперфасфат, сернакіслы калій ці амоній (сухія рэчывы — па 1 ст. лыжцы). У якасці сухой прысыпкі можна выкарыстоўваць “Агрыколу” для квітучых садовых раслін. Памятайце, што ўгнойваць неабходна толькі добра палітыя кусты.

Размнажэнне

Тры найбольш удалыя спосабы размнажэння рададэндрана ў садовых умовах: насеннем, пасынкамі, атожылкамі.

Насеннем. Вырошчванне раслін з насення — занятак доўгі і працаёмкі. Сухое, здаровае насенне высяваюць у вазоны ці скрыні з вільготным торфам, дабаўля­юць крыху пяску, прыкрываюць шклянымі каўпакамі і выстаўляюць у добра асветленае месца. На працягу месяца неабходна ўвільгатняць грунт і выдаляць кандэнсат са шкла. Усходы, якія з’явіліся праз 4 тыдні, высаджваюць у цяпліцу з халаднаватым кліматам па схеме 2 × 3 см. Сеянцы будуць расці вельмі доўга, і толькі праз 6—7 гадоў вы ўбачыце першае цвіценне.

Пасынкамі. Неабходна ўзяць парасткі, напалову адзеравянелыя, і нарэзаць з іх некалькі пасынкаў даўжынёй каля 7—8 см. Выдаліць з ніжняй часткі лісты, а апрацаваны канец змясціць у ёмістасць з гетэрааўксінам — стымулятарам росту, дзе вытрымаць 12—15 гадзін. Потым змясціць у тарфяны грунт і накрыць, як у выпадку з насеннем. У залежнасці ад гатунку пасынкі ўкараняцца праз 2—4 месяцы, пасля чаго іх перасаджваюць у скрыні з тарфяна-хвойным грунтам і выносяць у халаднаватую цяпліцу. Аптымальная тэмпература — 10°С. Высаджваюць вясной разам з іншымі кветкамі непасрэдна ў скрынях, і толькі праз пару гадоў іх можна перасаджваць на асноўнае месца росту.

Атожылкамі. Найбольш зручны варыянт размнажэння — прышпільванне атожылкаў. Бяруць гнуткі ніжні парастак, каля яго выкопваюць равок 12—15 см у глыбіню і кладуць гучок у гэты равок. Каб ён не падняўся, сярэднюю частку сцябла прышпільваюць, а зверху прысыпаюць торфам. Верхнюю частку неабходна вывесці наверх і прывязаць да апоры — драўлянага калка, уваткнутага ў зямлю. Атожылак даглядаюць гэтак жа, як і ўвесь куст — паліваюць, апырскваюць. Калі ён укарэніцца (позняй восенню ці вясной), яго акуратна аддзяляюць, выкопваюць і перасаджваюць на месца пастаяннага росту. Гэты спосаб асабліва добры для размнажэння лістападных рададэндранаў.

Абрэзка

Абразаць рададэндраны асаблівай неабходнасці няма, бо ўсе яны маюць правільную сферычную форму. Абрэзка праводзіцца, калі некаторыя парасткі падмерзлі і пупышкі на іх загінулі. У такія месцы могуць пранікнуць бактэрыі, таму зрэз апрацоўваецца садовым варам ці медным купарвасам.

Галіны, якія растуць у сярэдзіну куста, лепш выдаліць, каб не стваралі згушчанасці. Калі ў сярэдзіну кроны бу­дзе пранікаць святло, расліна будзе пышней цвісці.

Абразаюць старыя кусты, якія вельмі разрасліся, — гэта амалоджвае дрэўца, але праводзіць такое мерапрыемства неабходна асцярожна, бо яно вельмі аслабляе расліну. У першы год абразаецца адна палова куста, на другі год — другая. Можна расцягнуць абрэзку на 3 гады, каб менш траўміраваць расліну — тады яна будзе працягваць цвісці.

У рададэндранаў ёсць асаблівасць — цвісці праз год. Адбываецца гэта з-за недахопу пажыўных рэчываў. Куст назапашвае іх, потым утварае кветаносы. На наступны год адпачывае і зноў назапашвае пажыўныя рэчывы. Калі ўзяць за правіла ўносіць пажыўныя рэчывы штогод восенню, “правалаў” у цвіценні не будзе.

Каб куст дарэмна не расходаваў падкорм­кі, усе суквецці, якія адцвілі, рэкамендуецца адразу выдаляць секатарам.

Хваробы і шкоднікі

Часцей за ўсё на гэтым кусце селяцца мучністыя чарвяцы, шчытоўкі, павуцінныя кляшчы, клапы, даўганосікі, рададэндравыя мухі, а яшчэ слізнякі і смаўжы. Пры з’яўленні на кусціках бруханогіх іх збор трэба право­дзіць уручную, а ў прафілактычных мэтах расліну апырскваюць растворам фунгіцыднага прэпарату “Тырам” або ТМТД (8%). Калі на рададэндране пасяліліся рададэндравыя клапы, павуцінныя кляшчы або даўганосікі, то яго неабходна апыр­скаць дыязінонам. Пры гэтым пры пашкоджанні даўганосікамі апрацоўваецца не толькі куст, але і паверхня зямлі каля яго. Для таго каб пазбавіцца  ад астатніх шкоднікаў, выкарыстоўваюць карбафос, пры гэтым трэба выконваць указанні, дадзеныя ў інструкцыі. Найбольш часта такая расліна хварэе на грыбковыя хваробы: рак, іржу, хлароз або плямістасць лісця. Часцей за ўсё такія хваробы развіваюцца ў выніку недастатковай аэрацыі каранёвай сістэмы. Пры пашко­джанні ржой і плямістасцю куст неабходна апырскаць медзь­змяшчальнымі прэпаратамі, напрыклад, бардоскай сумессю. Пры захворванні хларозам кусцік мяняе сваю афарбоўку на жоўтую, у гэтым выпадку ў ваду для паліву неабходна ўсыпаць хелат жалеза. Калі рададэндран хворы на рак, то неабходна пашкоджаныя сцёблы або абрэзаць да здаровай тканкі, або зусім выдаліць. У мэтах прафілактыкі ў пачатку вясенняга перыяду і глыбокай восенню кусты трэба апырскваць бардоскай сумессю.

Падрыхтавала Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.