Расходнік — адна з нямногіх раслін, здольных упрыгожыць сад позняй восенню. Адна з яго назваў — седум (у перакладзе з лацінскай sedere азначае “сядзець”): лісце, якое не мае чаранкоў, сапраўды быццам сядзіць на стволіках.
Ёсць некалькі відаў расходніку: пурпурны, звычайны, каўказскі і інш. Яны падобныя знешне і блізкія па лячэбных уласцівасцях. Лісце часта выкарыстоўваюць у якасці абязбольвальнага сродку, разрэзанае ўздоўж і прыкладзенае да раны ці месца апёку, яно тут жа супакойвае боль, змяншае запаленне і паскарае загойванне. Расходнік мае патрэбу ў мінімальным доглядзе, які складаецца з паліву, падкормкі, абрэзкі і падрыхтоўкі на зіму. Перад пасадкай расходніку ў адкрыты грунт неабходна правільна выбраць участак. Расліна адносіцца да разраду святлолюбівых і любіць сонечныя месцы з невялікім натуральным зацяненнем у дзённыя гадзіны. Калі культуру змясціць у цень, яна можа страціць яркасць колеру і дэкаратыўнасць.
Расліна не любіць залішняга ўвільгатнення і патрабуе ўмеранага паліву. Маладыя, толькі што пасаджаныя кусцікі паліваюць крыху часцей, а дарослыя — толькі пры працяглай засусе.
Падкормліваць расходнік варта пару разоў на год: глебу рэкамендуецца ўгнойваць растворам дзіванны, разведзенай вадой у канцэнтрацыі 1:10, або растворам птушынага памёту, разбаўленага ў суадносінах 1:20. Рабіць гэта неабходна ў асенні перыяд, пасля таго як расліна адцвіце. Угнойваць седум свежым гноем нельга.
Расходнік вельмі хутка нарошчвае зялёную масу і патрабуе рэгулярнай абрэзкі, падчас якой выдаляюць старыя голыя парасткі, завялыя суквецці і занадта доўгія сцёблы куста.
Позняй восенню, калі гаснуць усе фарбы, толькі расходнік працягвае радаваць сваім выглядам. Яго дробныя чырвоныя зацярушаныя снегам кветачкі — як выклік самой прыродзе. Трэба сказаць, што сваю прывабнасць ён захоўвае на працягу ўсяго сезона. Амаль усе віды седумаў марозаўстойлівыя. Але нават падмерзнуўшы, яны хутка аднаўляюцца.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.