Хутка і смачна

Чарговы раз хачу падзяліцца з чытачамі сваімі рэцэптамі. Спадзяюся, і вам яны прыйдуцца даспадобы.

Перш за ўсё хачу прапанаваць смачную і карысную страву з адыгейскага сыру (пажадана хатняга гатавання) пад назвай “Кнолікі”. Гэтым цікавым рэцэптам са мной падзялілася адна гаспадыня, якая вырабляе дамашнія малочныя прадукты.

Інгрэдыенты: 200 г адыгейскага сыру (пажадана сухога), нескалькі зубчыкаў часнаку, соль (я бяру марскую  або гімалайскую соль дробнага памолу), любыя гатовыя натуральныя наборы спецый для першых і другіх страў без глутамату натрыя (я, напрыклад, вельмі люблю “Праванскія травы”).

Гатаванне: адыгейскі сыр размяць відэльцам, дабавіць соль і дробна нарэзаны часнок. Скачаць невялікія шарыкі. Абсыпаць іх спецыямі. Пакінуць прыкладна на 1 гадзіну ў халадзільніку — і можна падаваць на стол.

Кнолікі выдатна падыходзяць на снеданне як самастойная страва або як перакус. Можна таксама падаваць іх да салатаў са свежай агародніны, запраўленых сланечнікавым,  аліўкавым  або канапляным алеем.

Кнолікі можна захоўваць у халадзільніку некалькі дзён.

У гэты год у нашай сям’і быў нядрэнны ўраджай алычы на дачы, таму мы гатавалі шмат розных страў з яе. Мне вельмі падабаецца тое, што алыча выдзяляе больш прыемнай фруктовай кіслаты менавіта падчас гатавання. Таму на дэсерт прапаную зрабіць фруктовы сарбет з алычы, які вельмі спадабаўся маім дзецям. Сарбет — гэта дэсерт на аснове замарожанага фруктовага або ягаднага соку і пюрэ. Па кансістэнцыі ён нагадвае крэм з украпінамі льдзінак.

Інгрэдыенты: 1 кг алычы, 1 кг цукру жэліруючага “Класік 1:1” Жабінкаўскага цукровага завода, некалькі лісткоў мяты, цукровая пудра (на смак).

Гатаванне: алычу прамыць, аддзяліць мякаць ад костачак. Узбіць алычу ў блэндары або прапусціць праз мясарубку. Вылажыць масу ў эмаліраваны посуд, давесці да кіпення і варыць на працягу 5 мінут. У атрыманую масу ўсыпаць малымі порцыямі жэліруючы цукар, а пасля яго поўнага растварэння варыць яшчэ 2 мінуты.

Пасля ахалоджвання разліць масу ў формы для гатавання лёду і замарозіць у маразільніку. Можна таксама скарыстацца сіліконавымі формамі для выпечкі. Калі маса амаль поўнасцю замарозіцца, дастаць дэсерт і пакласці на плоскую талерку на лісцікі мяты. Можна пасыпаць дэсерт цукровай пудрай. Сарбет можна падаваць да салодкіх страў, напрыклад, да блінцоў або сырнікаў замест джэму ці варэння.

У нас заўсёды захоўваецца некалькі порцый сарбету ў маразілцы, каб дзеці ў любы момант маглі пакаштаваць натуральную салодкую страву.

Смачна есці!

Святлана СЁМІНА, 
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.