Касачы — абсалютна непатрабавальная расліна. Для іх падыходзіць любое месца, галоўнае, каб было сонца. Сёння мы будзем гаварыць пра адзін са спосабаў размнажэння гэтых раслін — з майго пункта гледжання, самы эфектыўны і вельмі надзейны. Гэта спосаб дзялення карэнішча. У ліпені — жніўні самы час размножваць касачы такім чынам.
Касачамі ў народзе называюць некалькі відаў гэтых раслін: распаўсюджаныя паўсюдна карэнішчавыя касачы, якія часам называюць “пеўнікамі” або “касацікамі”, а таксама цыбульныя разнавіднасці гэтай культуры — юнона, ірыдадыктум, ксіфіум. Каб не ўзнікла блытаніны, адразу адзначу: я буду гаварыць пра размнажэнне карэнішчавых — барадатых касачоў. Ад іншых відаў раслін іх лёгка адрозніць па кароткіх шчацінках на пялёстках, якія нагадваюць бараду і афарбаваны ў жоўты колер. Барадатыя касачы варта дзяліць і рассаджваць кожныя 7—8 гадоў, а вось карлікавыя і іншыя хуткарослыя гатункі — кожныя 3—4 гады.
Вегетатыўнае размнажэнне касачоў нескладанае, але мае шэраг асаблівасцей. Перад пасадкай касачоў клумбу варта абавязкова перакапаць на глыбіню да 30—35 см. У цяжкую глебу неабходна ўнесці крыху пяску і торфу, а вось кіслотнасць глебы нейтралізуецца вапнай. У якасці ўгнаення выдатна падыходзіць сумесь з перагною або добра выспелага кампосту, а таксама варта дабавіць сюды па жмені суперфасфату і драўнянага попелу. Такі комплекс угнаенняў уносіцца менавіта пад перакопку.
Выкапаўшы карэнішча, яго разразаюць на некалькі буйных частак, якія ўключаюць у сябе не менш за адзін веер лісця і два-тры каранёвыя звёны. Кожную з дзялёнак трэба старанна агледзець, выразаць падгнілыя і застарэлыя ўчасткі. Дробныя карэньчыкі абразаюць да даўжыні 10—11 см, затым кароцяць ліставую частку да 15 см. Лісце зразаюць накасяк.
Карэнішча змяшчаюць у раствор марганцоўкі на 1,5—2 гадзіны, прасушваюць, месцы зрэзаў апрацоўваюць тоўчаным вугалем. Праз 2—3 дні, калі выпарыцца лішняя вільгаць з каранёў, дзялёнкі высаджваюць у грунт.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.