Спацыфілум, ці “жаночае шчасце”

Сярод тых, хто любіць надзяляць расліны магічнымі ўласцівасцямі, спацыфілум лічыцца кветкай станоўчай, якая прыўносіць гармонію ў адносіны сямейнай пары, а адзінокім дапамагае знайсці сваю палавінку.
Прадстаўніцам жаночага полу любога ўзросту ён садзейнічае ў набыцці душэўнага спакою, кахання і шчасця. Невыпадкова адна з назваў расліны —“жаночае шчасце”.

Расліна вышынёй да 60 см мае кароткае карэнішча і пазбаўлена сцябла — лісце размяшчаецца на корані і расце з глебы пучком. Форма ліставых пласцін — ад выцягнутай эліптычнай да ланцэтападобнай. Лісце суцэльнае, з вылучанымі жылкамі — сярэдняй і бакавымі.

Кветкавыя стрэлкі вырастаюць з цэнтра культуры. Суквецце ўяўляе сабой светла-жоўты пачатак з беласнежнымі кветачкамі на фоне даўгаватага калякветніка-пакрывала. Падчас цвіцення ён белага колеру, а затым хутка зелянее. Кветкі двухполыя.

Спацыфілум цвіце на працягу некалькіх тыдняў звычайна вясной, але паўторныя сеансы могуць назірацца ў любую пару года. Пасля іх завяршэння кветканос выдаляюць, зразаючы яго як мага ніжэй.

Лішак азотазмяшчальнага ўгнаення можа прывесці да таго, што расліна пачне нарошчваць сакавітае, празмерна буйное лісце замест таго, каб цвісці. А бурыя плямы на лісці — знак таго, што вы перакормліваеце свайго зялёнага любімца фосфарам і каліем.

Месцазнаходжанне
і асвятленне

Спацыфілум любіць святло — яркае, але рассеянае. У паўцені ён расце нядрэнна, але на недахоп святла рэагуе драбненнем лістоты. Кветка добра адчувае сябе на падаконніках паўночнага боку дома. Размешчаныя каля паўднёвых вокнаў экзэмпляры маюць патрэбу ў частковым прыцяненні, паколькі прамыя сонечныя промні становяцца прычынай апёкаў ліставых пласцін.

Тэмпература

Тэмпературны рэжым для ўтрымання культуры адрозніваецца з улікам пары года і перыяду росту або спакою: вясной і летам у памяшканні павінна быць мінімум 18, а лепш — 22 градусы цяпла.

Узімку тэмпература не павінна апускацца ніжэй за +16 — +18° C.

Ніжэй за мінімальныя значэнні паказчыкі апускацца не павінны, інакш можа развіцца каранёвая гніль, што прыводзіць да гібелі расліны. Спацыфілум таксама не любіць скразнякоў і патокаў прахалоды ад кандыцыянера.

Вільготнасць

Спацыфілум — трапічная расліна, таму ёй патрэбна высокая вільготнасць паветра, не меншая за 40%. Для падтрымання паказчыкаў на патрэбным узроўні ў летні перыяд трэба праводзіць рэгулярныя апырскванні. Гэтыя маніпуляцыі ў момант фарміравання бутонаў выконваюць асцярожна, каб не дапусціць пападання вільгаці на кветкі.

Узімку, у перыяд спакою, вазон з кветкай можна паставіць на паддон, абсыпаны керамзітам ці вільготнай галькай.

Карыснай працэдурай будзе цёплы душ, які праводзяць у перыяд вегетацыі. Яго выконваюць раз на тыдзень цёплай вадой, праціраючы лістоту вільготным матэрыялам. У зімовы час не варта ўстанаўліваць вазон побач з ацяпляльнымі прыборамі і батарэямі. Сухое паветра згубна адбіваецца на развіцці і росце расліны.

Перасадка

Калі догляд гэтай расліны павінен праводзіцца штодзень, то перасадка — 1 раз на год. Памер вазона павінен быць якраз або крыху большы, пры ўліку, што кветка расце хутка. Матэрыял, з якога зроблены вазон, не мае значэння.

Для сябе вам варта разумець, што вазоны з тонкага пластыку проста нязручныя. Такі матэрыял хутка зношваецца і становіцца непрыгодным. Калі вы саджаеце расліну для сябе, то выкарыстоўвайце кераміку або шкло.

Не ўлівайце пажыўны раствор (асабліва куплёны) у сухую зямлю. Каб не спаліць карэньчыкі, спачатку злёгку паліце зямлю ледзь цёплай чыстай вадой, а потым уносьце падкормку. Калі баіцеся заліць расліну, у адзін дзень паліце яе, а ў іншы (праверыўшы, ці не высах субстрат) падкарміце.

Для таго каб глеба хутка не перасыхала, на яе ўкладваецца мох. Калі ж нарыхтоўка глебы для вас стомны занятак, гатовую сумесь можна купіць у магазіне.

Калі глебасумесь і вазон гатовы, расліна вымаецца са старога кантэйнера, каранёвая сістэма злёгку ачышчаецца ад зямлі, але так, каб яе не сапсаваць. У новым вазоне стварыце горку з зямлі, пастаўце на яе кветку, распраўце карані і засыпце глебай бакі.

Сачыце, каб не ўтварылася паветраных кішэней. Не варта заглыбляць расліну. Калі пасадка скончана, паліце кветку. Такім чынам вы ў хуткім часе атрымаеце моцную, вялікую і прыгожую расліну.

Глеба

Пры набыцці гатовай глебавай сумесі рэкамендуецца азнаёміцца са складам і ведаць, для чаго патрэбна глеба. На кожнай упакоўцы заўсёды ёсць спіс раслін, для якіх можна выкарыстоўваць гэтую зямлю.

Варта паглядзець на паказальнік узроўню кіслотнасці (РН) грунту і інструкцыю па выкарыстанні. Калі ж у магазіне няма ў наяўнасці зямлі для спацыфілума або для ароідных, можна сэканоміць сродкі і зрабіць грунт самастойна.

Глеба павінна быць рыхлай і лёгкай, каб прапускаць кісларод і каб не застойвалася вільгаць, насычанай усімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі. Узровень кіслотнасці слабы — 5—5,5 РН.

Калі вы выкарыстоўваеце субстрат для ароідных, яго трэба дапоўніць некаторымі кампанентамі. Вось пералік абавязковых складнікаў:

* ліставая зямля;          * торф;

* драўнінны вугаль;     * керамзіт;

* мох сфагнум;              * карані папараці;

* рачны пясок;               * мінеральныя разрыхляльнікі.

Падкормка

Мінеральнае харчаванне — гэта залог прыгожага і працяглага цвіцення.

Калі вы хочаце, каб ваш спацыфілум прыгожа цвіў, падкормлівайце яго вясной і летам. Карміце вазон чатыры разы на месяц, сочачы, каб выбраная падкормка была багатай на калій і фосфар.

Восенню і зімой расліне таксама патрэбны пажыўныя рэчывы. Справа ў тым, што сакавітыя лісцікі расліны пастаянна растуць, і на гэта яна траціць сілы. А паколькі кветка расце ў вазоне, то без вашай дапамогі ёй ніяк. Праўда, у халодную пару года ўносіць падкормкі трэба радзей — раз на месяц. Прычым у складзе такіх сродкаў ужо можа змяшчацца вялікі працэнт азоту.

А калі спацыфілум цвіце, яго лепш не “забіваць” падкормкамі.

Не падкормлівайце толькі што набыты спацыфілум. Для пачатку расліна павінна акліматызавацца ў вашым доме. На гэта ёй трэба каля 2 месяцаў. Да таго ж не забывайце, што ў магазіне ў вазон ужо і так улілі значную дозу ўгнаенняў, бо ў пунктах продажу хочуць, каб расліна максімальна цвіла — менавіта такой яна хутчэй прадасца.

Размнажэнне

Дзяленнем куста

Такі спосаб вельмі зручны і просты ў выкананні. Для дарослага спацыфілума ён з’яўляецца яшчэ і карысным, бо прарэджвае густыя зараснікі сталай кветкі. Разрастаецца расліна вельмі хутка, і шматлікія маладыя разеткі паглынаюць усе пажыўныя рэчывы з глебы, абдзяляючы мацярынскую расліну. Дзяленне куста па меры неабходнасці спрыяльна ўплывае на далейшы рост і развіццё спацыфілума.

Працэдуру трэба праводзіць ранняй вясной, да пачатку вегетацыйнага перыяду. Каранёвая сі­стэма кожнай дзялёнкі павінна быць вельмі моцнай і без пашкоджанняў. Дзялёнка гатова да самастойнага росту, калі ў яе ёсць ад трох добра развітых ліставых разетак. Прыкаранёвая шыйка маладых раслін пры пасадцы павінна знаходзіцца на такім жа ўзроўні глебы, як і ў мацярынскага куста.

Кветкавая ёмістасць для пасадкі маладога спацыфілума павінна быць невялікага аб’ёму, таму што ў глыбокіх і шырокіх вазонах будзе актыўна развівацца каранёвая частка, а гэта прывядзе да хуткага росту ліставой часткі і затрымкі працэсу цвіцення.

Дзяленне каранёвай сістэмы дарослай расліны неабходна праводзіць з мінімальным траўміраваннем каранёў і ўсёй кветкі ў цэлым. Перад пачаткам працэдуры рэкамендуецца багата паліць глебу ў вазоне, што будзе спрыяць больш лёгкаму выманню кветкі разам з земляным камяком, і даць час караням намокнуць для таго, каб зменшыць іх ломкасць.

Пасля вымання расліны трэба асцярожна прамыць усе карані ад зямлі і па магчымасці разблытаць. У такім выгля­дзе каранёвую частку будзе лягчэй і правільней раздзяліць. Месцы разрэзаў на каранях рэкамендуецца прысыпаць тоўчаным ці актываваным драўнінным вугалем і пакінуць на некаторы час для падсыхання.

Перад пасадкай кожнай дзялёнкі трэба ўважліва яе агледзе­ць і выдаліць засохлыя або падгнілыя часткі каранёвай сістэмы і лісця. Кожная маладая расліна высаджваецца ў невялікую індывідуальную ёмістасць. Далікатныя карані трэба расправіць па паверхні глебы і асцярожна прысыпаць іх грунтавой сумессю, а затым злёгку зацвярдзіць глебу.

Чаранкамі

Чаранкі — гэта ліставыя разеткі, аддзеленыя ад дарослага спацыфілума. Пры наяўнасці невялікіх карэньчыкаў чаранкі можна адразу высаджваць у глебу, а пры іх адсутнасці неабходна змясціць чаранкі ў ёмістасць з вадой і актываваным вугалем да ўтварэння каранёвай часткі.

Хутчэйшае коранеўтварэнне на маладых раслінах адбываецца ў спецыяльных субстратах (напрыклад, у перліце або буйназярністым рачным пяску, у верхавым торфе або моху сфагнуме), калі кветкавую ёмістасць змясціць у цяплічку ці пад шкляны каўпак для падтрымання высокага ўзроўню вільготнасці.

Чаму жаўцее лісце

Непрыдатныя ўмовы ўтрымання

Важна ўлічваць натуральную прычыну пажаўцення лістоты — узрост. Калі засыхае і жаўцее адзін ліст, хутчэй за ўсё гэта звязана з яго старэннем. Калі жоўтых лістоў некалькі, трэба разабрацца, ці выконваеце вы агратэхніку, ці стварылі неабходныя ўмовы ўтрымання.

Празмернае асвятленне расліны

У пакаёвых умовах расліна мае патрэбу ў рассеяным асвятленні, добра пераносіць лёгкі паўцень. Калі кветка знаходзіцца ў цені, адценне зялёнай масы губляе насычанасць, яна бляднее. Не стаўце яе на акно, якое выходзіць на паўднёвы бок. Прамыя сонечныя промні прыводзяць да засыхання і пажаўцення лісця. Калі выносіце летам спацыфілум на свежае паветра, забяспечце яму цень.

Сухасць паветра

Калі пажаўцелі кончыкі лісця, праблема ў сухім клімаце. Каб зеляніна не пажаўцела, неабходна ўвільгатняць паветра.

Недахоп харчавання

Пажаўцелае лісце можа паказваць на знясіленне спацыфілума, выкліканае збядненнем глебы. Часта гэта назіраецца пасля пышнага цвіцення, на якое ў расліны пайшло шмат сіл. Каб разабрацца, якога менавіта элемента не хапае, уважліва вывучыце лістоту.

Праяўленні дэфіцыту мікраэлементаў

Жалеза ўдзельнічае ў працэсе фотасінтэзу. Яго недахоп у глебе ўплывае на харчаванне расліны, выклікае распаўсю­джанае захворванне — хлароз. Асноўная прыкмета хваробы — пажаўценне ліставой пласціны, на якой кантрасна вылучаюцца цёмна-зялёныя прожылкі. У першую чаргу яна закранае маладое лісце. Кветка працягвае расці, але з’яўляюцца пласціны, абсыпаныя жоўтымі плямамі. Часцей недахоп жалеза назіраецца ў грунце з павышанай кіслотнасцю.

Такім жа чынам кветка рэагуе на недахоп магнію, але ў гэтым выпадку пакутуе старое лісце. Яно жоўкне, дэфармуецца, сохне, краі заварочваюцца.

Дэфіцыт цынку праяўляецца ва ўтварэнні асобных жоўтых плям або пажаўценні ўсёй ліставой пласціны. Пазней колер становіцца больш насычаным, тканка адмірае. Захворванне пачынаецца са старога лісця, затым закранае маладое. Тое лісце, што адрастае, пакрыта жоўтымі крапінкамі.

Выратаваць расліну можна з дапамогай падкормкі або перасаджвання ў багатую пажыўнымі рэчывамі глебу. Непасрэдна пасля перасадкі не ўгнойвайце культуру, бо ў глебе ёсць усё неабходнае для яе росту. Калі перасаджваць не плануеце, выкарыстайце комплексную сумесь, у якой усе па­трэбныя элементы падабраны ў правільных прапорцыях.

Угнаенні выпускаюцца ў выглядзе таблетак, вадкасці, гранул. Прытрымлівайцеся інструкцыі, рыхтуйце раствор названай канцэнтрацыі для падкормкі спацыфілума.

Хваробы і шкоднікі

Кляшчы праяўляюцца дробнымі жаўтаватымі крапінкамі на лісці. Для пазбаўлення ад іх выкарыстоўваюць акарыцыды, а лепшая прафілактычная мера — падтрыманне высокай вільготнасці.

Каранёвыя чарвяцы хаваюцца ў самых цяжкадаступных, закрытых месцах, правакуючы завяданне і гібель кветкі. Ад іх пазбаўляюцца, праціраючы лісце ватавым тампонам, змочаным у спірце, пасля чаго апрацоўваюць усю расліну су­працькакцыдам.

З’яўленне тлі суправаджаецца скручваннем лісця ў трубачкі. Ад гэтага паразіта праводзяць апрацоўку любым інсектыцыдам.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.