Такі непаўторны бэз

Бэз зацвітае вясной. Ён напаўняе нас гармоніяй і дорыць шмат незабыўных адчуванняў, ахутваючы ўсё вакол непаўторным водарам. Асабліва ярка ён адчуваецца ў начны час. Многія ставяць у сваім доме букет бэзу, каб напоўніць дом водарам вясны і палюбавацца прыгажосцю яго суквеццяў.

Бэз — лістападны шматствольны хмызняк вышынёй ад 2 да 6 метраў. Дыяметр ствалоў — каля 0,3 метра. Афарбоўка кары карычнева-шэрая. Маладыя ствалы пакрывае гладкая кара, а старыя — трашчынаватая. Кветкі бэзу на кветканосе размешчаны ў некалькі парадкаў галінавання і ўтвараюць суквецце, якое называюць мяцёлкай.

Бэз не заўсёды рос на нашых абшарах. На тэрыторыі краін Балканскага паўвострава ён сустракаўся ў дзікай прыродзе яшчэ да таго, як стаў культурнай раслінай. У Еўропу бэз трапіў у пачатку ХVІ стагоддзя. Расліна стала настолькі папулярнай, што абмен чаранкамі выйшаў на міжнародны ўзровень: іх перадавалі з краіны ў краіну.

Шырокае распаўсюджанне і папулярнасць на тэрыторыі Беларусі бэз набыў у пасляваенныя гады. У разбураных гарадах і маленькіх вёсачках бэз стаў сімвалам міру, адраджэння і надзеі. Яго высаджвалі масава для таго, каб схаваць сляды вайны і ўпрыгожыць вуліцы, паркі і скверы населеных пунктаў.

Па розных звестках у свеце налічваецца 2300 гатункаў бэзу. Існуе шмат класіфікацый па розных прыкметах. Я прывяду прыклады класіфікацыі гатункаў бэзу па колеры суквеццяў.

1. Белыя гатункі

“Мадам Лемуан”. Адзін з лепшых белых гатункаў. Шырока распаўсюджаны. Расліна ўяўляе сабой хмызняк вышынёй 2—3 м з буйнымі крэмавымі бутонамі. Пялёсткі ніжняга рада закругленыя, унутраныя — завос­траныя. Суквецці буйныя, складаюцца з 3—5 мяцёлак даўжынёй да 25 см. Цвіценне багатае, працягваецца з мая па чэрвень. Марозаўстойлівасць высокая. Выкарыстоўваецца ў азеляненні ў выглядзе як ­адзіночных, так і групавых пасадак.

“Прымроўз”. Інтэнсіўна квітучы хмызняк вышынёй да 3 м. Суквецце — мяцёлка бела-крэмавага колеру дыяметрам да 2,5 см. Пялёсткі кветак падоўжаныя. Расліны гэтага гатунку добра пераносяць засуху.

2. Бэзавыя гатункі

“Ліла Вандэр”. Раннеквітучы хмызняк з вертыкальнымі парасткамі вышынёй да 3,5 м. Крона дыяметрам 1,5 м. Кветкі простыя, двухколерныя, светла-бэзавыя з белай аблямоўкай. Суквецці невялікія, пірамідальнай формы. Зімаўстойлівы гатунак. Выкарыстоўваецца ў якасці афармлення садоў, прысад. Прыгожа глядзіцца ў кампазіцыях з іншымі дрэвамі і хмызнякамі.

“Сенсацыя”. Хмызняк вышынёй да 4 м, дыяметр кроны — да 2 м. Кветкі двухколерныя, простыя, буйныя. Суквецці сярэдняй шчыльнасці. Цвіце ў пачатку мая.

“Мінчанка”. Сярэднярослы, разгаліс­ты хмызняк з пурпурна-бэзавымі суквеццямі. У асяродку кветкі афарбоўка больш цёмная і насычаная. Суквецці кампактныя, пірамідальнай формы. Цвіценне багатае, адбываецца ў сярэдзіне мая.

3. Чырвоныя гатункі

“Чырвоная Масква”. Высакарослы хмызняк, можа дасягаць 5 м у вышыню, да 2,5 м у шырыню. Суквецці сярэдняй велічыні, шчыльныя, складаюцца з 2—3 мяцёлак у выглядзе шырокіх пірамід. Цвіце ў сярэдзіне чэрвеня.

“Дзявочы румянец”. Кампактны невысокі хмызняк. Кветкі выцягнутыя. Суквецці буйныя. Цвіценне багатае, ранняе, адбываецца ў пачатку мая.

Бэз — прыгожы раннеквітучы дэкаратыўны хмызняк, які можна пасадзіць у садзе, на прысядзібным участку. Вясной расліна парадуе вас сваім непаўторным цвіценнем і духмяным водарам. Некаторымі карыснымі парадамі з майго асабістага вопыту я хачу падзяліцца.

Асаблівасці пасадкі

Значную ўвагу трэба ўдзяліць падбору пасадачнага матэрыялу. Калі вы набываеце саджанцы, то абавязкова старанна агле­дзьце каранёвую сістэму. І лепш спыніць свой выбар на хмызняках, не пашкоджаных хваробамі і шкоднікамі, з добра развітой і разгалінаванай каранёвай сістэмай.

Для высадкі бэзу ў адкрытую глебу падыходзіць перыяд з канца жніўня да апошніх дзён верасня. Для пасадкі выбіраю сонечнае месца з умерана ўвільготненай глебай, лепш, каб яе кіслотнасць была нейтральнай.

Пры высадцы некалькіх саджанцаў не забывайце пакідаць паміж імі адлег­ласць 2—3 м. Калі глеба бедная, трэба да_даць глебасумесь, у склад якой уваходзяць перагной і драўняны попел. На дне ямы можна зрабіць дрэнажны пласт, для гэтага выкарыстоўваю керамзіт. Затым хмызняк устанаўліваецца па цэнтры ямы. Пасля таго як яго каранёвая сістэма будзе распраўлена, яму трэба цалкам напоўніць глебасумессю. Пасаджаны бэз трэба добра паліць.

Догляд расліны

Лепш за ўсё бэз адгукаецца на падкормку комплекснымі ўгнаеннямі, прымяняць якія трэба згодна з інструкцыяй. Увосень рэкамендую падкормліваць хмызняк арганічнымі ўгнаеннямі. Для пачатку вакол яго неабходна зрабіць неглыбокую баразёнку, адступіўшы ад ствалоў не менш за 40 см, затым дадаць угнаенні.

На трэцім годзе жыцця бэзу варта пачаць фарміраваць яго крону. Абрэзку раблю ў вясновы перыяд, да таго як пачнецца рух соку. Для гэтага выбіраю ад 4 да 6 прыгожых, роўнааддаленых адна ад адной галін, а тыя, што засталіся, выдаляю. Галоўным прынцыпам абрэзкі з’яўляецца тое, што на адной шкілетнай галіне павінна быць не больш за 5—7 здаровых пупышак, пры гэтым лішнюю частку галінкі трэба выдаліць, каб пазбегнуць перагрузкі хмызняку падчас цвіцення. Адначасова з фармоўкай куста праводзяць і санітарную абрэзку. Для гэтага варта выдаліць усе траўміраваныя, пашкоджаныя марозам, хваробамі галінкі.

Праз 4 альбо 5 гадоў хмызняк пераса­джваю. Справа ў тым, што бэз вельмі хутка разрастаецца і расходуе пажыўныя рэчывы. У сувязі з гэтым глеба ўжо не зможа забяспечыць эфектнага цвіцення і хуткага росту. Перасаджваць маладыя расліны неабходна ў пачатку восені, інакш яны не змогуць добра ўкараніцца да першых замаразкаў.

З-за невялікай плошчы прысядзібнага ўчастка ў мінулым го­дзе вырашыла надаць бэзу форму дрэва. Гэта эканоміць плошчу, дрэва глядзіцца акуратна і кампактна. Для гэтага выбрала хмызняк, які меў магутную і прамую вертыкальна размешчаную галіну. Неабходна было сфармаваць 5 альбо 6 шкілетных галінак. Далей трэба памятаць аб выдаленні парасткаў з прыствольных кругоў.

Хваробы і шкоднікі

Бэз мае даволі высокую ўстойлівасць да захворванняў і шкоднікаў. Але ў некаторых выпадках ён можа захварэць бактэрыяльным некрозам, гнілатой, мучністай расой. А яшчэ на хмызняку могуць пасяліцца бражнікі, мініруючая моль, ліставыя пласкагубцы, хрушчы.

Можа заўважалі, што ў жніўні зялёная лістота бэзу можа змяніць свой колер на шэры і маладзенькія парасткі сталі карычневымі. Гэта значыць, што куст заражаны бактэрыяльным некрозам. У мэтах прафілактыкі рэкамендую сістэматычна прарэджваць крону расліны для паляпшэння вентыляцыі, апырскаваць фунгіцыднымі прэпаратамі. Мучністая раса — грыбковае захворванне, здольнае нашкодзіць маладым і старым хмызнякам. Трэба пачынаць лячэнне расліны адразу ж, як былі заўважаны першыя прыкметы хваробы. Перш за ўсё неабходна выдаліць усе пашкоджаныя захворваннем галінкі, затым  апырскваць куст фунгіцыдамі.

Сярод шкоднікаў бэзу часта сустракаецца і ліставы бэзавы клешч  — гэта насякомае, якое пашкоджвае лісце, высмоктваючы сок з ніжняй паверхні лістоў. Лісточкі паступова засыхаюць і мяняюць зялёную афарбоўку на бурую. У мэтах прафілактыкі раблю сістэматычнае прарэджванне кроны, апырскванне лісця растворам меднага купарвасу.

Пашкодзіць лісце бэзу можа і мініруючая моль. Спачатку на яго паверхні з’яўляецца мноства бурых цёмных плям, а праз нейкі час пласціны згортваюцца ў трубачку, нібы ад агню. З прафілактычнай мэтай увосень абавязкова збіраю і знішчаю пашкоджаныя рэшткі расліны, пры гэтым у самым пачатку вясны раблю глыбокую перакопку грунту ў прыствольным крузе.

Як афарбаваць букет бэзу

Каб кветкі як мага дольш стаялі ў вазе і радавалі сваім цудоўным водарам, зразаць галінкі лепш раніцай. Ваду трэба мяняць кожны дзень. У букеце бэз можна спалучаць з нарцысамі, цюльпанамі.

Бэз вельмі любіць ваду, і менавіта дзякуючы гэтай уласцівасці можна надаць букету незвычайную афарбоўку па сваім жаданні. Афарбоўваць лепш белы бэз. Для гэтага расшчапіце канцы галін на зрэзе. Потым дадайце ў ваду самы звычайны фарбавальнік. Пастаўце бэз у гэтую ваду на 2 гадзіны, за гэты час ён убярэ ў сябе афарбаваную ваду і аддасць фарбавальнік кветкам.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.