Тэхаскі званочак, ці эўстома

Эўстома, якую яшчэ называюць лізіянтус, “ірландская ружа” ці “японская ружа”, належыць да сямейства гарычкавыя. Эўстома — гэта прыгожая кветка родам з Паўночнай Амерыкі. Нягледзячы на свае заморскія карані, гэтая культура паспяхова прыжылася ў нас, выкарыстоўваецца як хатняя расліна і можа развівацца ў садзе. Расліна вельмі папулярная сярод кветкаводаў як тая, што вырошчваецца на зрэзку, паколькі зрэзаная эўстома можа прастаяць у вазе з вадой да трох тыдняў.

Пасадка эўстомы на расаду

Насенне эўстомы даволі дробнае і прадаецца ў магазінах у выглядзе дражэ. Можна сабраць уласнае насенне, калі ў вас на ўчастку ёсць гэтыя кветкі, але ў гэтым выпадку адрозненне паміж бацькоўскімі і наступнымі формамі з кожным годам будзе ўсё больш адчувацца.

Дражаванае насенне не мае патрэбы ў папярэдняй падрыхтоўцы, бо ў яго абалонцы і так змяшчаецца дастатковая колькасць мікраэлементаў і іншых пажыўных рэчываў. Высяваюць насенне эўстомы хатняй з лютага па кастрычнік.

Грунт

Грунт для пасеву расады рыхтуем з роўных частак торфу, садовай зямлі і прасеянага пяску. У выніку павінна атрымацца глеба з нейтральнай кіслотнай рэакцыяй. З магазінных сумесей можна выкарыстоўваць грунт для сенполій.

Перад перамяшчэннем у расадныя ёмістасці грунт абеззаражваюць у растворы марганцоўкі і ставяць у духоўку на 30—40 мінут пры максімальнай тэмпературы. Ёмістасцю для пасеву могуць быць спецыяльныя пластыкавыя скрыначкі, аднаразовыя пластыкавыя кубачкі або торф, перагнойныя вазончыкі. У скрыначкі ўкладаюць дрэнаж з дробных каменьчыкаў і толькі пасля гэтага засыпаюць пажыўны субстрат.

Прарастанне насення павінна адбывацца на святле, таму зярняты ўкладаюць на злёгку зацвярдзелы і ўвільготнены грунт, але глебай не прысыпаюць. Для разбурэння ахоўнай абалонкі насенне злёгку апырскваюць вадой з пульверызатара, затым накрываюць кантэйнеры цэлафанавым пакетам або шклом.

Для лепшага прарастання расаду ставяць на добра асветлены сонцам падаконнік у памяшканні з тэмпературным рэжымам +20…+25 °С. Да з’яўлення ўсходаў грунт неабходна ўвільгатняць з пульверызатара па меры неабходнасці. Пры правільным доглядзе першыя ўсходы з’явяцца ўжо праз два тыдні. Далей укрыцце здымаюць і пачынаюць даглядаць маладыя расліны.

Догляд усходаў і расады

Мерапрыемствы па доглядзе ўсходаў заключаюцца ў падтрыманні аптымальных дзённых тэмператур на ўзроўні +20…+25 °С. Тэмпература ў памяшканні ноччу не павінна апускацца ніжэй за +16 °С.

Расаду эўстомы пачынаюць вырошч­ваць у канцы зімы пры кароткім светлавым дні, таму кветкі павінны атрымліваць дадатковае асвятленне фіталямпамі. Увогуле, культура павінна атрымліваць да 16 гадзін натуральнага і штучнага асвятлення за суткі. Паліваюць расаду пры дапамозе піпеткі ці невялікага шпрыца кропкава. Каб пазбегнуць з’яўлення хвароб, у склад паліўной вадкасці ўводзяць такія хімічныя рэчывы, як прэвікур або фітаспарын.

На пэўным этапе развіцця расада кветак можа затрымлівацца ў росце, але хвалявацца не варта. У гэты час адбываецца нарошч­ванне каранёвай часткі культуры, наземная частка кветкі пры гэтым стаіць на месцы. Прыкладна праз 2 месяцы з моманту пасадкі на раслінах з’явіцца першая пара сапраўдных лісткоў, гэта значыць, што расліны ўжо маюць патрэбу ў перасадцы ў больш прасторную ёмістасць. Падчас пікіроўкі ра­саду акуратна выцягваюць з глебы пры дапамозе зубачысткі ці шыла. У новай глебе пальцам або алоўкам робяць ямку і перасаджваюць туды сеянец.

Пасля працэсу пікіравання, прыкладна праз 10 сутак, у глебу ўносяць вадкія ўгнаенні для кветак. Расаду ставяць на добра асветлены падаконнік, каб прадухіліць яе выцягванне ад недахопу сонечнага святла. Калі сеянцы крыху падрастуць, іх пікіру­юць яшчэ раз у пастаянныя вазончыкі дыяметрам 6—8 сантыметраў.

Падкормка і паліў

У летні перыяд кветка мае патрэбу ў рэгулярным паліве, але з надыходам зімы яго змяншаюць. У гэты перыяд кожны наступны паліў ажыццяўляецца пры высыханні верхняга слоя глебы на глыбіню ў 2—3 сантыметры. Для паліву выкарыстоўваецца мяккая дажджавая або адстоеная водаправодная вада. Культура мае патрэбу ў павышанай вільготнасці паветра. Для гэтага можна паставіць ёмістасць з вадой побач з раслінай або распыліць вадкасць каля кветкі.

Пападанне вады на лісце і сцёблы можа стаць прычынай сонечных апёкаў раслін, таму ваду неабходна выліваць толькі пад корань.

Угнаенні пад лізіянтус уносяць з перыядычнасцю раз у два тыдні. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя магазінныя ўгнаенні для кветак у дазіроўцы, прадугле­джанай інструкцыяй. Зімой пажыўныя рэчывы ў глебу не дабаўляюць. У гэты перыяд расліна павінна знаходзіцца ў стане спакою.

Асвятленне і тэмпературны рэжым

Падчас развіцця кветка павінна атрымліваць дастатковую колькасць цяпла і святла. Дарослая культура будзе доўгі час радаваць пышным працяглым цвіценнем, калі вазон паставіць на добра асветлены сонцам падаконнік. Лізіянтус аддае перавагу яркаму, але рассеянаму святлу. Лепш ставіць яго на падаконнік усходніх або паўднёва-заходніх вокнаў. Пры ўстойлівай засусе ў летні перыяд культуру неабходна прыцяніць.

Пры вырошчванні эўстомы неабходна стварыць асаблівы тэмпературны рэжым. Улетку гэтая расліна добра сябе адчувае пры стандартнай хатняй тэмпературы ў межах +18…+25°С. Увосень тэмпературныя паказчыкі пачынаюць паступова зніжаць.

З прыходам зімы кветка пераходзіць у стан спакою. У гэты перыяд культуру рэкамендавана вынесці на балкон ці ў другое памяшканне, дзе можна ўстанавіць тэмпературу +10…+15 °С.

Цвіценне

Пры выкананні ўсіх правіл догляду першыя суквецці на расліне з’яўляюцца праз 5 месяцаў пасля ўтварэння першых парасткаў. Падчас цвіцення неабходна пастаянна зрываць бутоны, якія адцвілі, бо яны не толькі псуюць знешні выгляд кветкі, але і правакуюць развіццё некаторых хвароб.

Калі догляд культуры будзе правільны і своечасовы, то паўторнае цвіценне можна назіраць ужо праз тры месяцы пасля першай хвалі фарміравання завязі.

Эўстома пасля цвіцення

На завяршальнай стадыі цвіцення расліна паволі пачынае пераходзіць у стан спакою. У гэты перыяд у кветкі абразаюць верхнюю частку сцёблаў, пакідаючы толькі два ці тры міжвузеллі. Потым культуру перамяшчаюць на балкон ці іншы пакой з тэмпературным рэжымам +10…+15 °С.

Перыяд спакою

Перыяд спакою дазваляе расліне аднавіцца пасля працяглага цвіцення. У гэты перыяд трэба цалкам спыніць усе падкормкі і зменшыць паліў. Увільгатненні глебы право­дзяць з асаблівай асцярожнасцю. З прыходам вясны, калі светлавы дзень павялічыцца, расліна ажыве. На ёй пачнуць з’яўляцца новыя маладыя парасткі. У гэты момант кветку перасаджваюць у новую ёмістасць большага дыяметра і аднаўляюць прывычны паліў, а таксама ўносяць пажыўныя рэчывы ў грунт.

Садовая эўстома

Эўстому садовую можна вырасціць з насення, пасеяўшы яго ў снежні або студзені, каб атрымаць цвіценне ў чэрвені ці ліпені. Пяцідзесяцімілілітровыя шкляначкі запаўняюць глебасумессю для фіялак і зверху раскладваюць насенне (3—5 штук), злёгку ўціснуўшы яго ў зямлю, і накрываюць плёнкай, каб эўстома расла, як у цяпліцы. Плёнку прыйдзецца падымаць кожныя 10 дзён, каб сабраць з яе кандэнсат і даць усходам крыху падыхаць. Аптымальная тэмпература для з’яўлення ўсходаў праз два тыдні — 20—25 °C. Першыя пару месяцаў сеянцам патрэбна таксама дадатковае асвятленне, але і пры выкананні ўсіх гэтых умоў усходы будуць расці вельмі павольна.

У якасці прафілактыкі хвароб трэба зрабіць апырскванне ўсходаў растворам фундазолу з разліку 1 чайная лыжка на 1 літр вады, а для больш хуткага росту — цырконам або эпінам. Праз месяц-паўтара пасля з’яўлення ўсходаў, калі ў іх ужо будзе па пары лісткоў, сеянцы пікіруюць у вазоны па 3—5 штук, паглыбіўшы ў грунт па ніжняе лісце. Неабходна паліць і на­дзець на кожны вазон поліэтыленавы пакет для цяплічнага эфекту. Праз ты­дзень усходы павялічацца ў памеры ўдвая.

У канцы лютага або пачатку сакавіка трэба перасадзіць саджанцы ў вазоны большага памеру (дыяметрам 8 см) разам з земляным камяком спосабам перавалкі, папярэдне змясціўшы ў гаршкі слой дрэнажу, і паставіць іх на сонечны падаконнік. Цяпер яны будуць падрастаць, чакаючы высадкі ў грунт.

Вырошчванне эўстомы ў садзе

 У сярэдзіне мая, калі ўжо няма рызыкі замаразкаў, расаду высаджваюць у адкрыты грунт. Месца для эўстомы выбіраюць абароненае ад скразнякоў, з добрым дрэнажом, светлае, але святло павінна быць рассеянае. Пасадка ажыццяўляецца вечарам ці ў пахмурнае надвор’е. У добра ўвільготненую лунку апускаецца сеянец разам з камяком зямлі, у якой ён рос у вазоне. Эўстома расце кусцікам, таму высаджваць яе варта на адлегласці 10—15 см адна ад адной. Пасля пасадкі расаду накрываюць на першыя 2—3 тыдні шклянымі слоікамі або абрэзанымі пластыкавымі бу­тэлькамі, і ў гэты час можна яе не паліваць. Пра паліў мы ўжо пісалі: эўстоме шкодзіць і павышанае ўвільгатненне глебы, і недахоп вільгаці. Пачатак цвіцення эўстомы залежыць ад таго, калі пасеяна насенне. Калі пасеў адбыўся ў канцы лістапада або пачатку снежня, то цвісці эўстома пачне ў пачатку або ў сярэдзіне ліпеня — гэта залежыць яшчэ і ад таго, якая будзе вясна. Калі насенне пасеяна ў сярэдзіне студзеня, то цвіценне пачнецца хутчэй за ўсё ў жніўні. Працэс цвіцення не спыняецца да канца кастрычніка. Не палохаюць квітнеючую эўстому і раннія замаразкі, толькі пры марозе ˗10 °С і выпадзенні снегу цвіценне эўстомы можа спыніцца. Калі ж эўстома рана адцвіла, трэба абрэзаць кветкі, якія завялі, і, верагодна, тыдняў праз шэсць эўстома зацвіце паўторна. Можна прадоўжыць тэрмін цвіцення садовай эўстомы, перасадзіўшы яе разам з садовай зямлёй у вазон і перамясціўшы на балкон або падаконнік. У доме яна яшчэ некаторы час пры звычайным доглядзе будзе радаваць сваім цвіценнем. Але перыяд спакою надыходзіць ва ўсіх раслін. Пасля завядання кветак і пажаўцення лісця з садовай эўстомай абыходзяцца гэтак жа, як і з хатняй: абразаюць сцябло на вышыні 2—3 міжвузелляў і пераносяць у халаднаватае памяшканне, якое добра праветрываецца, амаль спыніўшы паліў. Там яна будзе чакаць вясны.

Хваробы і шкоднікі

Эўстома садовая схільная да нападу мучністага кляшча. У перыяд вырошчвання эўстомы з насення догляд уключае ў сябе сістэматычнае апырскванне расліны прэпаратамі супраць чорнай ножкі. Калі гэтым грэбаваць, расліна з вялікай доляй верагоднасці загіне.

Небяспеку для эўстомы ўяўляюць такія насякомыя, як тля, белакрылка цяплічная, грыбныя камарыкі і смаўжы. Але яшчэ большую шкоду эўстоме наносіць вільготнасць, яна выклікае такія небяспечныя хваробы, як шэрая гніль, мучністая раса і фузарыёзнае завяданне. Мучністая раса мае выгляд белых плям на сцёблах і лістках. Шэрая гніль з’яўляецца ў нізе сцябла. Для прадухілення гэтых хвароб неабходна апырскваць эўстому спецыяльнымі прэпаратамі.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.