Цудоўныя ліяны

У гады майго далёкага дзяцінства, бадай, ніводны кветнік не абыходзіўся без іпамеі — вясёлай ліяны з кветкамі-грамафончыкамі розных колераў. Яна чаплялася за плот, дэкарыруючы не заўсёды прывабны яго выгляд, цвіла з мая да самых замаразкаў.

Між тым сямейства ліян даволі багатае на розныя кветкі. Сярод іх можна знайсці віды для ўпрыгажэння балконаў і лоджый, кампактныя, даўжынёй да 1,5 м, можна падабраць падыходзячы варыянт для альтанкі, плоту ды і проста для сцен дачы. Ёсць і больш масіўныя віды — 3—4 м.

Сёння я хачу засяродзіць вашу ўвагу на аднагадовых ліянах.

Кабея

Тэарэтычна пра кабею я ведаю даволі даўно. Больш за 10 гадоў назад я ўбачыла яе ў адным з замежных кветкавых каталогаў. Сказаць, што гэта незямная прыгажосць, будзе даволі сціпла: буйныя цёмна-фіялетавыя кветкі, па форме падобныя на вялікія званочкі, толькі паніклыя, густое зялёнае лісце, пяціметровае сцябло… У прыродзе гэтая кветка расце ў субтропіках Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі і ўяўляе сабой лазячы паўхмызняк. У нас вырошчваецца як аднагадовая ліяна.

Вырасціць кабею я спрабавала тры гады. Сеяла і сухім насеннем, і прарошчаным. Адну ёмістасць палівала шчодра, другую — умерана. На жаль, беспаспяхова, нягледзячы на тое, што насенне было якаснае, праверанай фірмы. У рэшце рэшт, у мінулым годзе вырашыла падпарадкавацца сваёй інтуіцыі. Замачыла насенне не на тры дні, як мне параілі, а толькі на ноч. Назаўтра насыпала ў пластыкавую шкляначку грунт, добра паліла яго і паклала зернейка. Такіх шкляначак было пяць. Абвязала іх цэлафанавымі пакетамі, паставіла пад батарэю (можна і на падаконнік, калі ён добра ўцеплены). Пасадзіла кабею 3 сакавіка. Першая ўзышла роўна праз тыдзень, іншыя праз 15—29 дзён. Для кабеі гэта нядрэнны вынік. Калі вам аднойчы пашчасціла атрымаць парастак гэтай расліны, вы яго ні з чым не зблытаеце. Выскоквае адразу смачненькі і каранасты, падобны на парастак агурка. А далей догляд самы прымітыўны — паліў умераны, невялікага скразняку не баіцца. Калі ўтворацца два сапраўдныя лісты, трэба акурат у шклянку паставіць невялікую апору — інакш парастак можа зачапіцца за гардзіну альбо за кветку ў суседнім вазоне. Між іншым з трох парасткаў адзін быў у мяне даволі кволы, з дзвюма перамычкамі. Выкідваць не стала, і праз тыдзень ён “паправіўся”. Яшчэ праз некаторы час перанесла яго разам з камяком зямлі ў паўлітровую пластыкавую шклянку. Два разы падкарміла ўгнаеннем для пакаёвых кветак.

Адзначу такі момант. Калі ў вас ёсць магчымасць старанна сачыць за расадай у лютым, не адкрываючы выпадкова фортку альбо не пераліваючы расліну, то саджайце ў гэтым месяцы. У адваротным выпадку лепшы варыянт — першая дэкада сакавіка.

На жаль, умовы маёй гарадской клумбы не вельмі падыходзяць для вырошчвання кабеі, таму свае парасткі я падарыла. Шчыра кажучы, у мяне яна не зацвітае, таму што любіць арганічнае ўгнаенне. А ўвогуле ў адкрыты грунт кабеі высаджваюць у трэцяй дэкадзе мая, бо яна баіцца нават невялікіх замаразкаў.

Яму для расліны трэба выкапаць не менш, чым на два штыкі лапаты, насыпаць у яе жменю комплекснага ўгнаення, вядро спажыўнага грунту. Кабею трэба пасадзіць такім чынам, каб кропка росту была ўпоравень з паверхняй. Месца абавязкова павінна быць сонечным, у крайнім выпадку ў паўцені. У сухое лета расліну неабходна шчодра паліваць — і тады яна паўстане перад вамі ва ўсёй красе.

Тунбергія крылатая

У 1988 годзе ў мяне быў першы кветкавы вопыт. Тады на бацькоўскай сядзібе я пасадзіла цынію і астру. Паколькі да гэтага на месцы кветніка расла выключна агародніна, мае “гадаванцы” былі такога памеру і прыгажосці, што паглядзець на іх спыняліся нават незнаёмыя людзі. А суседкі, што займаліся кветкамі не адзін дзясятак гадоў, мяне хвалілі.


З таго часу я вельмі люблю кветкі, якія мяне не падводзяць. Напрыклад, як тут не палюбіць тунбергію крылатую, калі сёлета з дзесяці зернятак-“пярчынак” у мяне ўзышло дзевяць! Гэтай вясной — пяць, што таксама нядрэнна.

Тунбергія крылатая — больш універсальная ліяна, чым кабея. Вы нават можаце яе вырасціць як пакаёвую расліну, калі выбераце падыходзячую апору. Тунбергія кампактная, даўжыня яе сцябла дасягае ад 1,5 да 2 м. Кветкі ўяўляюць сабой невялікія рамоначкі жоўтага колеру з чорнай сярэдзінкай. Ёсць гібрыды і іншых колераў.

Тунбергію я таксама замочваю толькі на ноч. Высяваю такім жа чынам, як і кабею. Узыходзіць яна значна хутчэй — на гэта патрабуецца ад сямі да чатырнаццаці дзён. Любіць цёплы і светлы падаконнік, умераны паліў. Калі ўтвараюцца 2—4 сапраўдныя лісты, трэба рабіць невялікую апору для расліны.

На лоджыю тунбергію можна высадзіць у падвеснае кашпо альбо ў вазон памерам з пяцілітровае вядзерца. Яна любіць спажыўную глебу, хаця і не такая патрабавальная, як кабея.

Я вырошчваю гатунак “чарнавокая Сюзанна”. Калі па сваім характары вы не вельмі сур’ёзны, з лёгкім норавам чалавек, то гэтая эфемерная расліна якраз тое, што вам патрэбна.

Фасоля вогненна-чырвоная

За што дэкаратыўную фасолю так любяць кветкаводы? Ёсць у вас час і магчымасць вырошчваць яе праз расаду? Калі ласка! Няма? Замачыце зерне на суткі і недзе ў дзясятых чыслах мая смела саджайце яго ў адкрыты грунт. Ёсць магчымасць пасадзіць на сонцы? Вельмі добра! Няма? Пасадзіце ў цені. Проста тады фасоля вырасце не пяць метраў даўжынёй, а тры. А ўжо яе чырвоны колер выклікае прагу да жыцця нават у пермаментнага меланхоліка. Фасоляй вогненна-чырвонай добра запаўняць пустату ў кветніку з пляцістымі ружамі, калі яны яшчэ не дасягнулі свайго канчатковага памеру.

Апорай для дэкаратыўнай фасолі могуць быць шпалеры, бамбукавыя шасты, звязаныя ўверсе ў выглядзе вігвама, плот.

У мінулым годзе, напрыклад, мы з драўляных рэек сканструявалі апору ў выглядзе прамавугольнай рамкі. Калі фасоля была даўжынёй недзе паўметра, забілі драўляныя колцы, прывязалі да іх саджанцы і прымацавалі да рамкі. Краі рамкі аздобілі дэкаратыўнымі млынамі. (Увогуле, апору можна ўпрыгожыць па-рознаму.) Побач пасадзілі нізкарослыя белыя астры. Атрымаўся прыгожы ансамбль чырвонага і белага.

Фасоля ўзаемадзейнічае з беднаватай глебай, хаця на ўгноенай будзе больш багатай і прывабнай. У спякотнае лета патрабуе штодзённага паліву.

Бывае так, што па нейкіх прычынах на сядзібе застаецца засохлае дрэва. Пасадзіце побач дэкаратыўную фасолю (можаце скамбінаваць яе з тунбергіяй). Яна будзе караскацца па імправізаванай апоры і радаваць вока. А за буйным лісцем апору вы не заўважыце. Візуальна будзе здавацца, што ліяна расце сама па сабе.

Духмяны гарошак

Гэтая ліяна — любімая кветка англійскай каралевы. І сапраўды, мілыя суквецці духмянага гарошку настройваюць на лірычны лад, прыводзяць у парадак раскіданыя думкі, дораць унутраную гармонію.

Высаджваюць гарошак адразу ў адкрыты грунт у дзясятых чыслах мая. Перад гэтым насенне можна накалоць у некалькіх месцах іголкай і замачыць на пару гадзін у цёплай вадзе. Як правіла, усходжасць у гарошку добрая. У мяне з дзесяці зярнятак узышло восем.

Дарэчы, гэтая ліяна мае некалькі колераў: сіні, белы, ружовы, чырвоны. Вы можаце пасадзіць кветкі рознага колеру, можаце аднаго, каб яны гарманіравалі з іншымі прадстаўнікамі вашага кветніка.

Гарошку падабаюцца падкормкі з травой, якая перабрадзіла, — тады ён утварае шмат суквеццяў і цвіце да верасня.

Вопытныя кветкаводы ведаюць, што неаспрэчнае першынство сярод ліян трымаюць пляцістыя ружы і клямаціс. Але мне здаецца, што аднагадовыя ліяны таксама маюць права на сваё месца на клумбе і ў душы кветкавода. Яны менш капрызныя, не патрабуюць складанага догляду. А ўвогуле можна вырошчваць і першыя, і другія.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.