Знайдзіце куточак для цыніі

Некалькі гадоў назад каля аднаго адміністрацыйнага будынка я ўбачыла цэлую клумбу чырвоных цыній. Вялікія, як сподачак, суквецці былі настолькі прывабнымі, што нельга было адвесці погляд. У той момант я вырашыла, што цыніі будуць абавязкова цвісці на маёй клумбе каля пад’езда. У прынцыпе, я садзіла іх і раней, але няшмат.


Цынія — даўно знаёмая ўсім расліна. У вёсках яе часта называюць “маёры”. Яна мае незвычайна багатую палітру афарбоўкі. Упрыгожвае сад і летам, і асабліва ўвосень. Гэтую расліну можна вырошчваць і ў кветніках, і ў кашпо. У асноўным кветкаводы вырошчваюць цынію вытанчаную вяргінепадобную і цынію вытанчаную хрызантэмападобную. Вузкалістыя формы прыйшлі да нас параўнальна нядаўна, і іх сустрэнеш на клумбах рэдка.

Цынія падыходзіць для розных эксперыментаў. Паспрабуйце, напрыклад, зрабіць круглую клумбу толькі з гэтых кветак. Цэнтр можна аздобіць дзвюма-трыма моцнымі высакарослымі цыніямі. Пры добрым доглядзе, на адной расліне можа быць да дзесяці-дванаццаці буйных суквеццяў.

Абапал пасадзіце цынію ліліпутавую — ёсць шмат арыгінальных экзэмпляраў. Падбіце клумбу цыніяй лінеарыс — мініяцюрнай, да 25 см у вышыню.

Калі вам больш даспадобы стракаты кветнік у стылі кантры — смела высаджвайце цынію з высокімі чарнабрыўцамі, пярэснай, астрай чырвонай і ружовай, белай і крэмавай.

У апошні час з’явілася шмат новых гатункаў беларускай селекцыі: “манарх” (чырвоная), “ружовая прынцэса”, “залатая зорка”, “аранжавы кароль”, “палярны мядведзь”. Ёсць і сумесь цыній — для тых, каму падабаецца рознакаляровы кветнік.


Вышэй згадвалася вузкалістая цынія. Я вырошчваю яе каля пяці гадоў. У продажы яна была двух гатункаў — “стары мехіка” і “персідскі дыван”. Так што на клумбе ў мяне з’явіўся куточак Паўднёвай Амерыкі — стракатая жоўта-карычневая кветка. Праўда, па маіх назіраннях, нягледзячы на невялікі памер (да 50 см), яна, як і высакарослая цынія, любіць прастору. Вырошчваецца і расадным, і безрасадным спосабамі. Па тэрмінах цвіцення пераўзышла ўсе высакарослыя цыніі — цвіла да канца кастрычніка.

Яшчэ адзін арыгінальны від цыній — скабіёзападобная. Яе суквецці падобны на суквецці скабіёзы. Яна крыху меншая за высакарослую, але таксама прыгожая. Вясной я бачыла ў продажы насенне сіняй цыніі адной з замежных фірм. Праўда, не вельмі зацікавілася, бо лічу, што ў нашых кветніках дастаткова сініх экзэмпляраў (агератума, званочкаў, валошак). А натуральная палітра цыніі і так даволі разнастайная.

У апошні час селекцыянеры вывелі гібрыд цыніі вытанчанай і цыніі вузкалістай серыі “праф’южн” — характарызуецца высокай устойлівасцю да неспрыяльных умоў надвор’я і дажджу. Расліны кампактныя, 40—50 см у вышыню з белымі, аранжавымі і чырвонымі суквеццямі да 6 см у дыяметры. У будучым сезоне хачу паспрабаваць гэты гатунак.

Вырошчваць цынію можна расадным і безрасадным спосабамі. Глеба для пасадкі павінна быць рыхлай і спажыўнай. Садзіць насенне трэба на глыбіню 1 см. Аптымальная тэмпература для прарастання насення 22—24 °С. Усходы з’яўляюцца праз 8—10 дзён, і тэмпературу трэба знізіць да 16—18 °С. Пры плюсавой тэмпературы паветра расаду можна выносіць на лоджыю на некалькі гадзін, а потым і ўвогуле туды перанесці.

Заўважу, што часам сеянцы, перасаджаныя ў адкрыты грунт, хварэюць, слаба развіваюцца. Але гэтая з’ява часовая, і праз тыдзень-два яны будуць расці не па днях, а па гадзінах.

Калі вы збіраецеся садзіць цынію ў адкрыты грунт (а я вырошчваю яе такім чынам), рабіце гэта не раней за 10 мая, таму што расліна лёгка пашкоджваецца нават невялікімі замаразкамі. Можаце пасадзіць цынію ў два этапы: 10 і 20 мая. Пасаджаная пазней, у цёплую восень, яна будзе цвісці вельмі доўга, увесь верасень і нават у пачатку кастрычніка. Цынія добра пераносіць перасадку, таму, калі насенне ўзыдзе густа, кветкі можна рассадзіць.

І яшчэ адзін момант. У многіх крыніцах ёсць інфармацыя, што цынія — расліна засухаўстойлівая. Я з гэтым не зусім згодна. Маладыя ўсходы трэба паліваць абавязкова, інакш ужо на квітучых раслінах могуць пачаць засыхаць кветкі і цынія страціць сваю прывабнасць. Ды і мінулае дажджлівае лета, якое кветка перанесла без страт, пацвярджае, што яна даволі ўстоўлівая да неспрыяльных умоў надвор’я. Вядома, пасля дажджу глебу каля расліны трэба падрыхліць.

Кветку мексіканскай цыніі (50 см) у пачатку кастрычніка я выкапала з камяком зямлі і пасадзіла ў вялікі вазон на лоджыі. Яна радавала мяне да канца лістапада.

Прыдатная цынія і для букетаў. Яе кветкі могуць стаяць у вазе да двух тыдняў.

Так што зараз, калі цёмнымі зімовымі вечарамі вы марыце пра вясну, складаеце план сваёй будучай клумбы, выдзеліце куточак для цыніі — і вы не пашкадуеце.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.