Здаецца, ужо ў снежні трэба будзе ўкрываць дачныя ружы ад зімовых халадоў. У нас у Беларусі ў апошні час як быццам і не бывае вялікіх маразоў, але ўсё ж могуць быць даволі халодныя ночы, таму мы штогод практыкуем укрыццё шэрага гатунковых руж. Як толькі тэмпература ўсталюецца ў межах -5 — -7°С, то ўцяпляць ружы трэба неадкладна.
Парасткі руж лепш за ўсё “прышпільваць” да глебы, а зверху ўкрыць яловымі або іглічнымі лапкамі. Мы зверху яловых лапак насыпаем яшчэ і дубовае лісце. Калі нейкія ружы не гнуцца, то іх крону або ўвесь штамб варта добра ўкрыць лапнікам і зверху абвязаць тоўстай паперай. Важна пры ўкрыцці захаваць добрую вентыляцыю, якая дазволіць раслінам дыхаць.
Выжыванне руж залежыць не толькі ад спосабу іх укрыцця, ад зімаўстойлівасці гатункаў, але і ад строгага захавання ўсіх правіл агратэхнікі. Слабыя расліны, знясіленыя празмернай зрэзкай, а таксама пашкоджаныя шкоднікамі і хваробамі, як правіла, зімуюць дрэнна. Рыхтаваць ружы да зімы трэба са дня набыцця пасадачнага матэрыялу. Гатункі павінны быць марозаўстойлівымі і здаровымі. Таксама важны выбар месца для пасадкі. Кожны гатунак руж павінен быць высаджаны так, каб іх потым зручна было ўкрываць на зіму, а ўлетку быў добры падыход да іх, каб было лёгка праводзіць абрэзку, праполку і паліў.
Адзначу, што пры нашым клімаце цеплалюбівыя ружы могуць пацярпець не толькі зімой ад маразоў, але і ад выправання ў перыяд адліг. Каб ружы камфортна сябе адчувалі, трэба выбраць паэтапны спосаб іх укрыцця. Перад укрыццём куставых руж неабходна зрэзаць усе тонкія і слабыя парасткі, а тоўстыя і моцныя абрэзаць так, каб ад зямлі заставалася 50— 60 см. Пляцістыя ружы перад укрыццём знімаем з апор да маразоў, пакуль плеці іх эластычныя. Пад пляцістыя і глебапокрыўныя ружы абавязкова падкладваем лапнік. І толькі пасля ўстанаўлення пастаянных маразоў зверху накрываем іх яловымі або іглічнымі лапкамі, а яшчэ можна ўкрыць тоўстым уцяпляльным невільгацяёмістым матэрыялам.
У цяперашні час ёсць шмат гатункаў павойных руж, якія можна не ўцяпляць на зіму, паколькі яны ўстойлівыя да маразоў. А вось акучыць каранёвую сістэму варта абавязкова. Штамбавыя ружы мы на зімоўку акуратна прыгінаем, а потым укрываем лапнікам або мешкавінай. Для акучвання руж выкарыстоўваем торф, змешаны з драўняным пілавіннем. Пасля зімы трэба будзе ўважліва агледзець кожны куст. Пад падмерзлыя або падапрэлыя ружы вакол кожнага куста на мокрую зямлю падсыпаем мінеральнае ўгнаенне. Яшчэ лепш узяць 12—15 г мачавіны і развесці ў 10 літрах вады, а затым гэтым растворам шчодра паліць пацярпелыя кусты. Паліваць лепш у лунку вакол куста. Пасля паліву трэба неглыбока прарыхліць зямлю, а затым яшчэ раз прысыпаць перапрэлым гноем.
Холад — стымул для росту многіх адналетнікаў
Вядома, што многія адналетнія кветкі выдатна пераносяць зіму. У лістападзе і нават у снежні рэкамендуецца высейваць расліны, насенне якіх дрэнна прарастае і таму мае патрэбу ў стратыфікацыі: аксаміткі, астры, хрызантэмы, календула, сіні васілёк, скабіёза і шэраг іншых адналетніх кветак.
Усходы пры падзімнім сеянні з’яўляюцца ранняй вясной, калі глеба яшчэ вільготная і халаднаватая (гэта важна для прарастання максімальнай колькасці сеянцаў).
А яшчэ сеянне пасля наступлення халадоў рэкамендавана для атрымання ранняга ўраджаю зеляніны пятрушкі, кропу і шпінату. Холад аказвае стымулюючае ўздзеянне на насенне, таму яно добра дае ўсходы пры мінімальным праграванні глебы ранняй вясной. Для падзімняга сеяння добра падыходзяць ліставая салата, кроп, пятрушка, кінза (каляндра), шпінат, ліставая гарчыца, рукала, радыска, сельдэрэй (на зеляніну), агурочная трава, пастарнак.
Што тычыцца морквы, то для пасадкі на зіму выкарыстоўваюцца не ўсе гатункі гэтых караняплодаў. Некаторыя, асабліва раннія, прарастаюць яшчэ позняй восенню. У той жа час ёсць насенне, якое мае працяглы перыяд спакою, і пры сеянні ў пазнейшыя тэрміны яно ўзыходзіць толькі вясной. Таму варта ўважліва вывучаць інфармацыю на ўпакоўцы. Гатункі морквы для сеяння пад зіму, як правіла, устойлівыя да розных капрызаў прыроды, і яны дружна ўзыходзяць ранняй вясной. Для падзімняга сеяння спецыялісты-аграномы рэкамендуюць гатунак “нанцкая” — гэта найбольш ураджайны і зімаўстойлівы ранняспелы гатунак, ад з’яўлення ўсходаў да атрымання маладога караняплода пучковай спеласці ў гэтага гатунку праходзіць 50—65 дзён. На сваёй дачы мы практыкуем і вырошчваем ужо не адзін дзясятак гадоў і летнія кветкі, і падзімнія гатункі морквы. З нашай практыкі варта сказаць, што больш за ўсё для падзімняга сеяння падыходзяць такія гатункі, як “нанцкая”, “каралева восені”, “маскоўская зімовая” і “дзіцячая салодкая”.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.