Упрыгажэнне саду — фізасцегія

Фізасцегія — непатрабавальная і прыгожая шматгадовая расліна, цудоўнае ўпрыгажэнне саду. Фізасцегія віргінская — расліна сямейства губакветных, у прыродзе расце ў сырых лясах па берагах рэк і азёр у паўднёва-ўсходняй частцы ЗША. Гэтая расліна мае высокія сцёблы даўжынёй да 1 м, усыпаныя вытанчанымі трубчастымі кветкамі. Кветкі афарбаваны ярка, святочна: могуць быць белымі, ружовымі, бэзавымі, малінавымі. Вельмі прыгожа выглядаюць пасаджаныя разам рознакаляровыя гатункі фізасцегіі, якія маюць аднолькавую вышыню.

Пасадка

Фізасцегію лепш размяшчаць на адкрытым месцы пад прамымі сонечнымі прамянямі. Пасаджаная ў цені расліна будзе слабай і не зможа вас здзівіць раскошным цвіценнем. Фізасцегія непатрабавальная да складу глебы: ёй падыходзяць суглінкі і акультураная садовая зямля. На ўчастках з цяжкай глінай варта дабавіць торф, кампост і пясок. Расліна любіць рыхлы багаты грунт, не вельмі лёгкі, вільготны. На бедных сухіх глебах фізасцегія можа загінуць. Перад пасадкай у лунку рэкамендуецца ўнесці торф, кампост і мінеральныя ўгнаенні. Кусты высаджваюць на адлегласці 45—50 см.


Праблема гэтай расліны ў тым, што яе каранёвая сістэма, адчуўшы свабоду, пачынае захопліваць максімальную колькасць тэрыторыі. У выніку з клумбы знікаюць усе кветкі і застаецца толькі пераможца — фізасцегія. Адбываецца гэта з той прычыны, што карэнішча шматгадовай расліны вельмі хутка разрастаецца, заглушаючы і знішчаючы любыя іншыя больш слабыя культурныя расліны. Менавіта па гэтай прычыне побач з кветкай трэба высадж­ваць іншыя шматгадовыя расліны, якія могуць даць адпор агрэсару. Да такіх раслін адносяцца флёкс, эхінацэя пурпурная, традэсканцыя віргінская, асцільба, вятроўнік, лілея, лубін, дэкаратыўныя злакі.

Іншы шлях вырашэння праблемы — па перыметры пасадачнай ямы на глыбіню 30—40 см укапаць металічную, драўляную ці пластыкавую агаро­джу, падыдуць для гэтых мэт і кавалкі шыферу; рэгулярна адкопваць лішні зараснік разам з каранямі.

Догляд

Глебу трэба сістэматычна рыхліць, каб каранёвая сістэма атрымлівала неабходную колькасць кіслароду. Калі ў вас няма часу або жадання праводзіць гэтае дзеянне, глебу можна замульчыраваць пілавіннем, травой, саломай ці торфам. Такое ўкрыцце абароніць грунт ад перасыхання, разам з гэтым вы пазбавіцеся ад ненавіснага пустазелля.

Фізасцегія — шматгадовая расліна, значыць, яна будзе расці на адным і тым жа месцы не адзін год. З гэтага вынікае, што грунт паступова будзе збядняцца, таму не абысціся без дадатковага ўгнаення.

Падкормліваць кветку трэба ўсяго 2—3 разы за сезон комплекснымі ўгнаеннямі, якія ўносяцца пад корань. Варта быць акуратнымі з павышанымі дозамі азоту, таму што яны негатыўна ўплываюць на агульны стан шматгадовай расліны. Гумус мае сэнс закла­даць толькі ў тым выпадку, калі глеба ўжо вельмі бедная і вы ўпэўнены ў тым, што кветка ад гэтага вельмі пакутуе. Аднак варта памя­таць: падкормка гумусам не замяняе ўнясення “мінералкі”.

Размнажэнне насеннем

Насенне расліны валодае павышанай усходжасцю, таму яго звычайна сеюць у адкрыты грунт адразу пасля збору. Цудоўна размнажаецца фізасцегія і самасевам. На расаду сеюць у сакавіку, скрыні ставяць у цяпліцу. Усходы з’яўляюцца праз два тыдні.

Догляд фізасцегіі ў расадны перыяд нічым не адрозніваецца ад догляду любой іншай расады. Сеянцы паліваюць, калі высыхае верхні пласт глебы. Калі на паверхні субстрату ўтвараецца корка, трэба асцярожна парыхліць. Сеянцы, якія падрастаюць, маюць патрэбу ў ахове ад прамых сонечных прамянёў і скразнякоў.

У фазе развіцця ў сеянцаў двух сапраўд­ных лісткоў іх пікіруюць на адлегласць ­
7—10 см адзін ад аднаго. За два тыдні да высадкі фізасцегіі ў адкрыты грунт яе пачына­юць загартоўваць, паступова прывучаючы да асяроддзя, у якім хутка трэба будзе аказацца. Працягласць сеансаў на свежым паветры штодзень павялічваюць да той пары, пакуль раслінкі не змогуць праводзіць у са­дзе круглыя суткі.

Высаджваюць сеянцы на адлегласці 25—30 см адзін ад аднаго. Можна высаджваць сеянцы ў грунт у ёмістасцях, якія не дазваляюць іх карэнішчам разрастацца. Напрыклад, у старым вядры без дна або ў абрэзку старой трубы вялікага дыяметра. Ёмістасці ўкопваюць так, каб паміж іх верхнім краем і паверхняй клумбы быў пласт глебы таўшчынёй ад 2 да 5 см.

Вегетатыўнае размнажэнне

Дзяленнем куста

Вегетатыўныя спосабы — дзяленне куста, парасткі, дзяленне карэнішча і пасынкаванне. Куст фізасцегіі дзеляць вясной, да пачатку цвіцення, або ў канцы лета, пасля таго як расліна адцвіце, хаця бывалі выпадкі, калі дзялілі расліну, якая цвіла, і яе часткі выдатна ўкараняліся, трэба было толькі зрэзаць з фізасцегіі суквецці. У выкапанай расліны абразаюць наземную частку, потым дзеляць фізасцегію і рассаджваюць па падрыхтаваных загадзя лунках так, як высаджваюць сеянцы.

У пачатку лета можна правесці пасынкаванне фізасцегіі. Пасынкі даўжынёй
10—12 см з некалькімі парамі пупышак на­разаюць да ­пачатку цвіцення, а потым укараняюць іх у цені ў кантэйнеры ці скрыні з вільготным пяском. На зіму іх перано­сяць у халаднаватае памяшканне, а вясной высаджва­юць на вучэбную градку. На клумбу пасынкі перасаджваюць яшчэ праз год.

Парасткамі

Для гэтага бя­руць сфарміраваны парастак ­фізасцегіі і выразаюць разам з невялікім кавалкам карэнішча. Далей парастак ­высаджваюць у зацененае месца, каб ён адразу не пайшоў у рост (калі трэба пачакаць да высадкі на пастаяннае месца). Калі для маладой расліны ўжо ёсць месца, адразу высаджвайце на сонца або ў паўцень. Парастак вельмі хутка прыжываецца і ідзе ў імклівы рост. Аддзяленне парастка лепш праводзіць у канцы лета, у момант, калі грунт будзе даволі вільготным, але не пераўвільготненым.

Карэнішчам

Да пачатку цвіцення або ў канцы лета аддзяляюць сярэднюю частку карэнішча і перасаджваюць на новае месца. Перад перасадкай усю зялёную частку абразаюць. Ніякіх дадатковых дзеянняў праводзіць не трэба, галоўнае, каб карані былі здаровыя і непашкоджаныя.

Падрыхтоўка да зімы

Фізасцегію трэба падразаць так, каб на клумбе не засталося зялёнай часткі (пакіньце не больш за 5 см над грунтам), якая можа змерзнуць і прывесці да поўнай гібелі расліны. Пасля зрэзкі кветку можна накрыць той жа мульчай, якую вы паклалі раней для абароны ад пустазелля і скачкоў тэмпературы. Толькі ў гэтым выпадку трэба выкарыстоўваць пласт мульчы не меншы за 10—15 см, інакш карані памерзнуць. Можна прысыпаць кусты торфам, пілавіннем, сухім лісцем або закідаць лапкамі.

Шкоднікі

Адзінае, чаго баіцца фізасцегія, гэта тлі. Нашэсце гэтага паразіта не абмінае ўстойлівую да захворванняў і шкоднікаў расліну. Таму, калі толькі заўважылі невялікіх мошак на сцябле і лістах расліны, правядзіце апрацоўку пасадак фунгіцыдам.

Важна! Апрацоўваць трэба не толькі фізасцегію, але і іншыя культурныя расліны ў садзе, на якія можа перакінуцца тля.

Выкарыстанне ў дызайне

Вырошчваюць фізасцегію па перыметры агароджаў, у зборных міксбордарах, для азелянення тэрыторыі блізка ад дэкаратыўных сажалак і фантанаў, як салітэр у афармленні газонаў. “Партнёрамі” ў зборных кветніках могуць ­стаць флёксы, вяргіні, яскол­ка, традэсканцыя, эхі­нацэя, рамонак. Выдатных вы­нікаў дабіваюцца, спалучаючы фізасцегію з хвойнымі: карлікавымі елкамі, туямі, ядлоўцамі. Кветканосы фізасцегіі паспяхова прымяняюць для афармлення букетаў, выкарыстоўваючы ў тандэме з галінкамі спаржы. У вазонах з вадой усе кветкі распускаюцца і доўга захоўваюць сваю дэкаратыўнасць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.