Вывучаем асаблівасці пакаёвых раслін

Кожнаму добра вядома, што вучэбны кабінет выглядае больш утульна і эстэтычна, калі ў ім ёсць дэкаратыўныя пакаёвыя расліны. Яны аказваюць станоўчы ўплыў на здароўе як вучняў, так і настаўнікаў: расліны паглынаюць вуглякіслы газ і шкодныя рэчывы, вылучаюць кісларод, увільгатняюць паветра, ачышчаюць яго. Аднак ці ўсе пакаёвыя расліны можна выкарыстоўваць для азелянення кабінетаў устаноў адукацыі?

Каб адказаць на гэтае пытанне, вучаніца 7 “Б” класа гімназіі № 3 Віцебска Дар’я Мельнікава правяла даследчую работу па тэме “Пакаёвыя расліны кабінетаў гімназіі”.

Спачатку мы з вучаніцай высветлілі, што, згодна з СанПіН, расліна павінна быць бяспечнай для дзяцей. Выбіраючы расліны для дзіцячых устаноў, варта пазбягаць відаў, якія маюць шыпы ці калючкі на лісцях і сцябле, а таксама атрутных раслін.

Далей Дар’я вывучала відавы склад пакаёвых раслін, якія выкарыстоўваюцца для азелянення вучэбных кабінетаў і калідораў гімназіі. Быў створаны фотакаталог-вызначальнік пакаёвых раслін гімназіі. Пад кіраўніцтвам настаўніка, яна знаёмілася з марфалагічнымі асаблівасцямі пакаёвых раслін, правяла ацэнку бяспекі пакаёвых раслін. Пры даследаванні ў гімназіі не было выяўлена забароненых санітарнымі нормамі пакаёвых раслін.

Высветлена, што пакаёвыя расліны павінны быць правільна размешчаны ў кабінеце — светлавы і цеплавы рэжымы вельмі значныя для іх. Забараняецца ставіць расліны на шафы для пазбягання дзіцячага траўматызму.

У выніку даследчай работы былі вызначаны крытэрыі адбору пакаёвых раслін; распрацаваны рэкамендацыі па іх доглядзе; складзены спіс пакаёвых раслін, якія найбольш падыходзяць для азелянення класаў і калідораў гімназіі. Да такіх раслін належаць: фіялка ўзамбарская, хларафітум, традэсканцыя, бягонія, сансеўера і інш. Гэтыя расліны неатрутныя, яны бяспечныя для выкарыстання, пры гэтым добра ачышчаюць паветра класа.

Пасля праведзеных даследаванняў была створана памятка “Небяспечныя пакаёвыя расліны”. Даныя прадстаўлены ў табліцы:

Небяспечныя расліны Выява
1 Агава мексіканская:

можа выклі­каць алергічную рэакцыю пры перасадцы

 
2  Аглаанема:

пры кантакце са скурай і слізістымі абалонкамі выклікае апёкі

 
3 Алеандр:

у перыяд цвіцення выдзяляе вялікую колькасць духмяных рэчываў, якія выклікаюць алергічную рэакцыю

 
4 Алаказія:

сок пры кантакце са скурай і слізістымі абалонкамі выклікае апёкі

 
5  Акант горны:

у перыяд цвіцення выдзяляе вялікую колькасць духмяных рэчываў, якія выклікаюць алергічную рэакцыю: цяжкае дыханне, моцныя галаўныя болі

 
6 Гіпеаструм:

у перыяд цвіцення выдзяляе вялікую колькасць духмяных рэчываў, якія выклікаюць алергічную рэакцыю

 

 
7 Дыфенбахія:

пры кантакце са скурай і слізістымі абалонкамі выклікае апёкі

 
8 Дурнап’ян:

у перыяд цвіцення выдзяляе вялікую колькасць духмяных рэчываў, якія выклікаюць алергічную рэакцыю

 
9 Каладыум:

можа выклікаць алергічную рэакцыю пры перасадцы, абмыванні лісця

 
10 Калатэя:

сок раслін сямейства можа выклі­каць алергічную рэакцыю пры перасадцы

 
11 Катарантус ружовы:

пры кантакце са скурай і слізістымі абалонкамі выклікае апёкі

 
12 Паслён:

з’яўляецца атрутнай раслінай, лепш не трымаць там, дзе ёсць малыя дзеці

 
13 Рывіна:

можа выклікаць алергічную рэакцыю пры перасадцы, абмыванні лісця

 

Стварэнне ў гімназіі калекцыі пакаёвых раслін, якая можа выкарыстоўвацца не толькі для азелянення кабінета, але і для дэманстрацыі біялагічных, экалагічных працэсаў — ідэя не новая, але вельмі актуальная ў сучасных умовах. Разнастай­насць кветкава-дэкаратыўных культур дае выдатную магчымасць для выкарыстання пакаёвых раслін у вучэбным працэсе для дэманстрацый, доследаў, даследаванняў. Многія пакаёвыя расліны “інфарматыўныя” для параўнання розных відаў, апісання іх асаблівасцей.

Для прадукцыйнай арганізацыі ўрока біялогіі ў 6 класе пры вывучэнні тэмы “Фотасінтэз — спосаб харчавання раслін” я выкарыстоўвала пакаёвыя расліны для правядзення доследу ­“Уплыў навакольнага асяроддзя на фотасінтэз раслін”. Эфектыўна арганізаваць даследчую работу з вучнямі можна пры вывучэнні тэмы “Размнажэнне жывых арганізмаў. Бясполае размнажэнне”. На ўроку вучням даецца некалькі пакаёвых раслін, прапануецца выканаць заданні: назваць пакаёвыя расліны згодна з фотакаталогам-вызначальнікам, апісаць спосаб вегетатыўнага размнажэння раслін, карыстаючыся падручнікам і дадатковай літаратурай.

На ўроках біялогіі ў 7 класе пры вывучэнні тэмы “Папараці” расказваю вучням, што ў дэкаратыўных мэтах вырошчваюцца папараці з роду адыянтум, плаціцэрыум, нефралепіс, дэман­струю гэтыя віды. Затым прапаную вучням скласці этыкетку, якая будзе прымацавана да вазона з раслінай для выкарыстання ў кабінеце біялогіі. У этыкетцы патрэбна апісаць дэкаратыўныя якасці папараці, рэкамендацыі па яе доглядзе.

Пакаёвыя расліны можна выкарыстоўваць пры правя­дзенні некаторых практычных і лабараторных работ па біялогіі. Напрыклад, у 7 класе пры правядзенні практычнай работы “Знешняя будова і распазнанне простых і складаных лісцяў” для вывучэння разнастайнасці простых і складаных лісцяў, акрамя гербарыяў, можна выкарыстоўваць і пакаёвыя расліны.

Такім чынам, пакаёвыя расліны не толькі выконваюць экалагічную і эстэтычную функцыі, але і могуць эфектыўна выкарыстоўвацца ў вучэбным працэсе на ўроках біялогіі і ў пазакласнай рабоце для фарміравання даследчых кампетэнцый вучняў, выхавання іх экалагічнай культуры.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска.