Чарльз Дарвін назваў венерыну мухалоўку “адной з самых цудоўных раслін у свеце”. Але тыя, хто засведчыў, як яна закрыла жывую пастку, не пагадзіліся б з гэтым. Венерына мухалоўка прыцягвае здабычу, выкарыстоўваючы салодкі нектар. Двойчы дакрануўшыся да трыгернага валаска ці двух валаскоў запар, насякомае трапляе пад электрычны зарад, а ўчэпістыя зубы мухалоўкі ўтвараюць клетку. Пасткі дарослых раслін звычайна маюць даўжыню каля 2,5 см, але могуць дасягаць 5 см у некаторых гіганцкіх гатункаў.
Працяглая барацьба насякомага вымушае пастку запячатацца, пасля чаго стрававальныя ферменты раствараюць мяккія тканкі ахвяры. Пастка паглынае насякомае, а прыкладна праз тыдзень зноў адкрываецца, выкарыстоўваючы нектар для прыцягнення новых “наведвальнікаў”.
Месцазнаходжанне і асвятленне
Трапічная драпежніца добра расце на ўсходніх і заходніх падаконніках кватэры, яшчэ лепш — на паўднёвых, пры ўмове яе прыцянення ў паўдзённыя гадзіны. Недастатковая колькасць сонечнага святла прывядзе да таго, што лісце расліны стане слабым, а яе пастка пабляднее ўнутры. Штучнае асвятленне было б і вялікім плюсам. Можна дасвечваць венерыну мухалоўку люмінесцэнтнымі лямпамі.
Яна любіць свежае паветра, мае патрэбу ў частых праветрываннях памяшкання. Але ад скразнякоў яе неабходна ахоўваць. Летам пажадана выносіць вазон з маленькай драпежніцай у сад ці на балкон. Там яна хутчэй пачне ласавацца смачнымі насякомымі. Памеры пасадачнай ёмістасці павінны быць павялічаны да 20 см у глыбіню і 30 см у шырыню. Паверхню глебы варта прыкрыць мохам.
Тэмпература
Дыянея — цеплалюбівая кветка. У перыяд актыўнага росту і ўтварэння пастак камфортнай для яе лічыцца тэмпература +22—+30° С. У гарачыя летнія месяцы расліна можа вытрымаць і больш высокую тэмпературу без шкоды для росту і развіцця. Але круглагадовая высокая тэмпература навакольнага паветра ёй супрацьпаказана — доўга дыянея ў вас не пражыве. Тэмпературу ў перыяд спакою, месяцы на тры-чатыры, варта знізіць да мінімуму, не вышэй за +5—+7° С.
Паліў
Як і многія іншыя драпежныя расліны, мухалоўка мае патрэбу ў чыстай вадзе. Расліна добра сябе адчувае ў вільготнай глебе з нізкай колькасцю пажыўных рэчываў. Калі будзеце паліваць мухалоўку простай водаправоднай вадой, яе фотасінтэз парушыцца. Расліна назапасіць мінералы, якія ў канчатковым выніку могуць прывесці да гібелі. У натуральных умовах пражывання венерына мухалоўка расце на такіх бедных глебах, што за многія стагоддзі яе карані зусім развучыліся засвойваць мінеральныя солі з грунту. Таму расліну варта паліваць толькі чыстай дажджавой вадой. Збіраць і захоўваць яе лепш у пластыкавых ёмістасцях — металічныя бакі і вёдры выкарыстоўваць непажадана.
Цвіценне
Белыя маленькія кветкі, якія нагадваюць зоркі, з’яўляюцца ў канцы вясны — пачатку лета і маюць даволі прыемны пах. Працягваецца цвіценне два месяцы, расліна пры гэтым знясільваецца, яе пасткі перастаюць развівацца паўнавартасна. Таму суквецці зразаюць, калі не збіраюцца размнажаць кветку насеннем.
Глеба
Ідэальная сумесь для мухалоўкі ўключае тарфяны мох-сфагнум і пясок без прымесей вапны ў суадносінах 2:1.
Перыяд спакою
Венерына мухалоўка патрабуе халоднага зімовага спакою паміж лістападам і лютым. Неабходна імітаваць умовы натуральнага асяроддзя пражывання і забяспечыць расліне халаднаватую зімоўку.
Калі вырошчваеце сваю расліну на падаконніку або ў тэрарыуме на працягу вегетацыйнага перыяду, неабходна будзе перамясціць яе ў больш халаднаватае месца — напрыклад, у адрыну ці на веранду, якая не ацяпляецца. Мухалоўкі, што растуць у цяпліцах, якія не ацяпляюцца, могуць заставацца там на працягу зімы. Калі дні скарачаюцца, а тэмпература падае, лісце расліны пачынае цямнець. Гэта нармальна, і вы можаце бяспечна абрэзаць змярцвелыя часткі.
Канец зімовага перыяду спакою — добрая магчымасць перасадзіць і нават падзяліць вашу расліну. Калі плануеце пікіроўку, выберыце на некалькі сантыметраў большую ёмістасць. Карані не павінны быць у цеснаце.
Размнажэнне
Венерына мухалоўка можа размнажацца дзяленнем куста і насеннем.
Дзяленне куста — больш просты спосаб, які патрабуе менш часу і намаганняў. На дарослай дыянеі можна выявіць некалькі пунктаў росту. У месцы, дзе карані зрасліся, іх разразаюць, каб перасадзіць у новыя вазоны ці кантэйнеры. Перад пачаткам дзялення кветку вынімаюць з вазона, каб выдаліць лішнюю зямлю і не пашкодзіць расліну. Пасля перасадкі пачынаюць даглядаць як дарослую мухалоўку.
Насеннем. Вясной ці на пачатку лета дыянея пачынае цвісці, толькі пасля гэтага з’яўляюцца пасткі. Апыліць расліну можна ўручную, тады атрымаецца здабыць насенне, неабходнае для размнажэння. Патрабуецца каля месяца, каб утварыліся невялікія каробачкі. Праз тры месяцы пасля апылення насенне мухалоўкі можна саджаць у падрыхтаваны грунт. Пры трыманні ў цяпліцы, якая адрозніваецца павышанай вільготнасцю, усходы з’яўляюцца праз 2—3 тыдні. Галоўнае — пастаянна ўвільгатняць глебу, каб яна не перасыхала. Калі саджанцы падрастуць, іх перасаджваюць у кантэйнеры, каб расліны адчувалі сябе вальней. Каб вырасціць дарослую мухалоўку, спатрэбіцца 2—3 гады.
Падкормка і ўгнаенне
Расліне не патрабуюцца ўгнаенні пры наяўнасці бялковай ежы. У якасці падкормкі звычайна выкарыстоўваюць мух, камароў, павукоў. Угнаенні прымяняюць не часцей за два разы за сезон, у лішку яны могуць пашкодзіць караням расліны.
Кармленне венерынай мухалоўкі
Калі хочаце, каб ваша дыянея была шчаслівая і каб вырасла больш маляўнічых пастак, прытрымлівайцеся правіл кармлення:
* не давайце расліне таго, чаго яна не злавіла б натуральным шляхам;
* не перакормлівайце сваю расліну. Адной пасткі на тыдзень больш чым дастаткова;
* не давайце венерынай мухалоўцы занадта многа ежы за раз, бо яе пастка можа загнісціся.
Страваванне пачынаецца толькі ў тым выпадку, калі валаскі пасткі стымулююцца пасля таго, як яна закрываецца. Калі корміце нежывым жуком, выкарыстоўвайце зубачыстку або палачку для кактэйлю, каб акуратна “казытаць” валаскі праз шчыліны пасля таго, як пастка са здабычай закрылася.
Шкоднікі і хваробы
Загубіць расліну могуць некаторыя насякомыя, звычайна гэта павуцінны клешч і тля. Пры належным доглядзе і своечасовым лячэнні можна хутка пазбавіцца шкоднікаў. Клешч вельмі маленькі, амаль празрысты, можа мець чырванаватае ці аранжавае адценне. Заводзіцца, калі расліне не забяспечыць дастатковую вільготнасць. Змагацца з ім неабходна з дапамогай распылення сродкаў ад кляшчоў.
Тля выпівае сок расліны, чым наносіць ёй шкоду, дэфармуючы пасткі. Існуюць спецыяльныя прэпараты, якія прадухіляюць распаўсюджванне насякомых.
Пераўвільгатненне таксама небяспечна для расліны. Яно можа прывесці да з’яўлення сажыстага грыбка, які праяўляецца цёмнымі плямамі на лістах кветкі. На расліне часта заўважаюць шэры пух, які нагадвае вату. Гэта гаворыць аб распаўсюджванні яшчэ аднаго грыбка — шэрай гнілі. У любым выпадку неабходна пазбавіцца пашкоджаных участкаў кветкі і правесці курс лячэння.
Пры правільным доглядзе, стварэнні аптымальнага тэмпературнага рэжыму і неабходнай вільготнасці вырошчванне расліны будзе прыносіць толькі задавальненне.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.