У красавіку дачнікі пачынаюць сяўбу холадаўстойлівых агароднінных культур — рэпчатай цыбулі і яравога часнаку. Ва ўмовах невысокіх тэмператур, калі ў глебе дастаткова вільгаці пасля зімы, гэтыя культуры ўтвараюць моцную каранёвую сістэму і радуюць нас добрым ураджаем.
У такой ранняй пасадкі ёсць яшчэ адзін сур’ёзны плюс: за месяц-паўтара гэтыя расліны паспеюць агрубець і завяршыць вегетацыю, каб да сярэдзіны мая, калі з’явіцца цыбульная муха, яны сталі для яе менш прывабнымі.
Таксама ранняя вегетацыя засцерагае цыбулю ад самай небяспечнай хваробы — перанаспарозу, або несапраўднай мучністай расы. Гэтае захворванне пашкоджвае не толькі лісце-пёры, але і сам карняплод. Адна заражаная цыбуліна можа сапсаваць усю градку. Асабліва пагібельная хвароба для насеннікаў — насенне атрымліваецца недаразвітым і становіцца крыніцай далейшага заражэння.
Каварнасць гэтай хваробы заключаецца ў тым, што з ёй вельмі складана змагацца. На пачатковым этапе яе не відаць, таму лепш правесці прафілактычныя мерапрыемствы. Для гэтага варта пратравіць пасадачны матэрыял у слабым растворы марганцоўкі 40—50 хвілін. Высаджваць цыбуліны лепш на адкрытыя ўчасткі агарода на адлегласці 10—15 см адна ад адной для лепшай цыркуляцыі паветра.
Трэба таксама прытрымлівацца севазвароту, паўторна высаджваць цыбулю на адно і тое ж месца можна не раней чым праз 2—3 гады. Добрымі папярэднікамі для цыбулі могуць быць капуста, кабачкі, таматы, а добрымі суседзямі — морква, суніцы, радыска, салата.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.