Залаты колас пахістахіса

Сярод кветак, што красуюць на нашых падаконніках, пахістахіс сямейства акантавых займае асобнае месца дзякуючы арыгінальнай форме сваіх суквеццяў. За іх у народзе расліна атрымала назвы “залаты колас”, “залатая крэветка” і “жоўтая свечка”. 

Цвіце пахістахіс дзіўна і нязвыкла. Спачатку на вярхушцы сцябла з’яўляюцца зачаткі коласа: пучок маленькіх зялёных лісточкаў з жаўтаватым адлівам.  Гэта прыкветнікі. Чым большым становіцца суквецце, тым ярчэйшыя, буйнейшыя і жаўцейшыя прыкветныя лісцікі ў ім. Паступова фарміруецца вялікі жоўты каласок, а з прыкветнікаў з’яўляюцца невялікія беласнежныя кветкі. На жаль, яны недаўгавечныя: дзень-два — і ападаюць. Але каласок трымаецца доўга, упрыгожваючы сабой расліну. 

Як жа даглядаць пахістахіс?

Асветленасць

Хатні пахістахіс адносіцца да ліку святлолюбівых раслін. Каб ён добра рос і развіваўся, яму неабходна вялікая колькасць яркага, але рассеянага святла. Выдатным месцам для гэтай расліны стане падаконнік паўночна-ўсходняй арыентацыі. На паўднёвым акне куст абавязкова прыйдзецца прыцяняць ад прамых прамянёў сонца, асабліва ў паўдзённы час, інакш лісце атрымае апёкі, а ад вялікай колькасці сонца стане бляклым і вялым. А вось ранішняе сонейка кветцы прынясе толькі карысць.

Тэмпература

У прыродзе такая расліна можа вытрымліваць нядоўгае зніжэнне тэмпературы паветра да 10оС. У хатніх умовах падчас перыяду спакою тэмпература паветра не павінна апускацца ніжэй за 16оС. У цёплы час года куст цалкам камфортна сябе адчувае пры хатняй тэмпературы, характэрнай для лета.

Пры жаданні летам пахістахіс можна перанесці на вуліцу (у сад, на тэрасу ці балкон). Гэта будзе вельмі карысна для кветкі. Аднак не забудзьце абараніць яе ад дажджу і скразняку.

Паліў

На працягу вегетацыйнага перыяду ўвільгатняць субстрат у вазоне варта шчодра і сістэматычна, у сярэднім 1 раз у 3—7 сутак (залежыць ад тэмпературы паветра ў пакоі). Пры халаднаватай зімоўцы паліў расліны можа вар’іравацца ад мізэрнага да ўмеранага. У тым выпадку, калі пахістахіс зімой знаходзіцца ў цяпле, рэжым паліву павінен быць такім жа, як і ўлетку. Зразумець, што кветка мае патрэбу ў тэрміновым паліве, можна па яе лістоце: яна губляе свой тургор і павісае. Але да перасушвання землянога камяка ў вазоне лепш не даводзіць, яго рэкамендуецца ўвільгатняць адразу ж пасля таго, як падсохне верхні слой.

Паліваюць пахістахіс адфільтраванай, талай або добра адстоенай (мінімум 24 гадзіны) цёплай вадой, на 1 або 2 градусы цяплейшай за хатнюю тэмпературу. Калі ў пакоі сухое паветра, то пахістахіс рэкамендуецца часам апырскваць, каб кончыкі лісця не засыхалі. Асабліва гэта тычыцца летніх гарачых дзён ці зімовага часу года, калі цэнтральнае ацяпленне моцна сушыць паветра ў памяшканні.

Абрэзка

Па завяршэнні перыяду спакою праводзяць укарочванне ўсіх сцёблаў пахістахіса, пакідаюць адрэзкі даўжынёй ад 10 да 15 см. Адрэзкі, што засталіся, пры жаданні можна ўкараніць, як чаранкі.

Цвіценне

Пры бедным асвятленні пахістахіс можа не зацвісці. Моцна выцягнутыя, старыя і аголеныя ў ніжняй частцы сцёблы фарміруюць мала суквеццяў. А актыўнае ўтварэнне каласоў назіраецца на маладых сцёблах. Калі вы хочаце дабіцца пышнага цвіцення, прымушайце кусцік пускаць новыя парасткі.

Цвіценне назіраецца ўжо ў маладых раслін. А часам чаранок фарміруе суквецці ўсяго праз 2 месяцы пасля ўкаранення. Пасля таго, як суквецце завяне, назіраецца адгалінаванне ад яго новых каласоў, і ў выніку куст цвіце вельмі доўга. Каб кусцік выглядаў ахайна, своечасова абразайце ў яго завялыя суквецці.

Перыяд спакою

Пасля цвіцення, з сярэдзіны кастрычніка да канца лютага, у пахістахіса надыходзіць перыяд спакою. Рост яго запавольваецца. Нават ваду падчас свайго адпачынку пахістахіс п’е менш. Але перасушваць земляны камяк нельга. Нягледзячы на сваю непатрабавальнасць, расліна чула рэагуе на мізэрны паліў: буйныя лісты трохі заварочваюцца краямі ўніз, імкнучыся такім спосабам захаваць каштоўную вільгаць.

Перасадка

Каб кветка нармальна развівалася, ёй патрэбна адпаведная глебасумесь: дзярновая і ліставая глеба, торф, перагной, буйназярністы рачны пясок (бяруць у роўных частках). Калі да перасадкі застанецца 15 дзён, прадэзынфіцыруйце субстрат (нагрэйце ў духоўцы або праліце растворам марганцоўкі насычанага колеру). Не забудзьце на дне новай ёмістасці зрабіць добры слой дрэнажу.

Перасадку праводзяць у апошнія зімовыя тыдні. Пакуль куст малады, яго перасаджваюць кожны год у веснавыя месяцы, да таго, як расліна зацвіце. Даросламу пахістахісу не патрэбна частая перасадка. Як правіла, яе праводзяць 1 раз у 3 гады, а то і радзей.

Працэдуру праводзяць метадам перавалкі папярэдне абрэзанага куста. Калі куст будзе змешчаны ў новы вазон, застанецца падсыпаць у яго свежы субстрат, які трэба злёгку ўтрамбаваць. Сачыце за тым, каб не засталося пустот. Добра паліце пахістахіс. Перасаджаны куст на працягу некалькіх дзён ахоўвайце ад прамых прамянёў сонца.

Размнажэнне

Найбольш часта пахістахіс размнажаюць пасынкаваннем. Як чаранкі можна выкарыстоўваць зрэзаныя вясной падчас абрэзкі сцёблы. Звярніце ўвагу на тое, што кожны верхавінкавы чаранок павінен мець 2 міжвузеллі і столькі ж пар ліставых пласцін. Пастаўце чаранкі ў посуд, напоўнены вадой, зрэзам уніз і забяспечце ім тэмпературу паветра каля 22оС. Тады ўкараненне пройдзе максімальна хутка. У працэсе ўкаранення могуць абляцець ліставыя пласціны. Каб гэтага пазбегнуць, кожны лісток укарочваюць напалову. Не перажывайце, калі лістота ўсё роўна абляцела: пасля пасадкі ўкаранёнага чаранка ў глебасумесь на яго верхняй частцы сфарміруюцца новыя ліставыя пласціны.

Абрэжце ў пластыкавай бутэльцы верхнюю частку і напоўніце яе глебасумессю. Правядзіце апрацоўку месца зрэзу ў чаранка Карнявінам, пасля чаго высадзіце ў субстрат. Зверху накрыйце чаранок празрыстым каўпаком, напрыклад плёнкай. Забяспечце адрэзку рэгулярныя праветрыванне і паліў. Замест плёнкі можна надзець на адрэзаную бутэльку яе верхнюю частку. Тады, каб праветрыць расліну, дастаткова будзе толькі адкруціць накрыўку. Чаранкі, якія ўкараняюцца, ставяць у добра асветленае месца (святло павінна быць рассеяным).

Як правіла, чаранкі пахістахіса ўкараняюцца вельмі добра. Пасля таго, як укараненне будзе завершана, праводзяць высадку чаранкоў у пастаянны вазон. Для гэтага бяруць нізкі і шырокі вазон, у які высаджваюць па 3—4 раслінкі — так пахістахіс будзе выглядаць больш эфектна. Памятайце аб рэгулярных прышчыпках верхніх частак парасткаў, каб куст мацней галінаваўся.

Пры дрэнным доглядзе або з-за дрэнных умоў утрымання з пахістахісам могуць узнікнуць праблемы, напрыклад:

• Аблятанне лісця. Куст трапіў пад уздзеянне скразняку ці адбылося перасушванне землянога камяка.

• Скручаныя ліставыя пласціны і засохлыя кончыкі. У пакоі вельмі сухое паветра.

• Парасткі выцягваюцца, лістота драбнее, куст не цвіце. Гэта звязана з празмерна бедным асвятленнем.

• Запаволенае развіццё куста, затрымка ў росце. Расліна мае патрэбу ў тэрміновай перасадцы. 

• Ніжняя частка сцёблаў цалкам агалілася. Неабходна амаладжальная кароткая абрэзка.

Падкормка

Хатні пахістахіс трэба абавязкова падкормліваць. Падчас інтэнсіўнага росту падкормкі праводзяць 1 раз у 15 дзён і выкарыстоўваюць для гэтага мінеральны комплекс. З яго рыхтуюць пажыўны раствор, якім праліваюць загадзя ўвільготненую глебасумесь.

Таксама для падкормкі падыходзіць арганіка. Напрыклад, у спецыялізаваных магазінах можна адшукаць раствор курынага памёту або каравяку, ён цалкам гатовы да выкарыстання. У зімовы час падкормкі праводзяць адзін раз у 4—6 тыдняў.

Шкоднікі

Найбольш часта на расліне пасяляюцца шчытоўкі, мучністыя чарвяцы і павуцінныя кляшчы. Аб прысутнасці шкоднікаў гавораць жоўтыя маленькія крапінкі на лістах або ватападобныя камячкі белаватага адцення ў ліставых пазухах. Выдаліце з куста чарвяцоў і шчытовак пры дапамозе ватнай палачкі, намочанай у спірце.

Кляшчы вельмі дробныя і даведацца аб іх прысутнасці можна толькі па вельмі тонкай павуціне або па дробных крапінках (месцах пракусаў) на лістоце. Прамыйце куст растворам мыла, пры гэтым загарніце глебасумесь плёнкай, каб у яе не трапіла вада. Калі пахістахіс цалкам высахне, апырскайце яго Фітавермам або Актэлікам. Апрацоўку рэкамендуецца праводзіць у месцах, якія добра праветрываюцца.

Вельмі рэдка на расліне пасяляюцца трыпсы і белакрылкі. Пазбавіцца ад іх можна тымі ж спосабамі, што і ад шчытовак, чарвяцоў або кляшчоў.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.