Агародны фікус, ці Ватачнік сірыйскі

Расліна, пра якую я хачу расказаць, на жаль, малавядомая, многія пра яе нічога і не чулі. А шкада, бо яна валодае шэрагам важных уласцівасцей, асабліва для людзей хворых. Назваў у гэтай расліны некалькі: агародны фікус, эскулапава трава, ластавень, ватачнік сірыйскі.

Агародным фікусам яе называюць за тое, што пры пашкоджанні сцябла расліна вылучае белы млечны сок, эскулапавай травой — за гаючыя ўласцівасці, ластаўнем — з-за характэрнай формы насення — ліставой, якая нагадвае ластаўчын хвост, а ватачнікам таму, што да насення прымацаваны белыя шаўкавістыя валасінкі, якія нагадваюць вату.

Гэтая шматгадовая расліна вышынёй ад 50 см да 1 м (часам вырастае і вышэй — да 1,5 м) з тоўстым сцяблом і буйнымі лістамі выглядае заўсёды імпазантна. Але падчас цвіцення, якое працягваецца каля месяца, ватачнік асабліва прывабны. Ярка-аранжавыя, чырвоныя, ружовыя, белыя духмяныя кветкі сабраны ў буйныя суквецці (ілжывыя парасоны). Ватачнікі таксама моцна і незвычайна пахнуць — шакаладам і ваніллю, з нотамі бэзу і гіяцынта.

Пасля завяршэння цвіцення з’яўляюцца плады, напоўненыя апушаным насеннем. У Паўночнай Амерыцы гэтым пухам і зараз набіваюць падушкі.

Пасадка

Для ватачніка падыходзіць любая глеба, але пажаданы слабакіслыя суглінкі. Пры пасадцы трэба ўлічваць, што некаторыя віды гэтай культуры (напрыклад, ватачнік сірыйскі) славяцца буйным ростам. Калі гэтую расліну пасадзіць побач з іншымі, то ватачнік не пакіне ім ніякага шансу. Яго парасткі з’яўляюцца ў радыусе 1,5 м ад куста. Для абмежавання росту ватачнік нават саджаюць у закапаныя (не менш чым на 0,5 метра) бакі без дна. Дарэчы, выглядаюць такія кусты проста шыкоўна — яны становяцца пышнымі і не перашкаджаюць расці суседзям (крываўніку, вятроўніку, кацямятцы, міскантусу чырванеючаму). Ватачнік любіць расці на ўрадлівых суглінках, на адкрытых сонечных месцах без блізкага залягання грунтавых вод. У цені клумбы выглядае больш сціпла і цвісці пачынае пазней. Ватачнік выдатна выглядае ў адзіночных пасадках, яго часта саджаюць на заднім плане міксбордараў, каля гаспадарчых пабудоў (каб іх прыкрыць). На адным месцы кусты могуць расці да 15 гадоў.

Размнажэнне

Насеннем. Ватачнік садзяць у красавіку (на глыбіню 1,5 см). Пасля з’яўлення першых парасткаў ёмістасці з расадай пераносяць у светлае халаднаватае месца (тэмпература не вышэй за 18°С). З надыходам сапраўднага цяпла падрослыя расліны перасаджваюць на пастаяннае месца. Усходжасць у насення, набытага ў магазінах, невысокая. Магчыма пасадка пад зіму. Цвісці ватачнік пачынае не раней, чым на трэці год пасля пасадкі.

Чаранкаванне. У пачатку чэрвеня маладыя парасткі разразаюць на чаранкі (даўжыня прыкладна 15 см). Рабіць гэта трэба як мага хутчэй: калі млечны сок не паспее падсохнуць, чаранкі прыжывуцца хутчэй. Пасля выдалення ніжняга лісця чаранкі для ўкаранення размяшчаюць у вільготным пяску. Часцей за ўсё яны прыжываюцца ўжо на другі-трэці тыдзень.

Дзяленнем карэнішча. Вясной ці пасля цвіцення карэнішча наразаюць на адрэзкі (даўжыня — ад 10 да 15 см) з пупышкамі і рассаджваюць. Звычайна ватачнік прыжываецца хутка. Цвіценне раслін, пасаджаных такім спосабам, часцей за ўсё пачынаецца ўжо на наступны год.

Догляд

Вясной трэба выдаліць старыя парасткі. Перад цвіценнем не пашкодзіць падкарміць расліну мачавінай і сульфатам калію, а пасля яго завяршэння — нітрафоскай. Паліў — у залежнасці ад гатунку. Самым вільгацелюбівым лічыцца ватачнік мяса-чырвоны, але і яго заліваць не варта. Культура добра пераносіць спякоту. На зіму парасткі абразаюць і кусты накрываюць сухой лістотай або галінкамі елкі. Падчас работ трэба быць асцярожнымі: пры кантакце са скурай атрутны млечны сок (выдзяляецца на зрэзах) здольны выклікаць раздражненне.

Выкарыстанне ў ландшафтным дызайне

Лепш за ўсё ватачнік садзіць асобнымі групамі. Расліна цікавая сваімі суквеццямі, якія маюць тонкі водар. Вельмі добра спалучаюцца са злакамі, такімі як міскантус, перлаўка высокая, высокія гатункі вострыны. Побач з ватачнікам прыгожа выглядаюць эхінацэя, аканіты, фізастэгіі, веранікаструмы, чальчак, высокія званочкі, рудбекія. Разам са штокружай, тапінамбурам — земляной грушай ватачнік можна выкарыстоўваць як шырму для дэкарыравання непрывабных месцаў (кампоснай кучы, сцен будынкаў, агароджаў).

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.