Бацькі — гэта самыя галоўныя і незаменныя людзі ў жыцці любога чалавека. Мама — гэта пяшчота, каханне, цяпло, клопат. Тата — гэта сіла, абарона, упэўненасць, стабільнасць. Сям’я аказвае вялікі ўплыў на тое, што дзіця будзе лічыць важным у жыцці, на фарміраванне яго сістэмы каштоўнасцей. Дзеці свядома і несвядома арыентуюцца на прыклад сваіх бацькоў. Дзіця з’яўляецца адлюстраваннем той сям’і, у якой яно расце і развіваецца.
У сучасным рытме жыцця і пастаяннай занятасці дарослых часта ўзнікае пытанне ў бацькоў: “Дзе ўзяць час, каб яшчэ і чаму-небудзь вучыць дзіця?”
Не варта забываць, што роўны, заспакаяльны тон у сітуацыях пабітых каленак, набітых гузоў, упартасці, капрызаў, спакойны зварот адно да аднаго, зносіны падчас вячэры за сталом, эмоцыі падчас сумесных паездак і спрэчных сітуацый, пачуцці ў момант даверных зносін з дзіцем і многае іншае, што адбываецца ў сям’і кожны дзень, з’яўляюцца асновай для фарміравання асобы. У дзіцяці з’яўляюцца канкрэтныя ўяўленні аб сацыяльных ролях і ўзоры паводзін.
Даказана, што асабліва моцны ўплыў бацькоў на дзіця — у яго дашкольныя гады.
Дык што ж важна бацькам штодня рабіць і не рабіць, каб мама і тата адыгрывалі важную ролю ў жыцці дзіцяці на ўсіх узроставых этапах?
Рабіце!
* Усталюйце выразныя і зразумелыя патрабаванні да дзіцяці.
* Радуйцеся вашай малечы штодня, захапляйцеся, дэманструйце любоў і павагу.
* Размаўляйце з дзіцем клапатлівым, заспакаяльным, падбадзёрваючым тонам.
* Не губляйце пачуццё гумару.
* Калі дзіця з вамі размаўляе, слухайце яго спачувальна і ўважліва.
* Тлумачце што-небудзь дзіцяці проста і зразумела.
* Гаварыце павольна.
* Будзьце цярплівыя і адказвайце на ўсе пытанні дзіцяці.
* Займайцеся ўборкай або гатуйце абед разам з дзіцем.
* Калі вы ўбачылі, што дзіця нешта робіць, пачніце паралельную размову (каменціруйце яго дзеянні).
* Заўсёды праяўляйце цікавасць да таго, што дзіцяці падабаецца рабіць (калі яно пачало нешта калекцыяніраваць — дробныя цацкі, машынкі — займіцеся гэтым разам з ім).
* Кожны дзень чытайце дзіцяці, гуляйце з ім у гульні.
* Заахвочвайце ў дзіцяці імкненне задаваць пытанні.
* Не скупіцеся на хвалу і пацалункі.
* Давайце дзіцяці магчымасць самастойна прымаць рашэнні.
* Заахвочвайце цікаўнасць і ўяўленне вашага малога.
* Зацікаўце гульнёй з іншымі дзецьмі.
* Клапаціцеся пра тое, каб у дзіцяці былі новыя ўражанні, пра якія яно магло б расказаць.
* Будзьце прыкладам для малечы: хай дзіця бачыць, якое задавальненне вы атрымліваеце ад любімых спраў.
Не рабіце!
* Не перапыняйце дзіця, не кажыце, што вы ўсё зразумелі, адварочваючыся, пакуль яно не скончыла расказваць.
* Не задавайце занадта шмат пытанняў.
* Не прымушайце дзіця рабіць тое, да чаго яно не гатова.
* Не прымушайце дзіця рабіць што-небудзь, калі яно стамілася або засмучана.
* Не даручайце адначасова занадта шмат заданняў.
* Не варта ўвесь час папраўляць дзіця, паўтараючы: “Не так! Перарабі гэта!”
* Не варта крытыкаваць дзіця, асабліва ў прысутнасці іншых людзей.
* Не параўноўвайце малечу ні з якімі іншымі дзецьмі.
Памятайце, што праблемы бацькоў і дзяцей не існуе там, дзе бацькі і дзеці штодня актыўна маюць зносіны і чымсьці сумесна займаюцца.
Наталля ЛЕБЕДЗЕВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 6 Слоніма.