Адаптацыя азначае прыстасаванне да новага сацыяльнага асяроддзя, сітуацыі, умоў. Для маленькага дзіцяці такім новым асяроддзем з’яўляецца менавіта дзіцячы сад. Пераступанне парога дзіцячага сада — гэта момант пачатку жыцця ў двух асяроддзях: сямейным і грамадскім. Гэты факт звязаны са змяненнем звычайнага ладу жыцця і змяненнем патрэб, да гэтага далучаюцца новыя для дзіцяці задачы, звязаныя з функцыянаваннем у групе дашкольнай установы. Дзеці да гэтага часу былі акружаны клопатам і ўвагай сям’і і аказваюцца ў месцы, дзе ўсё чужое: іншыя прадметы, людзі, рэжым дня.
У гэты вельмі важны для дзіцяці перыяд жыцця, якім з’яўляецца пачатак наведвання дзіцячага сада, важную ролю адыгрываюць дарослыя. Вялікі ўплыў на працэс адаптацыі дзіцяці маюць бацькі. Калі бацькі цалкам адабраюць выбраны імі дзіцячы сад, выхавальнікаў, якія працуюць у групе, і іх метады работы, тым самым яны павялічваюць шанс свайго дзіцяці на паспяховы працэс адаптацыі.
Ёсць многа спосабаў, каб падтрымаць дзіця ў перыяд адаптацыі да дашкольнай установы. Вось некаторыя з іх:
- Ніколі не пужайце дзіця дзіцячым садам (хадзіць у дзіцячы сад — гэта проста, весела, прыемна…).
- Пераход у дзіцячы сад трэба разглядаць як натуральную рэч (тата ходзіць на работу, мама ідзе на работу, а дзіця — у дзіцячы сад).
- Паступова прывучайце дзіця да дашкольнай установы (кароткачасовае знаходжанне, паступова павялічваючы час).
- Развітанне з дзіцем павінна быць без спешкі, але і без асаблівага расцягвання часу расставання.
- Калі бацькі загадзя чакаюць праблем з расставаннем з дзіцем, пажадана пагаварыць з выхавальнікам напярэдадні. Педагог будзе гатовы ўдзяліць больш часу і ўвагі вашаму дзіцяці.
- Бацькі павінны быць паслядоўнымі ў сваіх дзеяннях. Перапыняючы наведванні дашкольнай установы, яны толькі пагаршаюць адаптацыю дзіцяці.
- Цярпліва чакайце расказаў дзяцей, дайце ім час асэнсаваць першыя ўражанні, не мучце пытаннямі.
- Уважліва слухайце расказы сваіх дзяцей, не ігнаруйце іх праблемы, лічыцеся з іх настроем.
Кожны педагог, працуючы ў дзіцячым садзе з дзецьмі, якія нядаўна паступілі, павінен ведаць, што гэтыя першыя некалькі дзён сапраўды вельмі цяжкія для іх. Ён павінен адмовіцца ад празмернай дысцыпліны і прымусу, пакінуць дастаткова часу для дзяцей, каб яны мелі магчымасць свабодна гуляць, і прапаноўваць мерапрыемствы, якія дзеці любяць больш за ўсё. Гэта будзе спрыяць больш хуткай адаптацыі дзіцяці да дзіцячага сада.
Цяжкасці адаптацыі
Першыя дні разлукі з бацькамі заўсёды вялікі стрэсавы вопыт для дзяцей. Стрэсам з’яўляецца тое, што дзіця раптам ідзе ў месца, дзе ўсё дзіўнае і незнаёмае: выхавальнікі, равеснікі і навакольнае асяроддзе. Таксама з’яўляюцца новыя правілы і сацыяльныя чаканні. Нядзіўна, што першыя 2—3 тыдні з’яўляюцца складанымі. Калі на працягу гэтага часу дзіця захворвае, што з’яўляецца вельмі распаўсюджанай з’явай у сувязі з адсутнасцю поўнай сталасці і слабага імуннага супраціўлення з-за стрэсу, перыяд адаптацыі працягваецца.
У перыяд адаптацыі самым вялікім страхам для дзяцей з’яўляецца страх разлукі са сваімі бацькамі. Гэты страх з’яўляецца тыповым для ўсіх дзяцей, якія адчуваюць бяспеку ў цесным кантакце з блізкімі людзьмі. Дзіця раптам застаецца без любячага клопату родных людзей у цалкам новым асяроддзі, яно не можа больш разлічваць на іх дапамогу і падтрымку. Гэты факт з’яўляецца вялікай крыніцай стрэсу для многіх дзяцей. Некаторыя дзеці адчуваюць страх і тугу вельмі сур’ёзна, у той час як іншыя — ледзь выяўлена, асабліва калі дзіця ўжо мела паспяховы вопыт расставання з блізкімі людзьмі.
Яшчэ адна вялікая праблема для дзіцяці ў перыяд адаптацыі — гэта адносіны з вялікай колькасцю новых людзей. Для таго каб зменшыць страх, звязаны з гэтым, дзіця павінна ведаць і прымаць правілы, якія рэгулююць грамадскае жыццё дашкольнай установы, сваёй групы, разумець ролю выхавальніка ў яго жыцці, удзельнічаць у групавых занятках і ў свабоднай дзейнасці з равеснікамі. Найбольшыя адмоўныя эмоцыі ў дзіцяці ў гэты перыяд выклікаюць неабходнасць падпарадкоўвацца ўказанням выхавальніка і распарадку групы, узаемадзеянне з іншымі дзецьмі (дзяліцца цацкамі, непажаданыя цялесныя кантакты, замах на асабістую прастору і інш.), няўменне самастойна справіцца з праблемамі і цяжкасцямі, якія ўзнікаюць.
Задача бацькоў і педагогаў на гэтым этапе — навучыць дзіця дамаўляцца з дарослымі і іншымі дзецьмі ў розных пытаннях, кантраляваць свае эмоцыі.
Немалаважнай праблемай у перыяд адаптацыі з’яўляецца самастойнасць і самаабслугоўванне. Дзіця павінна памятаць, дзе яго шафа ў раздзявалцы і месца за сталом, нумар або назву сваёй групы, як завуць выхавальніка, дзе знаходзіцца туалет і як ім карыстацца і г.д. Дзіця павінна, у меру сваіх магчымасцей самастойна адзецца, памыць рукі, схадзіць у туалет, паесці. Педагогі хочуць і дапамагаюць дзецям, але яны не ў стане прысвяціць кожнаму з іх столькі часу, колькі можа спатрэбіцца.
Перад тварам новых задач і цяжкасцей плач дзіцяці пры расставанні з бацькамі зразумелы. У дзіцячым садзе яно можа быць першапачаткова аслабленым, вялым і неахвотна ўключацца ў агульныя гульні. Некаторыя дзеці дапытваюцца ў выхавальніка, калі прыйдуць бацькі. Бывае, што падыходзяць да акна, каб паглядзець, ці не ідуць мама і тата. Плач і рэзкія змены настрою часта з’яўляюцца на працягу дня. Некаторыя дзеці не хочуць першапачаткова есці ў дзіцячым садзе; іншыя неахвотна карыстаюцца туалетам, што можа заканчвацца мокрай і бруднай бялізнай; часам адмаўляюцца ад выхаду з групай у спартыўную або музычную залу, на дзіцячую пляцоўку або ад укладвання на дзённы сон, баючыся, што бацькі іх не знойдуць. Дзіцячы стрэс у адаптацыйны перыяд у дзіцячым садзе выяўляецца, як правіла, у парушэнні сацыяльных і паводзінскіх норм, мае дэманстратыўна бунтуючы характар — дзіця супраціўляецца, адмаўляецца ад супрацоўніцтва, яно робіць розныя рэчы па-свойму, бывае агрэсіўным у адносінах да равеснікаў і г.д. Пасля вяртання дадому дзеці часта стамляюцца і не могуць знайсці сабе месца. Бываюць раздражняльнымі або рыдаючымі, млявымі, не хочуць нават на хвіліну расставацца з бацькамі, выходзіць з дому, бываюць гіперактыўнымі, праяўляюць агрэсіўнасць у адносінах да братоў і сясцёр і г.д. Могуць некаторы час горш есці і спаць, увечары пытацца і пратэставаць супраць паходу раніцай у дзіцячы сад.
Апісаныя тут праблемы ўзнікаюць у дзяцей у розных канфігурацыях і з’яўляюцца тыповымі для перыяду адаптацыі.
Калі трэба турбавацца?
- Калі сімптомы вельмі цяжкія і не змяншаюцца з цягам часу.
- Калі сімптомы ўзмацняюцца і да ранейшых далучаюцца новыя праблемы.
- Калі дзіця мае вялікія цяжкасці ў зносінах з равеснікамі.
- Калі дзіця не спраўляецца з адаптацыяй да грамадскіх правіл.
- Калі ўзнікаюць і не праходзяць псіхасаматычныя сімптомы: парушэнні апетыту, праблемы з запорамі, сном, ірвота і болі ў жываце.
Як прадухіліць цяжкасці адаптацыі?
- Дазваляць маленькаму дзіцяці пазнаваць свет пад наглядам клапатлівых, але не аўтарытарных дарослых; чым больш цікаўнае і знаходлівае дзіця — тым больш адкрыта яно для новага вопыту.
- Навучыць дзіця пераадольваць цяжкасці, забяспечваючы яму неабходную дапамогу, але і заахвочваючы яго ўласныя намаганні; заўважаць і хваліць нават маленькія поспехі.
- Прымаць пачуцці дзіцяці, паказваючы яму адначасова спосабы, як справіцца з цяжкімі эмоцыямі.
- Забяспечыць як мага больш кантактаў з равеснікамі ў перыяд, які папярэднічае наведванню дзіцячага сада (агульныя забавы на дзіцячай пляцоўцы і ў пясочніцы, наведванне дзіцячых цэнтраў, сустрэчы з сябрамі, якія маюць дзяцей аналагічнага ўзросту, і г.д.).
- Даваць дзіцяці магчымасць для перажывання разлукі з блізкімі людзьмі ў бяспечных эмацыянальных умовах — часам пакідаць малыша пад наглядам бабулі або цёткі, калі бацькі выходзяць за пакупкамі. Аднак трэба мець на ўвазе, што вельмі доўгая і частая адсутнасць бацькоў не будзе спрыяць сталасці дзіцяці і прывыканню да разлукі. Калі дзіця бацькоў, якія працуюць, застаецца пад наглядам бабулі або нянькі, трэба мець на працягу дня час для агульнай гульні і прагулкі з бацькамі.
- Вучыць самастойнасці ў сферы самаабслугоўвання, каб дзіця, ідучы ў дзіцячы сад, адчувала сябе ў гэтых адносінах упэўнена.
Што рабіць, калі цяжкасці адаптацыі да дашкольнай установы з’яўляюцца сур’ёзнымі і ўяўляюць для дзіцяці вельмі вялікую эмацыянальную нагрузку?
У такім выпадку варта як мага раней звярнуцца да вопытнага дзіцячага псіхолага, які дапаможа вызначыць прычыны праблемы. Яны могуць узнікаць з праблем, якія мае само дзіця, напрыклад, парушэнне апрацоўкі сенсорных стымулаў, праблемы са зносінамі і ўваходжаннем у сацыяльныя кантакты, недастаткова развітае ўменне гуляць, маленькая самастойнасць і г.д.
Часам праблемы ўзнікаюць з апасак саміх бацькоў, якія баяцца, што дзіця не справіцца без іх дапамогі, і перадаюць яму свае страхі. Бывае, што дашкольная ўстанова, якую дзіця пачало наведваць, непрыстасавана да яго патрэб. Прычыны цяжкасці адаптацыі, як правіла, складаныя і могуць уключаць усе тры апісаныя вышэй аспекты.
Дапамога псіхолага павінна асноўвацца на вывучэнні псіхалагічнай сітуацыі канкрэтнага дзіцяці, каб прапанаваць адпаведныя рашэнні. Гэта могуць быць рэкамендацыі для бацькоў і работнікаў дашкольнай установы, аднак часам само дзіця мае патрэбу ў дадатковай дапамозе, каб аблегчыць знаходжанне яго ў новым асяроддзі. Гэта могуць быць заняткі па сенсорнай інтэграцыі, мануальная тэрапія, індывідуальныя або групавыя адаптацыйныя заняткі і г.д. Акрамя таго, часам неабходна часова скараціць знаходжанне дзіцяці ў дзіцячым садзе або змяніць аб’ект.
Калі ў дзіцяці назіраецца сур’ёзная праблема ў перыяд адаптацыі, то не трэба пакідаць яго без прафесійнай дапамогі з надзеяй, што на будучы навучальны год дзіця перарасце свае праблемы. Так часцей за ўсё не адбываецца — наадварот, праблемы ўзмацняюцца, таму што равеснікі ўжо зрабілі значныя поспехі ў галіне сепарацыі ад бацькоў і сталі больш самастойнымі.
Замест заключэння
Адаптацыйны перыяд у розных дзяцей адбываецца па-рознаму — для некага ён практычна непрыметны, а нехта сутыкаецца з вельмі сур’ёзнымі праблемамі. У сярэднім гэта 2—3 месяцы, на працягу якіх цалкам неабходна дапамагаць дзіцяці асвойвацца і прывыкнуць да новага для яго ладу жыцця, праявіць цярплівасць і добразычлівасць.
Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска.