Радасць без умоў

Мара любога чалавека быць шчаслівым. Але як адчуць шчасце і захаваць яго?

Шчаслівага чалавека людзі часта вызначаюць як паспяховага ў сям’і і асабістым жыцці. Сапраўды, адносіны з’яўляюцца вельмі важнай крыніцай поспеху. Значнасць тых ці іншых узаемаадносін неаднолькавая ў розныя перыяды жыцця. Для маленькіх дзяцей важней за ўсё адносіны з бацькамі, потым — перавага на баку сяброўства, а потым на першы план выходзяць любоў і шлюб. На наступным этапе жыцця сябры зноў аказваюцца важнымі.

Грошы ж павялічваюць узровень дабрабыту, калі спрыяюць задавальненню базавых патрэб — у ежы, адзенні і жыллі. Пасля гэтага на першы план выходзіць патрэба ў самарэалізацыі.

Чалавек не можа быць шчаслівым, калі ўвесь час чакае нейкай падзеі ці выпадку. Часта людзі лічаць, што яны будуць шчаслівымі, калі возьмуць шлюб, атрымаюць добрую работу і г.д. Адчуванне шчасця нельга звязваць з вырашэннем нейкіх праблем. Калі сыходзіць адна праблема, ёй на змену заўсёды прыходзіць іншая. Калі вы хочаце быць шчаслівымі, навучыцеся бачыць у сваім жыцці радасць без умоў “калі і каб”.

Якія якасці можна ў сабе развіваць, каб адчуваць сябе ўсё больш шчаслівым? Важна ставіць жыццёвыя мэты. Гэта дазволіць адчуць каштоўнасць таго, што было ў мінулым, адбываецца ў цяперашнім і будзе адбывацца ў будучыні.

Трэба імкнуцца быць незалежным ад меркавання большасці і ацэньваць сябе, зыходзячы з уласных пераваг. Вывучыце якасці, якія дапамагаюць вам паспяхова пераадольваць цяжкасці на шляху да дасягнення мэт, і развівайце іх. Падтрымлівайце ў сабе імкненне развівацца, успрымаць новае, вучыцца.

Калі вы імкняцеся наладзіць блізкія адносіны, то варта развіваць уменне суперажываць і прыходзіць да кампрамісу, праяўляць жаданне быць гібкім у зносінах.

Вельмі важна памятаць, што не ўсё, што спрыяе задавальненню, спрыяе дасягненню шчасця. Жыццёвыя цяжкасці могуць стаць асновай для павышэння дабрабыту чалавека. Гэта дасягаецца праз пераасэнсаванне жыцця, усведамленне ўласных мэт, наладжванне больш гарманічных адносін з іншымі людзьмі, набыццё здольнасці да суперажывання.

Калі вы не адчуваеце сябе шчаслівым, жыццёвыя цяжкасці не дазваляюць вам ставіць мэты і праяўляць сябе. Памятайце, што вы ў сілах змяніць сітуацыю, вы ў стане свядома і па ўласным жаданні быць шчаслівым. Трэба збіраць і прымнажаць у памяці тыя моманты жыцця, калі вы былі шчаслівым і атрымлівалі перамогу, у хвіліны крызісаў звяртацца да гэтай “кладоўкі” па дапамогу і натхненне.

Можна звярнуцца па дапамогу да блізкіх ці падзяліцца сваёй праблемай з псіхолагам. Усё гэта дапаможа вам паглядзець на свае цяжкасці збоку, убачыць новыя шляхі іх вырашэння.

Карына СЯНКЕВІЧ,
псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.