Алена Сяліцкая: “Сапраўднае хобі ўзбагачае чалавека, прымушае ўвесь час самаўдасканальвацца”

Сёння ў гасцях ва “Утульнай хатцы” — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзяржынска Алена Чаславаўна СЯЛІЦКАЯ. Акрамя таго, што яна па-сапраўднаму апантаны педагог, які натхнёна выношвае і рэалізуе новыя і новыя ідэі правядзення цікавых заняткаў са сваімі вучнямі, Алена Чаславаўна мае цікавае хобі. Калекцыянуе вожыкаў і стварае цудоўныя лялечныя мініяцюры.

Каму належыць выраз “Рабі нечаканае! Рабі, як ніхто!”, які матывуе да творчасці? Чаму лёгка пазнаць дом нашай гераіні? Як зрабіць паштоўку з вожыкам? Які можна зрабіць самы лепшы камплімент стваральніку лялечных мініяцюр? Даведаемся разам.

— Алена Чаславаўна, раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі да таго, каб стаць настаўнікам?

— Прафесію настаўніка выбірала свядома. Напэўна, як і ўсе дзяўчынкі, з першага класа хацела вучыць дзяцей. І жаданне з узростам не толькі не знікла, наадварот, узма-цнілася. Ужо ў 10 класе магла спакойна пайсці на замену настаўніка, які захварэў, прычым мне давяралі і дысцыпліну, і сам працэс навучання. У 11 класе вельмі сур’ёзна магла ствараць нейкія дыдактычныя карткі ў скарбонку. Трэба сказаць, што многімі з іх, але толькі ўжо набранымі на камп’ютары, заламінаванымі, я і зараз карыстаюся.

Потым я паступіла ва ўніверсітэт. Вучоба на філалагічным факультэцэ БДПУ — гэта незвычайны час. У працэсе навучання была створана такая атмасфера, што мы не адчувалі сябе студэнтамі, хутчэй — будучымі настаўнікамі. Ужо тады пачала збірацца мая бібліятэка мастацкай і навуковай літаратуры, якая зараз налічвае больш за 3000 кніг.

— А на што зараз натхняе прафесія?

— Як ні дзіўна, прафесія сапраўды натхняе да нейкай творчасці, але творчасць зноў жа на карысць прафесіі. Мне абсалютна не цяжка правесці 7 урокаў, а пасля адразу і дадатковыя заняткі. І потым паехаць у Мінск на якую-небудзь выставу, адукацыйны семінар, кніжны кірмаш. Магу ў кнігарні ўбачыць табліцу-нагляднасць садавіны для дзіцячага садка, набыць (пад абураныя позіркі мужа, маўляў, у цябе ж старшыя класы!), а за два вечары зрабіць цудоўныя карткі з лінгвістычнымі задачамі па тэме “Запазычаныя словы”. Ці ў газетным кіёску адшукаць сціплую паперу для абклейкі вокнаў на зіму, а ў галаве — ідэя, як можна яе выкарыстаць на ўроку літаратуры. Тут, канечне, шмат мінусаў у тым, што і дома, і ў школе ўсе шафы загрувашчаны такім “скарбам”, але ў мяне на ўроках ён працуе.


— Як я разумею, некаторыя вашы заняткі праходзяць у індывідуальна творчым, нестандартным фармаце. Адкуль яшчэ бераце новыя ідэі для гэтага?

— У 2014 годзе мне выпаў гонар прадстаўляць родны Дзяржынскі раён на конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Мінскай вобласці”. Журы прысудзіла мне званне лаўрэата, а гэта — гонар, які неабходна апраўдваць штодзённа. Памятаю, як нехта з арганізатараў конкурсу ў адзін з дзён сказаў, што гэта для нас школа жыцця. Аказалася, не школа — акадэмія!


Па-першае, конкурс стаў неверагодным імпульсам да работы, хацелася ствараць майстар-класы, новыя ўрокі, праекты. Як казаў мой любімы Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч: “Рабі нечаканае! Рабі, як ніхто!” Не скажу, што кожны мой урок нестандартны і нейкі незвычайны. Усё ж я працую ў гімназіі, мая задача — забяспечыць узровень адукацыі па сваім прадмеце. Таму ўрокі сур’ёзныя, прадуманыя, лагічныя, вельмі шмат увагі ўдзяляю замацаванню і адпрацоўцы вучэбнага матэрыялу, з прычыны чаго часам адстаю ад каляндарна-тэматычнага планавання. Аднак і на такіх уроках можна прыдумаць пэўную адметнасць, каб дзецям не падавалася, што беларуская мова і літаратура — нудныя прадметы.

Напрыклад, у нас ёсць свая вучэбная валюта — “малайчынкі”. Гэтых адмысловых вожыкаў на фотакардоне стварае мой муж-праграміст. Кожны настаўнік ведае, што на ўроку дзеці могуць старацца, адказваць, памыляцца (і гэта цудоўна!), а пасля хацець нейкую адзнаку. Што ставіць? “Шэсць”? Крыўды будзе да канца чвэрці. “Дзевяць”? Але вусныя адказы на ўроках мовы не зусім дазваляюць атрымліваць тыя “дзявяткі”. Таму — “малайчынка”. Выхад да дошкі, трапнае выступленне, удалы прыклад, актыўнасць пры праверцы дамашняга задання і нават каліграфічна напісаная работа — “малайчынка”! Дзесяць такіх вожыкаў — “дзясятка” ў журнал. Паверце, за месяц-паўтара актыўнай работы вучня настаўнік можа такое зрабіць.


Па-другое, заўсёды можна нават на самым важным і сур’ёзным уроку знайсці пяць хвілін для гульні. Зразумела, адукацыйнай. Я як фанат актыўных метадаў навучання маю багаты запас такіх прыёмаў. Згуляць у “Крыжыкі-нулікі”, “Кубік”, запусціць міні-квест — гэта лёгка і эфектыўна. Але гэта ўжо асобная тэма для публікацыі.

А калі гаварыць пра нестандартныя формы работы з вучнямі, то гэта хутчэй пазакласная работа. Гэта і двухгадзінныя квесты “У пошуках чароўных камянёў”, і абавязковыя тэатральныя пастаноўкі для дзесяцікласнікаў паводле твораў беларускай літаратуры, і тэатральныя батлы, і паэтычныя спектаклі.


Дарэчы, апошнюю форму засвоіла для сябе зусім нядаўна, папярэдне пераглядзеўшы сотні падобных пастановак на YouTube. Разумееце, гэта ж не проста дэкламацыя вершаў па ланцужку! Там павінен быць сюжэт, логіка, героі, інтрыга, кульмінацыя, развязка. А яшчэ нейкае сцэнічнае рашэнне, музычнае і гукавое афармленне. І калі ў наступны раз у гімназіі аб’явілі конкурс чытальнікаў вершаў пра зіму з традыцыйным “100-працэнтным удзелам”, а мае дзевяцікласнікі пагардліва наморшчылі насы, то давялося сабраць з іх дапамогай сотню вершаў пра зіму на беларускай мове і стварыць усё-такі паэтычны спектакль “Не пускайце паэта ў Парыж!”, дзе было ўсё — і акцёрская гульня, і перажыванне паэтычнага слова, і відовішча, і трошкі пластыкі, і музыка. Не было толькі нуднага бубнення вершаў у мікрафон. А гэта так здорава!

— Пагаджуся з вамі! Сапраўды, вашы метады правядзення такіх вось творчых заняткаў — асобная тэма для артыкула. Цяпер пацікаўлюся, як вы пачалі калекцыяніраваць вожыкаў?

— Калекцыяніраванне вожыкаў — гісторыя даўняя. У той час я вучылася на курсах ландшафтнага дызайну і, натуральна, атрыманыя веды прымяняла на сваім прысядзібным участку. Кветкі, штучны ставок, міксбордары, масток, ліхтарыкі з’яўляліся адзін за адным. Але душы хацелася яшчэ і садовых скульптур. Як на тое ліха, у продажы былі розныя гномікі, сабачкі — гэта не мая тэма. Але аднойчы я пабачыла вожыка! Такога вясёлага, задаволенага жыццём, што проста не магла яго не набыць.


Пасля з’явіўся яшчэ адзін. І яшчэ, і яшчэ… І цяпер, калі каму-небудзь расказваю, як знайсці мой дом, кажу: “У двары шмат вожыкаў! Не памыліцеся”. На дзень нараджэння брат падарыў невялікую скульптурку для саду, але яна проста згубілася ў траве, таму вожык застаўся дома. А пасля да яго пачалі далучацца сабраты. Надалучаліся ўжо ў колькасці амаль 250 адзінак.

— Як пра ваша захапленне даведаліся сябры, сваякі і калегі?

— Натуральна, што сваякі даведаліся пра хобі, калі прыходзілі ў госці, бо паліцы з такой плоймай “калючыкаў” цяжка не заўважыць, а вучні — праз сацыяльныя сеткі, дзе я перыядычна паказваю сваіх навічкоў. Калегі… Дзесьці ў размове, дый і кліп конкурсны рабіла пра сваё хобі. Усе спадарыні педагогі смачныя пірагі паказвалі, танцы шыкоўныя дэманстравалі, а ў мяне асабняк з вожыкамі ды цэлая армія “калючых” побач.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя цікавыя экзэмпляры калекцыі. Адкуль яны да вас трапілі?

— Дарэчы, менавіта вучням сваім удзячна за самыя цікавыя экзэмпляры калекцыі. Так, у мяне ёсць вожыкі з Нідэрландаў, Польшчы, Францыі, Італіі, Кітая, Латвіі, Расіі. Ёсць і ўнікальныя “калючыкі”, зробленыя іх, дзіцячымі, рукамі, з лямцу, бісеру, дрэва, палімернай гліны, саломкі. І ўсе гэтыя “таварышы” мяжуюць з эксклюзіўнымі работамі беларускіх мастакоў-рамеснікаў, з якімі знаёмлюся падчас такіх выстаў, як “Млын”. Часам вожыкі задумваліся майстрамі не проста як фігурка-аздоба, а як мыла, свечка, тачылка, ігольніца, скрыначка, магніт, гадзіннік, флэшка, званочак і г.д.

Часам сапраўды пытаюцца: “Алена, а чаму вожыкі?” На што я адказваю: “А што, коцікі лепш? Іх так шмат у продажы, што давялося б вылучаць пакой для калекцыі. З вожыкамі прасцей”.

Калекцыя не нейкая там самамэта. Я не шукаю наўмысна экспанаты, але, дзе б ні была (выставы, спецыялізаваныя сайты), абавязкова пагляджу і вожыкаў. Так адну з фігурак — фарфоравую, з ручным роспісам Пецярбургскага імператарскага фарфоравага завода — знайшла абсалютна выпадкова ў сталічным ЦУМе сярод сальніц і падставак пад яйкі. Каштавала дарагавата, але я дачакалася дня скідак — і зараз цудоўныя “калючыкі”, якія хаваюцца пад лісточкам ад дажджу, займаюць пачэснае месца ў калекцыі.

— А ці жылі калісьці ў вас сапраўдныя вожыкі?

— Вось жывога вожыка дома не трымала. Хаця яны і водзяцца дзесьці ў нашым двары (калі затрымацца пазней на вуліцы, то можна пабачыць, як яны шпарка бегаюць туды-сюды). Але пра вожыкаў я чытала вельмі шмат, таму ведаю, што лепшае, чым мы можам ім дапамагчы, не чапаць іх рукамі, зусім. Часам маладыя прыходзяць пад ганак, тады ім можна даць кавалачак сыру, пячэння, вады. Але не чапаць пальцамі, не гладзіць, не падымаць. Што б з вамі было, калі б вас падхапілі на вышыню трыццаці вашых ростаў?


Часам мне прапаноўваюць набыць афрыканскага вожыка. Гэта цудоўны звярок, які выдатна жыве ў доме з чалавекам. Але спыняюць многія акалічнасці: па-першае, час. Вожык — істота сацыяльная, ён ідзе на голас гаспадара, як кот, разумее маўленне, таму яму патрэбен гаспадар дома. Тым больш што ў гадзін пяць вечара ён ужо кладзецца спаць. А тут часам у школе заняткі толькі заканчваеш а пятай гадзіне. Па-другое, корм. Калі хочаце, каб вожык жыў усе адпушчаныя прыродай сем гадоў, яму трэба лавіць чарвякоў і слімакоў. Сапраўдныя аматары-заводчыкі гэтым і займаюцца, а на зіму нават марозяць у халадзільніку. Ну не гатова я мець такое “мяса” на кухні! Так, можна карміць жывёлу варанай курыцай, але тады працягласць жыцця рэзка зменшыцца, а я не хацела б стаць прычынай гэтага. Нават і для вожыка.

— Якія вожыкі самыя любімыя для вас?

— Самымі любімымі вожыкамі для мяне сталі тыя, якіх ужо няма… Як кажуць, не ўберагла. Аднаго з іх мая сяброўка набыла ў кандытарскай з суфле і шакаладу. Яна, безумоўна, хацела як найлепш — смачны вожык для аматара вожыкаў. Толькі вось з’есці яго я не змагла. Цішком ад мяне гэта зрабіла мая сям’я. Яно і добра…
Другая фігурка — пара цудоўных вожычкаў з салёнага цеста — была набыта пад сценамі Нясвіжскага замка. Але ці то яны былі дрэнна прапечаны, ці нешта яшчэ, але праз пэўны час пачала з іх выдзяляцца вільгаць, цеста стала крышыцца. Я спрабавала прасушваць вожыкаў, пакрываць лакам, але дарэмна.

Аднак самымі прывілеяванымі вожыкамі маёй калекцыі стала сям’я Sylvanian Families. Гэта калекцыйная серыя цацак, якая вядома ва ўсім свеце і мае мільёны прыхільнікаў як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. У той час я толькі пачынала займацца лялечнай мініяцюрай. А вось пра гэта, напэўна, патрэбна расказаць падрабязней.

Лялечная мініяцюра — гэта стварэнне калекцыйных лялечных дамоў з інтэр’ерамі. Крый божа, падумаць камусьці, што гэта забаўкі для “дарослых цётак, якім няма куды траціць грошы і час”. Упершыню такі лялечны дом з’явіўся ў 1558 годзе па замове баварскага герцага для сваёй дачкі. Але дзяўчынка так і не змагла гуляць з такой дарагой цацкай — настолькі шыкоўнай яна была. Затое дом пачалі паказваць шматлікім гасцям герцага, аб чым слава разляцелася па ўсёй Еўропе. Напрыклад, сёння ў Віндзорскім замку (у Англіі) захоўваецца нацыянальная рэліквія англічан — мініяцюрны палац каралевы Марыі. І паверце, ніхто не лічыць яго пустой цацкай. На сённяшні дзень сярод мініяцюрыстаў усяго свету ёсць дамова — усе рэчы ствараць у маштабе 1:12. Існуе сегмент прамысловасці, які вырабляе для майстроў матэрыялы: мініяцюрныя шпалеры, прыступкі, парэнчы, аконныя рамы, керамічную плітку, прадметы інтэр’ера. Ёсць і ўнікальныя майстэрні, тыпу Reutter Porzellan, якая спецыялізуецца на вытворчасці фарфоравага посуду ў фармаце 1:12, дэталёвасць якога проста ўражвае!


— А чым адметна беларуская лялечная мініяцюра?

— Адметнасць беларускай лялечнай мініяцюры ў тым, што многае трэба вырабляць сваімі рукамі. У справу ідуць самыя розныя матэрыялы. Ці ведалі вы, што найлепшая лялечная мэбля атрымліваецца з драўляных лінеек, а крышталёвы посуд — са шкляных гузікаў? Калі займаешся лялечнай мініяцюрай, то на кожны прадмет глядзіш з пазіцыі таго, як можна яго выкарыстоўваць. Самым вялікім кампліментам з’яўляецца пытанне “З чаго гэта зроблена?”. Зараз успамінаецца фота аднаго беларускага майстра, пад якім пачаліся здагадкі, з чаго зроблена цудоўная камінная рашотка. Аказалася, што гэта борцік ад пластыкавай шкляначкі з-пад смятаны, пафарбаваны бронзавай фарбай!

— Вось дык фантазія! А з чаго пачынаць такія мініяцюры, Алена Чаславаўна?

— Пачынаць лялечную мініяцюру прасцей не з вялікіх дамоў, а з румбоксаў — невялікіх скрыначак, у якіх заключаны адзін пакой. Так, у мяне ёсць румбокс “Нявесцін пакой”. У ім нават святло запальваецца. Зараз у працэсе стварэння майстэрні мастака ў ліхтары ад ІКЕА, а назапашваю матэрыялы для французскай кавярні.
Лялечны асабняк прызначаўся для вельмі дарагой фарфоравай лялькі патрэбнага фармату, але яе я так і не набыла, затое там утульна сябе адчувае сямейка вожыкаў. У доме вялікая гасцёўня, кухня, ванны пакой, музычны салон з більярдам, пакой для вожыкаў-бацькоў і дзіцячы пакой для чатырох іх дзетак.

— Чым для вас найбольш цікавыя такія работы?

— Цікавасць лялечнай мініяцюры ў тым, што яе нельга завяршыць, давесці да дасканаласці. Увесь час знаходзіш новыя ідэі, нешта пераробліваеш, набываеш новыя матэрыялы. Так, у маіх планах — што побач з вожыкавым домам з’явіцца аранжарэя з кветкамі (а мініяцюрная фларыстыка — гэта яшчэ адзін найцікавейшы кірунак!), а ў самім доме будзе праведзена святло і пачне тлець вугольчыкамі камін. Для тых, хто ўжо гатовы кідацца ў мяне тапкамі, хачу сказаць, што гэта вельмі мірнае жаночае хобі, якое патрабуе і навыкаў шыцця, вышыўкі, вязання, дэкупажу, лепкі. Яно супакойвае, настройвае на пазітыўную хвалю.

— Як да вашага хобі адносяцца блізкія?

— Тут мне пашанцавала! Бацькі ў свой час ставіліся лаяльна, часам бедавалі, што няма куды ставіць калючых, што значныя сродкі ў суме атрымліваюцца на калекцыю. Брат актыўна папаўняў маю калекцыю падарункамі, муж зараз цалкам падтрымлівае. Ён лічыць, што па-сапраўднаму цікавы чалавек павінен мець хобі.

— А вы як лічыце?

— І я так лічу. Вельмі баюся ў свой час стаміцца ад жыцця настолькі, што за хобі будзе лічыцца прагляд серыялаў ці сядзенне ў сацыяльных сетках. Сапраўднае хобі ўзбагачае чалавека, прымушае ўвесь час самаўдасканальвацца, расці, вучыцца новаму. Падарожжы, чытанне, вывучэнне моў, спорт, танцы, рукадзелле, кулінарыя, вырошчванне кветак — усё гэта вельмі патрэбна і карысна. Сярод маіх калег і знаёмых шмат творчых людзей, але ёсць і такія, хто пагардліва, не-не, ды і скажа: “Навошта траціць час на лухту?” Але падумайце самі, што блізкім людзям ад вашай прафесіі можа быць няўтульна, некамфортна. Што я маю на ўвазе? У сем’ях урачоў, настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў, юрыстаў і іншых іх прафесіі дома так шмат, што гэта праяўляецца ў пастаянных тэлефонных званках па рабочых пытаннях, паліцах спецыяльнай літаратуры, спецыфічных рэчах. І толькі ад хобі — кулінарыі, кветкаводства, вышыўкі — дома можа быць утульна і прыемна. Часам хобі дазваляе проста не выгараць, а зноў і зноў ісці да людзей з адкрытым сэрцам. Нават пагаварыць з апантаным чалавекам цікава і прыемна. А яшчэ ўсе ведаюць, што свет трымаецца на дзіваках.

Вікторыя ГОМЗА.
Фота Алены СЯЛІЦКАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*