Драўляны эксклюзіў

Не ведаю, як для вас, а для мяне восень — гэта заўсёды час крэатывіць. Магчыма, такі настрой стварае сама восеньская атмасфера з яе залатымі россыпамі і рамантычнымі дажджамі. З’яўляецца жаданне акружыць сябе “цёплымі” рэчамі і зрабіць жыццё больш утульным. Сёння мы прапануем вам шэраг ідэй для інтэр’ера ў вельмі модным зараз рустыкальным стылі. Некалькі базавых інструментаў з тых, што заўсёды знойдуцца пад рукой, даступныя матэрыялы, выхадны дзень — вось і ўсё, што вам спатрэбіцца для стварэння эксклюзіву.

Рустыкальны стыль — самая брутальная разнавіднасць стылю кантры. Спалучэнне нявыгабляваных дошак, натуральнага каменя і мінімалістычнага дэкору набліжае чалавека да прыроды. Магчыма, таму ён аднолькава блізкі як вяскоўцам, так і жыхарам мегаполісаў. Зараз рустыкальны стыль знаходзіцца на піку папулярнасці ў Заходняй Еўропе і ЗША. Яго асноўны плюс — экалагічнасць. Аднак існуе і іншая прычына яго папулярнасці: рустыкальны стыль здольны падарыць вам дом з гісторыяй. Упэўненасць, спакой і стабільнасць — тое, што характарызуе радавое гняздо, дзе кожны
прадмет мэблі быццам фотаздымак з сямейнага архіва. Прадметы інтэр’еру выглядаюць так, быццам ім 100 гадоў і яны праслужаць яшчэ не менш як 100. У напружаным рытме сучаснага жыцця ствараецца ілюзія, што час спыніўся, што чалавек зноў, як і стагоддзе назад, наблізіўся да сямейных каштоўнасцей, нядзельных абедаў і вячэрняга чытання кніг каля каміна.

У рустыкальным стылі можна аформіць як загарадны дом, дачу, так і гарадскую кватэру. А можна проста ўнесці ва ўжо сфарміраваны інтэр’ер некалькі арыгінальных элементаў. Напрыклад, незвычайны журнальны столік з бярозавых паленцаў.
У прыведзеным праекце было выкарыстана 43 бярозавыя паленцы, кожнае дыяметрам 8 — 12 см, лісты фанеры, а таксама сталярны клей, тынк, шрубы, колцы, піла, шрубавёрт і шпаталь.
Як кажуць, усё геніяльнае — проста. Выражце з фанеры аснову для стала квадратнай ці прамавугольнай формы і зрабіце фанерную скрынку неабходных вам памераў. Замацуйце яе на аснове, якая будзе выступаць яшчэ на 14 см ад кожнага краю скрынкі. Гэтая адлегласць павінна быць прыкладна роўнай дыяметру вашых паленцаў. Закрывае скрынку вечка-стальніца. Замацоўваем яе шрубамі і зверху наклейваем
бярозавыя круглякі вышынёй 2-3 см. Адтуліны паміж круглякамі запаўняем тынкам. Пры жаданні можна пакрыць увесь столік слоем празрыстага поліўрэтану для дрэва.

Рустыкальную нотку вашаму інтэр’еру можа надаць і вось такая цікавая ваза, распрацаваная дызайнерам Trine Andersen. Ідэя дастаткова лёгкая ў выкананні. У абсалютна неапрацаванае палена ўстаўлена керамічная чаша для вады. Не будзем вызначаць сабекошт такой вазы, аднак у арыгінальным варыянце яе можна набыць за 40 фунтаў стэрлінгаў. Таму ёсць сэнс паспрабаваць зрабіць яе сваімі рукамі.

А як вам абгарэлыя табурэты, створаныя бельгійскім дызайнерам Kaspar Hamacher? Ножкі табурэта насамрэч былі выпалены, а не створаны нейкім іншым чынам. Для гэтага дызайнер спачатку ачысціў бервяно ад кары, а потым выпаліў неабходныя пустоты, склаўшы паленцы, якія гараць, крыж-
накрыж. Так атрымаліся ножкі няроўнай формы. Ужо пасля гарэння загатоўка ачышчаецца ад верхняга апаленага слою. Такой мэбляй можна аформіць сад ці тэрасу.

Унесці ў інтэр’ер вашага жытла восеньскую нотку дапаможа вось такая інсталяцыя. У яе аснове можа быць ствол любога знойдзенага дрэва. Некалькі нескладаных маніпуляцый і…вуаля — ствол ператвараецца ў падсвечнік для круглых свечак-таблетак. У якасці дэкору вы можаце выкарыстаць усё, што заўгодна: плады фізалісу, маленькія каляровыя гарбузікі, падсушаную лістоту, шышкі, ягады,
каштаны. А можна і проста пакінуць усё, як ёсць, бо атрыманы намі падсвечнік ужо сам па сабе здольны прыцягваць увагу.
Людзі свядома набліжаюцца да прыроды. Як у ландшафтным дызайне, так і ў дызайне памяшканняў менавіта гэты кірунак з’яўляецца самым актуальным. Калі мэбля, то з цэльнага бярвення. Аднак і імітацыя ў стылі “усё з паленцаў” таксама вітаецца. Ужо прапанаваны намі журнальны столік можна “падтрымаць” у агульным афармленні кватэры нескладанымі ў выкананні табурэтамі. З аднаго боку, такі
табурэт можна зрабіць сапраўдным арт-аб’ектам, а з другога — ён надзвычай функцыянальны, бо ўнутры — месца для захавання рэчаў. Прынцып выканання такі ж, што і пры пабудове століка. Аднак у гэтым выпадку дызайнеры раяць не замацоўваць верхнюю вечку.

Часам і выдумляць нічога не патрэбна, прырода ўсё неабходнае стварыла сама. Напрыклад, кручкі для самых розных рэчаў. Проста, прыгожа і практычна.

Калі ў вашым доме ёсць камін, то звычайна побач трымаюць і невялікі запас сухіх дроў. Як правіла, ён
хаваецца ад вачэй. І сапраўды, навошта паказваць дровы? Ну, хіба што пару паленцаў у прыгожым плеценым кошыку… А вось шведская студыя дызайну прапанавала зусім нестандартны варыянт — не толькі зрабіць дровы сапраўдным упрыгажэннем пакоя, але і прымусіць іх выконваць яшчэ шэраг функцый.
Ідэя заключаецца ў тым, каб уставіць у драўляную паляніцу драўляныя скрыні, якія будуць выконваць ролю палічак. Такім чынам, паляніца ператвараецца ў імправізаваны стэлаж, адкуль можна ўзяць тое, што патрэбна: кнігі, сувеніры, цёплыя пледы, посуд…
Не забудзьцеся трывала скласці паленцы і атрымоўвайце асалоду ад дамашняй атмасферы. Памятайце, мы самі ствараем наша жыццё!

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.
Фота з інтэрнэту.