Каляровы настрой

Як часта, гледзячы на сваё дзіця, мы хочам ведаць, што ж у гэтай маленькай галоўцы робіцца, пра што наш малы думае і што яго турбуе, які ў яго настрой у гэты момант.

Настрой — адна з самых цікавых псіхалагічных з’яў. Вельмі цяжка прасачыць, як, чаму і калі ён паляпшаецца і пагаршаецца.
Калі такія яркія эмацыянальныя станы, як гнеў, захапленне, лютасць звычайна маюць пэўную прычыну, якую мы з лёгкасцю можам высветліць, то настрой — гэта проста лёгкі эмацыянальны фон, які, як смуга, ахутвае нашу душу, прымушаючы яе ўсё бачыць праз прызму гэтай смугі. Фон гэты ўзнікае неўсвядомлена і непрыкметна знікае. Ствараць настрой — адмысловае мастацтва, сапсаваць жа яго можа практычна любы фактар.
Не звяртаць увагі на дрэнны настрой дзіцяці нельга. А калі праблема зацягнулася на дзень-два, тыдзень? Трывожныя сігналы. Магчыма, дзіця нешта глыбока перажывае. Гэта могуць быць канфлікты з аднагодкамі, праблемы з навучаннем, страхі. Важна ўлоўліваць лёгкі сум, які рассейваецца падчас вясёлай прагулкі, і прыгнечанасць, якая занадта зацягваецца.
Не варта забываць, што дзіця — гэта такі ж чалавек, толькі маленькі. І вядома, яно таксама адчувае тое ж, што і мы, дарослыя. Аднак, калі дзіця радаснае, гуллівае, смяецца, танцуе — яго паводзіны ўспрымаюцца як належныя. Але бывае і іншае. Часам дарослыя дапускаюць дзве грубыя памылкі. Першая — поўнае ігнараванне дзіцяці. Другая, процілеглая, — паніка аднаго з бацькоў і допыт дзіцяці з нагоды прычын засмучэння. Вядома ж, абедзве мадэлі паводзін недапушчальныя.
Не заўсёды маленькі чалавек можа апісаць словамі свой псіхалагічны стан, усё тое, ад чаго яму сумна, страшна, чаму ў яго нічога не атрымліваецца на ўроку, чаму ён не хоча займацца любімай справай. У гэтым выпадку можна паспрабаваць пачаць размову з дзіцем з дапамогай колеру. Самае дзіўнае, што ў дзецях, нават самых маленькіх, прыродай закладзена пэўная рэакцыя на той ці іншы колер.
Колеры ствараюць настрой, робяць жыццё разнастайным і насычаным. Яны могуць па-рознаму ўплываць і ўздзейнічаць на настрой чалавека.
Колерадыягностыку эмацыянальных станаў рэкамендуецца ўжываць з 3-4-гадовага ўзросту. Мэтай гэтай методыкі з’яўляецца вывучэнне асаблівасцей асобасных і групавых эмацыянальных станаў, псіхалагічнага клімату групы, самаадчування асобы ў групе, ацэнка ўздзеяння розных сітуацый на дзіця.
Тэарэтычная аснова методыкі — уяўленне аб тым, што стаўленне да тых ці іншых людзей, падзей, аб’ектаў або з’яў адлюстроўваецца ў каляровых асацыяцыях да іх. Гэта значыць, кожны колер спектра з’яўляецца ўмоўным знакам пэўнага настрою:
чырвоны — узнёслы ;
аранжавы (ружовы) — радасны, цёплы;
жоўты — светлы, прыемны;
зялёны — спакойны, ураўнаважаны;
сіні — нездавальняючы, сумны;
фіялетавы — трывожны, напружаны;
чорны — поўны заняпад, роспач;
белы сімвалізуе адказ тыпу: “цяжка сказаць”.
Ёсць шмат магчымасцей і метадаў, якія дапамагаюць вызначыць настрой дзіцяці, яго агульныя жыццёвыя ўстаноўкі і ўсталяваць з ім кантакт. Адзін з найбольш распаўсюджаных — гэта колеравы тэст.
Хай не на ўсе пытанні вы атрымаеце адказ, не адразу раскрыеце сутнасць дрэннага ці трывожнага настрою, але зможаце вызначыць псіхічны стан вашага падапечнага.

Дыдактычная гульня “Каляровыя прывітанні”

Гульня праводзіцца з вучнямі пачатковых класаў. На партах размешчаны карткі розных колераў. Вучні самі выбіраюць той колер, якім сёння яны хацелі б з намі “павітацца”, колер, які цяпер адпавядае іх настрою. У канцы заняткаў такім чынам можна сказаць “да сустрэчы”.

Дыдактычную гульню “Каляровыя прывітанні” пажадана праводзіць у пачатку навучальнага дня і ў канцы заняткаў, каб настаўнік змог адсочваць змены настрояў навучэнцаў.
Важна, каб педагог таксама выконваў гэтае практыкаванне, выступаючы ў ролі дзіцяці.
Асноўным метадычным інструментам колерадыягностыкі з’яўляецца дзённік настрояў, рабочая частка якога дэманструе іх каляровы дыяпазон. Колераматрыца запаўняецца ў пачатку і ў канцы кожнага навучальнага дня.
А цяпер пяройдзем да раскрыцця значэнняў колеру.

“Жоўтыя” дзеці больш за ўсё схільныя да творчасці. На мове колераў жоўты азначае духоўнасць (жоўты німб над галовамі святых на карцінах і абразах, жоўта-залатыя купалы праваслаўных цэркваў, жоўта-аранжавае адзенне будысцкіх манахаў). Як правіла, “жоўтыя” людзі — свабодныя, разняволеныя, арыгінальныя, іншадумцы, і таму небяспечныя для тых, хто галоўным лічыць непарушны парадак, неабмежаваную ўладу, для якіх асноўны маральны прынцып “не вылучацца і не разумнічаць”. З іншага боку, “жоўты” — чалавек-летуценнік, фантазёр, казачнік. Ён часта схільны ў сваіх фантазіях адрывацца ад зямлі, выдаваць жаданае за сапраўднае, містыфікаваць іншых. Такія дзеці могуць быць як добрымі апавядальнікамі і выдумшчыкамі, цэнтрам прыцяжэння для аднагодкаў і малодшых дзяцей, так і аб’ектам для кпінаў.
У раннім дзяцінстве “жоўтае” дзіця любіць гуляць у адзіночку, свае цацкі сілай свайго ўяўлення пераўтварае ў любыя персанажы. Такі чалавек, калі становіцца дарослым, аддае перавагу цікавай разнастайнай працы. Ён заўсёды ў нешта верыць, на нешта спадзяецца, жыве больш будучыняй, а ў сучаснасці ён непрыстасаваны, непрактычны, “як не з гэтага свету”.

“Фіялетавыя” дзеці жывуць багатым унутраным светам. У паводзінах часта адрозніваюцца артыстызмам. Фіялетавы колер азначае ноч, таямніцу, містыку, маскіроўку, гульню, сузіранне, атаясамліванне, інтэграцыю, унушальнасць (у адносінах да сябе і іншых), эстэтычнасць і неэстэтычнасць, сціпласць і жаданне шакіраваць іншых, устры-манасць і цяга да разнастайных заган, пакутніцтва і месіянскія тэндэнцыі. Такіх дзяцей (і дарослых) амаль заўсёды раздзіраюць супярэчнасці ў пачуццях, жаданнях, адносінах і г.д.
“Фіялетавыя” людзі адчувальныя, унушальныя, іх лёгка загіпнатызаваць, яны лёгка ўзбуджаюцца, імкнуцца ўражваць навакольных і пры гэтым здольныя паглядзець на сябе збоку. Вельмі ранімыя, таму маюць патрэбу ў падтрымцы, заахвочванні, узбадзёрванні.

“Чырвоныя” дзеці найбольш адкрытыя і актыўныя. Чырвоны колер — колер крыві, здароўя, жыцця, экспансіі, энергіі, сексуальнасці, агрэсіўнасці, сілы, улады, вайны, рэвалюцыі. “Чырвоныя” — звычайна лідары ў сваім асяроддзі — як фармальныя, так і нефармальныя. Падпарадкоўвацца не ў іх правілах. Такія дзеці хутчэй зробяць нешта наадварот, “насуперак”, калі іх просяць пра нешта або загадваюць. Трэба абудзіць і прастымуляваць уласнае жаданне дзіцяці ці ісці ад адваротнага, тым самым правакуючы яго выканаць тое, што неабходна. Тут бацькам спатрэбяцца вялікая гнуткасць, цярпенне і дыпламатычнасць. Сілавыя метады толькі зробяць жорсткім “чырвонае” дзіця. Бо менавіта такія дзеці пры няправільным выхаванні становяцца дарослымі з антыграмадскімі тэндэнцыямі, са схільнасцю да крыміналу.
З “чырвоным” дзіцем-забіякам, жывым, няўрымслівым, якое ламае цацкі і не слухае нікога, вельмі цяжка выхавальнікам. Калі ён вырасце, яго высокая працаздольнасць, прадпрымальнасць будуць стымулявацца жаданнем зрабіць кар’еру, дамагчыся дабрабыту, улады над рэчамі і людзьмі. Адсюль пераважанне інтарэсаў сённяшняга дня, напорыстасць і эгаізм. Самыя яркія палітыкі і кіраўнікі, ваенныя і злачынцы — “чырвоныя”. Бо нават традыцыйным адзеннем каралёў, генералаў, кардыналаў, катаў было менавіта чырвонае. Такі ж колер меў сцяг рэвалюцыі.

“Зялёныя” дзеці надзвычай дынамічныя і настроеныя на атрыманне матэрыяльнай аддачы. Зялёны колер — індыкатар інтэнсіўнасці і працаздольнасці чалавека. Такія дзеці вялікія прагматыкі, але дасягаюць усяго за кошт уласных намаганняў і гэтым адрозніваюцца ад “чырвоных”, якія любяць “праехацца за чужы кошт”, дасягаюць мэты шляхам фізічнага прымусу альбо маніпулюючы пачуццямі і адносінамі людзей. “Зялёныя” дзеці адкрыты ў сваіх намерах і ўчынках. Іх слабае месца — нервовая сістэма. Такіх дзяцей лёгка вывесці з раўнавагі, справакаваць на агрэсію. Яны вельмі крыўдлівыя і ранімыя, але не злапамятныя. Калі вы прызнаяце сваю віну і дэманструеце ў адносінах да “зялёнага” дзіцяці прыхільнасць і падатлівасць, яно хутка “адыходзіць”. Па меры сталення такія характэрныя прыкметы “зялёных” дзяцей, як упэўненасць, настойлівасць, нават упартасць спрыяюць выпрацоўцы ў іх добрых выканальніцкіх якасцей. Яны нястомна працуюць на карысць сваіх блізкіх. Зялёны колер — гэта колер жывой прыроды, лісця, травы, няспелых пладоў. Таму “зялёныя” дзеці і дарослыя любяць капацца ў зямлі, нешта вырошчваць, яны ўмеюць карыстацца дарамі прыроды, але не абкрадаючы яе, а шляхам беражлівасці і ўмелага абыходжання з ёй.
“Зялёным” дзецям уласцівы схільнасць да весялосці, гумару, здаровай пачуццёвасці, запалу, аптымізму — словам, да ўсіх прыкмет чалавека, які стаіць на парозе жыцця і радуецца яму.
Апісваючы “каляровых” дзяцей, мы гаварылі толькі пра экстравертных прадстаўнікоў юнай кагорты, і перш чым перайсці да іншай яе паловы — інтравертнай, заўважым, што вышэйзгаданыя колеры (жоўты, фіялетавы, чырвоны і зялёны) можна лічыць таксама экстравертаванымі, якія выклікаюць распаўсюджванне энергіі асобы па-за ёй, пашырэнне поля дзейнасці і кантактаў з людзьмі і рэчамі. Цяпер пяройдзем да колераў інтравертаваных.

“Карычневыя” дзеці часта знаходзяцца ў супярэчнасці з сабой. Яна выклікана, з аднаго боку, жаданнем дзейнічаць, прыносіць карысць, кантактаваць з навакольнымі, а з другога — замыкацца ў сабе, праяўляць дробны эгаізм і капрызнасць, упадаць у меланхолію і дэпрэсіўныя станы. Схільныя да рэзкіх перападаў настрою, такія дзеці часта нетаварыскія, у асяроддзі аднагодкаў лічацца ганарліўцамі і зазнайкамі. Адасобленасць “карычневых” часта выклікаецца іх нежаданнем станавіцца непрыметнымі, быць “шасцёркамі” ці выканаўцамі волі “чырвоных” дзяцей — лідараў і завадатараў у класе і на вуліцы.
Другая прычына адасаблення “карычневых” у асяроддзі аднагодкаў — іх інтэлектуальнасць. Яны вельмі эрудыраваныя, адчуваюць пастаянны інфарматыўны голад, які задавальняюць за кошт праглынання велізарнай колькасці інфармацыі з газет, часопісаў, кніг, нават проста даведнікаў, энцыклапедый і … аб’яў на вуліцах. У школе і ў двары “надта пісьменных” не вельмі любяць, а часта элементарна б’юць , “каб не зазнаваўся”. Таму ў “карычневых” дзяцей можа сапраўды развіцца пачуццё перавагі над іншымі альбо яго процілегласць — комплекс непаўнавартасці.
Пры неспрыяльных умовах у сям’і і школе ў “карычневых” падлеткаў развіваюцца і даволі трывала замацоўваюцца такія якасці, як негатывізм, пастаяннае пачуццё незадаволенасці сабой і навакольнымі, неадэкватнае ўспрыманне адносін да сябе з боку іншых, апатыя, унутраны неспакой, уцёкі ад праблем, боязь і пазбяганне стрэсаў, недаверлівасць, падаўленне сексуальнасці і г.д.
Наадварот, пры спрыяльных жыццёвых абставінах з “карычневых” дзяцей вырастаюць дастаткова ініцыятыўныя і прадпрымальныя асобы. Яны думаюць не толькі пра свой, але і пра грамадскі дабрабыт, з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі з развітым пачуццём узаемадапамогі. Яны — выдатныя кансультанты і эксперты ў шырокім спектры сфер дзейнасці — вытворчых і невытворчых. Прагматызм, пачуццё здаровага сэнсу падказваюць ім найбольш аптымальныя спосабы рашэння жыццёвых праблем і выпрацоўваюць філасофска-крытычны светапогляд.

“Сінія” дзеці — поўная процілегласць “чырвоным”. Псіхатэрапеўтам, неўрапатолагам і педыятрам карысна ведаць, што “чырвоных” дзяцей і дарослых можна супакойваць сінім колерам, а “сініх” узбадзёрваць чырвоным. Па характары “сінія” — спакойныя, ураўнаважаныя; любяць усё рабіць не спяшаючыся, грунтоўна, імкнуцца ўсё прааналізаваць, паразважаць, абдумаць. Іх можна з поўнай упэўненасцю аднесці да людзей, якія жывуць пераважна розумам, а не сэрцам. Нездарма сіні колер увасабляе спакойнае начное неба ці мора. Гэта — парадак, закон, думка, розум.
“Сінія” дзеці рэдка бываюць лідарамі сярод аднагодкаў. Тым не менш іх часта паважаюць за цвёрдасць характару, адсутнасць капрызнасці, ганарыстасці. Яны не эгаісты па натуры, але прыходзяць на дапамогу толькі тады, калі іх аб гэтым папросяць. Самі ж не схільныя нават у цяжкіх сітуацыях звяртацца за падтрымкай, стойка пераносяць любыя нягоды.
Ім рэдка ўласцівы дух прадпрымальнасці або авантурызму. У кампаніях часцей за ўсё трымаюцца асобна. Ім не цяжка ад адзіноты. “Сінія” заўсёды ўмеюць заняць сябе якой-небудзь справай. Яны не любяць хапацца за некалькі спраў адначасова, а доўга і старанна займаюцца адной і заўсёды імкнуцца даводзіць усё да канца.
Бацькі і педагогі часта адзначаюць у характары “сініх” дзяцей вялікую долю халоднасці і суровасці. Калі акружэнне спрыяе развіццю гэтых якасцей, у дарослых яны праяўляюцца ў жорсткім абыходжанні з навакольнымі, асабліва з тымі, хто знаходзіцца ў іх у залежнасці. З іх атрымліваюцца нядрэнныя адміністратары, асабліва там, дзе цэняцца дысцыплінаванасць, іерархія, уменне “не высоўвацца”, падпарадкаванне сваёй індывідуальнасці думцы кіраўніцтва або ўсяго калектыву. “Сінія” — заўсёды добрыя спецыялісты і выканаўцы, але ў адной вузкай галіне або прафесіі.
Такія дзеці больш “тэхнары”, чым гуманітарыі, хоць могуць паспяваць па ўсiх прадметах аднолькава. Яны вельмі ўседлівыя, цярплівыя і могуць гадзінамі сядзець за падручнікамі, чытаць карысныя кніжкі, займацца з канструктарамі, дапамагаць бацькам з хатнімі справамі. Яны вельмі рана засвойваюць, што можна, а што нельга, і схільныя знаходзіцца ў вузкіх рамках сваіх уяўленняў і перакананняў. Калі “сіняе” дзіця ў нешта паверыла, разупэўніць словамі яго амаль немагчыма. Толькі відавочныя факты прымушаюць яго змяніць сваё меркаванне.

“Ружовыя” дзеці — самыя мяккія. Ружовы колер у найбольшай ступені адпавядае дзіцячаму перыяду развіцця чалавека. Гэта — колер інфантыльнасці, наіўнасці, пяшчоты, слабасці, сентыментальнасці, сарамлівасці, прыемнасці. Калі правесці дыферэнцыяцыю па палавой прыкмеце, ружовы колер лічыцца “дзявочым”. Схільнасць жа хлопчыкаў да яго з’яўляецца прыкметай жаноцкасці іх характару. Такія хлопчыкі ў дзяцінстве могуць гуляць з лялькамі, любяць прыбірацца, круціцца перад люстэркам, какетнічаць. Сталеючы, яны часцей за ўсё займаюць у розных сітуацыях — бытавых або вытворчых — пасіўную пазіцыю. “Ружовыя” — кіруемыя, а не вядучыя ў сям’і і на працы, незалежна ад полу. У дзяцінстве гэта самыя мілавідныя дзеці. Такіх хлопчыкаў часта блытаюць з дзяўчынкамі.
Аднагодкі іх любяць за нязменную дружалюбнасць, незласлівасць, падатлівасць. “Ружовыя” дзеці памяншаюць агрэсіўнасць “чырвоных” і робяць больш падатлівымі “сініх”. Яны вялікія канфармісты па натуры і часта дзейнічаюць па прынцыпе “і нашым і вашым”. Практычна заўсёды згаджаючыся з іншымі або абяцаючы што-небудзь зрабіць, “ружовыя” могуць тут жа памяняць сваё меркаванне на процілеглае і “забыцца” выканаць чужую просьбу. Яны даволі гультаяватыя і аддаюць перавагу сузіранню, а не справе.
Унутрана яны даволі ранімыя і адчувальныя, але свае крыўды стараюцца хаваць. Такія дзеці вельмі добра адчуваюць настрой навакольных і імкнуцца яго палепшыць. “Ружовыя” — добрыя гарманізатары і дыпламаты, гнуткія і ўмелыя ў адносінах, тонка і ненавязліва знімаюць адмоўныя эмоцыі і ствараюць станоўчыя, паляпшаючы агульны псіхалагічны камфорт. Яны самі даволі лёгка ўпадаюць у меланхолію, але гэтак жа лёгка і хутка з яе выходзяць, калі адчуваюць, што гэта негатыўна адбіваецца на іх адносінах з іншымі.
“Ружовыя” дзеці падсвядома цягнуцца да больш моцных і цікавых аднагодкаў. Часта можна заўважыць “ружовага” хлопчыка сярод адчайных, “крутых”, задзірыстых і некіруемых, якія, нягледзячы на “чужародны” колер, прымаюць яго ў сваю суполку. Пры такім кантрасце лепш вылучаецца мужнасць “чырвоных”, а “ружовыя” змякчаюць клімат у такіх агрэсіўных групах.

“Шэрыя” дзеці — самыя недэманстратыўныя. Яны не любяць вызначацца, не прэтэндуюць на лідарства, не праяўляюць ініцыятыву і энтузіязм. Шэры колер у каларыстыцы часам трактуецца як адсутнасць колеру альбо яго нейтральнасць. Па васьміколеравым радзе Люшэра шэраму колеру прыпісваюцца адасобленасць, адгароджанасць, свабода ад абавязацельстваў. “Шэрыя” дзеці, як правіла, вельмі добрасардэчныя, ім вельмі ўласціва пачуццё суперажывання. Яны не могуць адмовіць іншым у просьбах. Дапамога “шэрых” заўсёды носіць альтруістычны дзейны характар і гэтым часта злоўжываюць іншыя, перакладаючы на іх свае праблемы.
Дарослыя “шэрыя” — гэта самыя сумленныя і старанныя работнікі, у якіх заўсёды можна быць упэўненым. І ў дзяцінстве, і ў сталым узросце яны сціпла працуюць, а плёнам іх працы часцей карыстаюцца іншыя, больш выразныя колеры. Ціхі, нясмелы характар і замкнёнасць не дазваляюць ім змагацца за месца пад сонцам. Хоць, што да іх унутранага свету і асабістай прасторы, “шэрыя” могуць праяўляць непадатлівасць і бескампраміснасць. Яны прынцыповыя ў адстойванні сваіх поглядаў, не любяць крывіць душой, падманваць.Такія дзеці вельмі сур’ёзныя, паслухмяныя, добрыя памочнікі ў бытавых справах. Вельмі любяць займацца ручной працай, старанныя і акуратныя ў працы. Яны менш за іншых дзяцей дастаўляюць праблемы сваім бацькам і настаўнікам. “Шэрыя” могуць не хапаць зорак з неба, але і не ходзяць у ліку тых, хто адстае. У іх праяўляюцца такія якасці, як самакантроль, схільнасць да прыгнечаных станаў, сыход у сябе, павышаная крыўдлівасць і ранімасць, падаўленне сваіх натуральных патрэб.
У сталым узросце гэтыя тэндэнцыі часта выяўляюцца ў пасіўнай жыццёвай пазіцыі, стэрэатыпнасці мыслення, самаізаляцыі. Адчувальныя, “шэрыя” дзеці перажываюць з нагоды розных канфліктаў і неладоў у сваім асяроддзі. Мір і дабрабыт у сям’і — галоўны іх жыццёвы стымул. Сваркі і разводы бацькоў больш за ўсё раняць “шэрых” дзяцей і адбіваюцца на іх самаадчуванні і здароўі.
Такім чынам, да інтравертных колераў адносяцца: сіні, карычневы, ружовы і шэры.
Асноўная і неабходная ўмова добрага настрою дзіцяці — гэта адчуванне: “Са мною ўсё ў парадку, я такі, як трэба, якім павінен быць”. І яно цалкам залежыць ад самых блізкіх людзей — ад мамы, таты, дзядуляў і бабуль. Бо менавіта родныя даюць малому першае ўяўленне пра самога сябе.

Валянціна ШАМОЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг Курманаўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.