Гісторыя аднаго хобі

У адным з красавіцкіх нумароў “Настаўніцкай газеты” прачыталі пра захапленне настаўніцы вышыўкай. Падумалі: “Чаму б і нам не напісаць пра нашага класнага кіраўніка, настаўніцу англійскай мовы і проста творчую асобу Настассю Міхайлаўну?”


Настасся Міхайлаўна Закрэўская прыйшла да нас у гімназію зусім нядаўна, у 2015 годзе. Але пра яе хутка даведаліся дзякуючы яе выставам. А яе захапленне для нас было нечым зусім новым. Карціны, выкананыя ў тэхніцы алмазнай мазаікі, здзіўлялі і захаплялі многіх.

Так, у другім паўгоддзі 2015/2016 навучальнага года ў нас змяніўся класны кіраўнік і настаўнік англійскай мовы. Да нас прыйшла Настасся Міхайлаўна — добры, спагадлівы і заўсёды гатовы дапамагчы педагог.

Хутка нам паведамілі аб фестывалі міжкультурных камунікацый, дзе тэмай у намінацыі “Прэс-цэнтр” (конкурс газет на замежнай мове) аказалася “Незвычайнае хобі”. Мы вырашылі паўдзельнічаць, тым больш што мы ўжо ведалі, аб якім хобі напісаць.

У першую чаргу хацелася даведацца падрабязней пра гэтую тэхніку. У інтэрнэце мы практычна нічога не знайшлі, акрамя ключавога слова “мазаіка” — гэта стварэнне карціны пры дапамозе дробных каменьчыкаў, рознакаляровых шкельцаў і іншага дробнага матэрыялу. Тэхніка адносна новая, таму інтэрв’ю было проста неабходным. Вось што мы даведаліся.

— Настассія Міхайлаўна, вашы карціны незвычайныя. Мы ніколі не бачылі, каб малюнак быў выкладзены стразамі. Як ствараюцца такія карціны?

— Спатрэбіцца канва з надрукаваным малюнкам, які размеркаваны па клетачках. Кожная клетачка мае сімвал, які адпавядае пэўнаму колеру стразаў. Малюнак-аснова клейкая, таму неабходна працаваць паступова, выдаляючы ахоўную плёнку. Работа выконваецца шчыпцамі. Стразы змяшчаюцца ў клетачкі ў адпаведнасці з абазначэннямі.

— Як вы даведаліся пра алмазную мазаіку?

— Падчас дэкрэтнага водпуску я стала ўдзельніцай форуму для мам, дзе знайшла сяброў. Менавіта там убачыла фота адной з такіх карцін.

— І вы вырашылі заняцца алмазнай мазаікай?

— Раней я вышывала крыжыкам, але гэта займала шмат часу, а з нараджэннем дачкі вольнага часу стала няшмат. Алмазная мазаіка займае менш часу, а карціны атрымліваюцца не менш прыгожымі.


— Дарэчы, колькі часу вам спатрэбілася, каб зрабіць першую карціну?

— Усяго 4 дні. Але гэта была першая карціна, мне хацелася зрабіць яе як мага хутчэй. У сярэднім работа займае 1 месяц.

— Яшчэ адно пытанне: у вас адразу атрымалася?

— Так. Гэта вельмі лёгка. Шасцігадовае дзіця цалкам можа паспрабаваць сябе ў тэхніцы алмазнай мазаікі. Мая дачка мне таксама дапамагае. Варта толькі паспрабаваць — і вы не зможаце адарвацца.

Наш класны кіраўнік таксама расказала, што не абавязкова купляць канву. Можна раздрукаваць любую схему для вышыўкі крыжыкам, наклеіць празрысты двухбаковы скотч і наносіць стразы. У Настассі Міхайлаўны іх засталося дастаткова. Яна дапамагала нам не толькі словам, матэрыялам, але і паказала, як правільна выконваць работу.

Настасся Міхайлаўна працягвае нас здзіўляць сваімі работамі. Была арганізавана выстава ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе госці пазнаёміліся з творчасцю нашай настаўніцы.

А мы ўсё-такі паспрабавалі сябе ў гэтай дзейнасці. Дарэчы, газета “Цікавае хобі” заняла 2-е месца на фестывалі міжкультурных камунікацый. А Настасся Міхайлаўна працягвае здзіўляць як навучэнцаў, так і настаўнікаў сваёй крэатыўнасцю і творчым падыходам.

Паліна КЛЯЎЗО,
Наталля КАМЕКА,
навучэнкі 9 “Б” класа гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля Віцебскай вобласці.