Казкі для сучасных дзетак

З Настассяй Яўгенаўнай Маршалак я пазнаёмілася на фестывалі педагагічнай творчасці ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Прыгожая маладая жанчына ў беларускім нацыянальным строі адразу звяртала на сябе ўвагу, як і экспазіцыя санаторнага ясляў-сада № 9 Смаргоні, якую яна прадстаўляла, таксама. Настасся Яўгенаўна расказвала калегам, як у садку дзетак вучаць народнай творчасці, беларускім традыцыям, у тым ліку праз тэатральную дзейнасць.

Штомесяц з дашкольнікамі тут ажыццяўляюць новую пастаноўку — тэатральную гульню. Праект “Любімыя казкі з новай завязкай” заснаваны на аўтарскіх казках Н.Я.Маршалак. Выхавальнік дашкольнай адукацыі магістр педагагічных навук Настасся Маршалак піша казкі, якія потым увасабляюцца дзецьмі ў тэатральных пастаноўках. Зараз у яе скарбонцы 15 казак. Пра тое, як яны ствараюцца, а таксама пра планы аўтара, мы запыталіся ў Н.Я.МАРШАЛАК.

Фота да матэрыяла: Казкі для сучасных дзетак.— Настасся Яўгенаўна, як усё пачыналася?

— Ідэю пісаць казкі для дашкольнікаў мне падказала само жыццё. Са з’яўленнем на свет маёй дачушкі Даны я імкнулася да яе развіцця праз жывое мастацкае слова, часта звярталася да фальклору. Але хутка зразумела, што мой запас ведаў па дадзенай тэме бедны. Я стала наведваць кнігарні, шукала штосьці ў інтэрнэце. Вынік мяне не задавальняў, бо ў нашай краіне вельмі мала даследчыкаў, якія працуюць над метадычным матэрыялам для дзяцей да трох гадоў. Для сябе знайшла такое выйсце: пачала прыдумваць сама. Спачатку гэта былі кароценькія забаўкі для хуткага запамінання маёй Дане, потым я перайшла на кароценькія казачкі, якія былі цікавы ёй. Я бачыла, што вершаваная форма вельмі лёгкая для ўспрымання дзіцяці, таму ўвесь матэрыял стварала ў вершах, простых для ўзнаўлення. Мая дачка расла, а разам з ёй рос куфэрак маіх вершаваных сачыненняў.

— Такім чынам, сёння ў вас ужо ёсць цэлы зборнік казак.

— У 2016 годзе ў рэспубліцы быў аб’яўлены конкурс на лепшую метадычную распрацоўку для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню”. Мая работа, зборнік аўтарскіх казак — тэатралізаваных гульняў на беларускай мове “Любімыя казкі з новай завязкай”, прынесла мне перамогу. Сёння зборнік папоўніўся новымі казкамі, якіх ужо 15. Цікавасць іх у тым, што за аснову будучага твора я бяру сюжэт народнай казкі, укладваю ў яе новы змест і абавязкова яркі выхаваўчы кампанент. Напрыклад, казка “Хатка, у якой мы павінны зрабіць гладка” мае аснову беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”, куды я ўнесла выхаваўчы кампанент. Казка выхоўвае правільнае стаўленне да лю­дзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напрыклад, радкі з казкі:

Апавядальнік.

Заўжды ў жыцці бывае так:

Адзін спявае, другі — мастак,

Трэці — танцор, чацвёрты — паэт,

У пятага смачны выходзіць амлет.

Воўк.               

У шостага вочы слаба глядзяць,

Сёмы — нямы, ён павінен маўчаць,

Восьмы — ляўша, а дзявяты — глухі,

Ну, а дзясяты зусім не такі!

Мядзведзь.     

Кожны з іх мае права на шчасце.

Толя і Валя, Саша і Насця.

Кожны хоча жыць, развівацца

І часцей усім усміхацца.

Певень.           

Кожнага трэба любіць,

шкадаваць.

І асаблівасцей не заўважаць.

Быць салідарным

трэба старацца,

Бо невядома, што з кожным

з нас можа стацца!

Усе казкі напісаны ў форме п’ес, таму яны лёгкія для арганізацыі тэатралізаваных гульняў ва ўстанове дашкольнай адукацыі. На сёння амаль усе сцэнарыі ўвасобіліся ў тэатралізаваных гульнях для дзяцей дашкольнага ўзросту. У пастаноўках удзель­нічаюць нашы выхаванцы і іх бацькі, супрацоўнікі садка.

Фота да матэрыяла: Казкі для сучасных дзетак.

— Чаму так важна сучасным дзецям слухаць казкі?

— На маю думку, казкі неабходны, бо менавіта праз казку дзіця вучыцца суперажываць, дапамагаць іншаму, знаходзіць выйсце з той ці іншай сітуацыі, яны разумеюць, што такое “добра” і “дрэнна”, а дабро заўсёды перамагае зло. Казкі лёгкія для ўспрымання дзецьмі, таму што пішуцца на простай, даступнай мове. Яны зачароўваюць дзіця…

Я разумела, што ў мяне атрымліваецца, таму на аснове ўласнага матэрыялу ў 2018 годзе абараніла магістарскую дысертацыю. Не спыняюся на дасягнутым, пастаянна абнаўляю спіс сваіх фантазій, якія рэалізоўваю на аркушы паперы. Цікава, што ідэі да новых сюжэтаў мне падказваюць мае выхаванцы, мае дзеці, а часцей я бачу новую казку ў сне.

Фота да матэрыяла: Казкі для сучасных дзетак.

— Ці будзе працяг?

— Сёння я працую над складаннем камп’ю­тарных дыдактычных гульняў да кожнай казкі зборніка “Любімыя казкі з новай завязкай”. Сваім вопытам дзялюся на старонках часопіса “Пралеска”, часопісаў для педагогаў і мам. Упэўнена, што ў мяне ўсё атрымаецца, бо я ведаю, што цікава сучасным дзецям і іх бацькам.

— Дзякуй за размову, і творчых поспехаў!

 Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.