Знаёмы з дзяцінства лялечны свет — загадкавая прастора з іншымі вымярэннямі і сваімі законамі: нярэдка невытлумачальнымі, непадуладнымі звыклай логіцы, але зразумелымі для кожнага. Што, зрэшты, нікога не здзіўляе! Лялькі — неад’емная частка нашай культуры, спосаб бавіць час, сродак самавыражэння, узоры мастацтва. Як часам дзеці да бацькоў, яны могуць быць бязлітасныя да сваіх стваральнікаў, са шчырай непасрэднасцю раскрываючы самыя таемныя іх сакрэты і парыванні. Як і з любым мастацкім творам — чым больш сваёй душы, любові майстар укладвае ў работу, тым больш жывой яна атрымліваецца, тым мацней побач з ёй адчуваеш прысутнасць ірэальнага, асабліва калі лялька падобная да чалавека…
Каля вытанчана прыгожых лялек, якія пабачылі свет з лёгкай рукі майстра вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Наталлі Хартовай, хочацца затрымацца, палюбавацца імі, задумацца. На любой выставе яны адразу прыцягваюць увагу. І чым даўжэй разглядаеш, тым мацнейшае захапленне выклікае талент творцы. Дарэчы, у прафесіі наша гераіня — таксама сапраўдны майстар: створаныя Наталляй і яе выхаванцамі мадэлі адрозніваюць бездакорны густ, поўная адпаведнасць найноўшым модным тэндэнцыям і, канечне ж, арыгінальны аўтарскі почырк. Для сённяшняга каледжа (і ўсіх устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у выніку аб’яднання якіх ён быў створаны, — у тым ліку знакамітага Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 19 бытавога абслугоўвання насельніцтва) высокае майстэрства педагогаў — традыцыя. Як і пераемнасць, настаўніцтва.
— Вучылася я ў Віцебскім ПТВ № 19, а пасля яго заканчэння засталася тут працаваць, — расказвае Наталля. — На гэтым адукацыю, зразумела, не спыніла: скончыла педагагічны каледж і мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава. Як майстар люблю складаныя вырабы, творчую і карпатлівую работу, дзе павінна быць прадумана кожная дэталь, а ўсе яны разам — кампанавацца натуральна і выглядаць прыгожа, каб на выставах людзі глядзелі на мае работы. Адсюль, відаць, і захапленне лялькамі. Гэта ж не проста цікава — можна ўвасобіць многія ідэі. Кожны касцюм, кожны вобраз ты сам прыдумваеш. Я па прафесіі кравец-закройшчык і візажыст і з уласнага вопыту магу сказаць: з жывым чалавекам прасцей, таму што ты бачыш яго рэакцыю, што ён хоча — скажа, а лялькі падказаць не могуць. Тэхнікі выкарыстоўваю розныя: і лепку з палімернай гліны, і дэкупаж, і вышыўку, і аплікацыі. Выраб касцюма вымагае і ўмення, і цярпення: дэталі амаль усе выконваю ўручную, на машыне такую дробязь пры ўсім жаданні не атрымаецца пашыць. Увогуле, кожная лялька складаная, нават вылепіць твар, рукі — вельмі складана. Памыліцца нельга, бо выправіць ужо немагчыма. За год атрымліваецца не больш за 5 лялек.
Затое што ні калекцыя — то адкрыццё як для аматараў інтэр’ернай лялькі, так і для звычайных наведвальнікаў выстаў. Нават для прафесіяналаў: нездарма практычна ўсе работы Наталлі Хартовай адзначаны ў пераможных і прызавых дыпломах разнастайных конкурсаў — ад раённых да рэспубліканскіх. “Гламур”, “Знесеныя ветрам”, “Яблыневы цвет”, “Пяшчота”… “Тэатр” — апошняя створаная.
— Гэтую калекцыю мы рабілі з навучэнцамі, — усміхаецца педагог. — Вельмі ім хацелася самім паспрабаваць, а потым стала боязна, калі даведаліся, што прыйдзецца вучыцца ляпіць галовы і рукі. Па загатоўках не маглі ўявіць, што атрымаецца. Затое потым прыйшлі ў здзіўленне і захапленне: аказваецца, з нічога можна зрабіць тое, чым людзі будуць любавацца. Загарэліся не на жарт, фатаграфавалі практычна кожны этап работы. Можа, хтосьці праз некаторы час сваёй калекцыяй парадуе?
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.