Вясновая клумба на працоўным стале

У Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі адбыўся Абласны конкурс фларыстычнага дызайну “Сонца, мама і кветкі”. На конкурс было прадстаўлена 195 работ па розных намінацыях, у ім удзельнічалі навучэнцы і педагогі.

Нішто так не радуе пасля доўгай зімы, як яркія фарбы абуджэння прыроды, што адкрываюцца ў фіялетавых гіяцынтах, ярка-жоўтых нарцысах і крокусах, сініх мускары, наліўных бутонах цюльпанаў і далікатных пялёстках прымулы. Усё гэта было прадстаўлена ў намінацыях: арт-аб’ектаў “Нараджэнне прыгожага” і інтэр’ерных кампазіцый “Вясновая клумба на працоўным стале”. Пераможцамі ў гэтых намінацыях сталі Наталля Эдуардаўна Бортнік, педагог дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і мола­дзі Мастоўскага раёна, і Тамара Канстанцінаўна Дзігліс, педагог дадатковай адукацыі Гро­дзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Пабачыць старыя рэчы, у якія ўдыхнулі новае жыццё, стала магчыма ў рамках намінацыі “Скрыначка ў падарунак” у стылі альтар-скрап. У гэтай намінацыі было прадстаўлена 120 работ, якія здзіўлялі сваім хараством і арыгінальнасцю. Пераможцы — Алеся Міхайлаўна Стасевіч, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Гродна; Галіна Пятроўна Якімовіч, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна.

Пераможцамі ў намінацыі арт-аб’ектаў “Нараджэнне прыгожага” сталі навучэнцы Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху Кацярына Карпук, Андрэй Шэўчанка, Роберт Слапік. Лепшыя ў намінацыі пано “Гісторыя адной кветкі” — Паліна Ган і Паліна Урбановіч, навучэнкі Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Алена ГАЎРЫЦКАЯ,
педагог-арганізатар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*