Чытаць навакольных і сябе

Усе мы памятаем выказванне Шэрлака Холмса, звернутае да доктара Ватсана, пра тое, што людзі ўвогуле вельмі неназіральныя. І пра тое, што ён (Шэрлак Холмс) не выключэнне: “Я бачу не больш, чым вы, але я трэніраваўся заўважаць усё, што бачу”. Ці важны гэты занятак? Наколькі ён павінен быць паспяховым? Ці дазволіць трэніроўка назіральнасці пранікнуць у думкі і намеры людзей, якія нас акружаюць, важных для нас, любімых намі, якія любяць нас? Ці варта такога роду шліфоўку сваёй асобы рабіць пастаяннай ці хаця б часовай справай па душы? Ці небяспечна адсутнасць назіральнасці, скіраванасці на людзей, недаацэнка ўвагі да чалавека ўвогуле і да блізкага ў прыватнасці? Ці страчваем мы штосьці ад неразвітасці ўспрымання чалавека чалавекам? На ўсе гэтыя шматлікія пытанні адказ “так”: небяспечна, страчваем. Небяспечна павярхоўнасцю адносін, іх канфліктнасцю, стратай, небяспечна ўвогуле неўзнікненнем іх.


Прымаючы пад увагу вясну, якая пануе ў свеце, разгледзім узаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Здараецца, што мы не разумеем адно аднаго правільна. І часам маем патрэбу ў назіральнасці экспертаў, у перакладзе з іх дапамогай з мужчынскай “мовы” на жаночую і наадварот.

Каб жанчыне выклікаць добрае ўражанне ў мужчыны, трэба ведаць, на што яны звяртаюць увагу пры знаёмстве. Адны засяроджваюцца на агульным выглядзе, другія — на падрабязнасцях, але для ўсіх важны і прывабны прапорцыі, каб у фігуры была гармонія. Прыцягальны выраз твару і погляд. Прычым тым важней, чым вышэй інтэлектуальны ўзровень мужчыны. Выраз твару жанчыны гаворыць мужчынам не толькі пра інтэлект, але і пра характар. Манеры паводзін таксама важныя: большасць мужчын не любяць грубых, крыклівых, недалікатных з навакольнымі дзяўчат і жанчын. Многа пра нас скажа манера гаварыць і слоўнікавы запас. Тэмбр голасу таксама вельмі важны, і мужчына ніколі не прапусціць жанчыну, калі яе голас “падбіты” аксамітам. Шкодныя звычкі, хутчэй за ўсё, не будуць служыць аргументам на карысць прывабнасці. Улічым, што жанчына, захопленая сваёй работай або якая расказвае пра сваё хобі з іскрынкамі ў вачах, пакідае прыемнае ўражанне. Мужчыны звернуць увагу і ацэняць прысутнасць і ўмеранасць макіяжу, умераную даўжыню і форму пазногцяў, форму і акуратнасць прычоскі (большасць мужчын прывабяць доўгія валасы), паставу і хаду. Лічыцца, што сутуласць крадзе 10 см нашага росту, а хада — проста дапаможнік па чытанні нашага характару. Істотнымі момантамі ва ўспрыманні мужчыны будуць манера адзявацца і пах цела жанчыны. Выбіраючы ўборы, важна даць мужчынам магчымасць пафантазіраваць, прыдумаць, якая вы, пажадаць пра гэта даведацца, захацець дабіцца прыхільнасці. Разважаючы пра пахі цела, мы маем на ўвазе суадносіны штучных і натуральных пахаў цела. Карыстацца духамі можна і трэба, умерана.

Для ўзнікнення і захавання пажаданых узаемаадносін, важна ўмець расшыфроўваць зваротную сувязь ад каханага чалавека або ад кандыдата ў каханыя. Нам дапаможа веданне сакрэтаў невербальнай камунікацыі.

Погляд. Шчырая зацікаўленасць выяўляецца ў пяшчотным поглядзе, які пастаянна да вас звернуты. Галава крыху нахілена. Губы не моцна сціснуты. Прысутнічае ўсмешка.

Бровы. Узнятыя бровы — знак зацікаўленасці.

Рухі галавы. Ківае на вашы словы — выказвае адабрэнне ці проста зацікаўлены ў працягу зносін. Калі мужчына нахіляе галаву бліжэй да вас — гэта таксама знак таго, што вы яму падабаецеся. Зносіны напаўпавароту скажуць пра боязь непасрэднага кантакту або пра жаданне прыгледзецца.

Плечы, выпрастаныя або апушчаныя, дэманструюць упэўненасць або няўпэўненасць (пакорнасць, віну).

У прысутнасці жанчыны, якая спадабалася, мужчыны папраўляюць рэмень на штанах ці дакранаюцца да яго спражкі, напалову апускаюць рукі ў кішэні. Адназначнымі прыметамі сімпатыі і зацікаўленасці з’яўляецца адсутнасць “закрытых” жэстаў (скрыжаваныя рукі на грудзях, пераплятанне ног, сцісканне далоней, абхопліванне сябе рукамі).

Дотыкі. Яны красамоўныя. Імкненне прыкрыць далонню вашу руку — жаданне ўзяць пад абарону або нават заявіць, што вы яго. Затрымка вашай далоні ў сваёй — выказвае жаданне мужчыны больш сур’ёзных адносін.

Рукі. Вялікі палец, схаваны ўнутр далоні, гаворыць пра напружанне, неабходнасць хаваць эмоцыі. Счэпленыя пальцы гавораць пра нервовасць, а складзеныя “домікам” — пра ўвагу і засяроджанасць.

Пры дапамозе практыкаванняў карысную назіральнасць можна развіваць. Развіццё назіральнасці — гэта развіццё здольнасці заўважаць істотныя, характэрныя, у тым ліку малапрыметныя, уласцівасці аб’ектаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці. Назіранне — гэта майстэрства дэталі. Папрактыкуемся:

Практыкаванне “Карціна”. Выберыце сюжэтную карціну, лепш са складанай кампазіцыяй і некалькімі планамі выявы, з некалькімі дзеючымі асобамі. Разгледзьце яе на працягу трох хвілін, раскажыце сабе, што на ёй намалявана. Папрасіце прадстаўнікоў жаночага і мужчынскага полу апісаць тую ж карціну. Вы выявіце, што, гледзячы на адну і тую ж карціну, вашы партнёры па практыкаванні ўбачаць і апішуць рознае.

Практыкаванне “Пра што гавораць твары”. Разгледзьце схематычныя выразы твараў. Скапіруйце іх перад люстэркам. Вызначыце, што яны азначаюць, не чытаючы подпісы пад малюнкам. Параўнайце вашы здагадкі. Ці супадае ваша меркаванне з правільным адказам?


Схематызаваная выява мімікі: злосць, незадаволенасць, гнеў


Схематызаваная выява мімікі: задавальненне, спакой, крыўда


Схематызаваная выява мімікі: здзіўленне, успамін, здагадка

Карысна пастаянна трэніраваць сваю праніклівасць. Праніклівасць — гэта не толькі псіхалагічная якасць асобы, але і сістэма эфектыўных уменняў і навыкаў. Праніклівасць залежыць ад умення назіраць, заўважаць, угадваць і прадбачыць. Як развіць праніклівасць? Вучоныя высветлілі, што поспех развіцця забяспечваюць разумовыя дзеянні — параўнанне, групоўка, пошук агульных прымет і параўнанне іх з асаблівасцямі паводзін і праяўленнем эмоцый у людзей. Важны ўменні заўважаць асобасныя праявы, тлумачыць іх і ў выніку ўгадваць, вызначаць наперад асобасныя ўласцівасці і намеры. Быць праніклівым дапамагае ўлоўліванне варыянтаў паводзін, якія не кантралююцца (слаба кантралююцца), псіхалагічнае тлумачэнне звычак, захапленняў і сімпатый чалавека. Здольнасць быць праніклівым засноўваецца на разуменні сувязей, напрыклад, знешняга выгляду чалавека і яго псіхалагічных якасцей. Развіваючы сваю праніклівасць, можна выкарыстоўваць, напрыклад, такія індыкатары, як знешні выгляд, невербальныя паводзіны, колеравыя перавагі, почырк, манеры зносін і паводзін і многія іншыя асаблівасці асобы. Чалавек з развітой праніклівасцю заўсёды заўважыць і ацэніць псіхалагічную прывабнасць свайго суразмоўцы і наадварот.

Ледзь не самы важны напрамак развіцця праніклівасці — напрамак у адносінах да самога сябе. Праніклівасць не дзеля яе самой, а дзеля самаўдасканалення, каб дасягнуць жаданых жыццёвых мэт. Абапіраемся на псіхалагічную мудрасць экспертаў: нельга змяняць сябе ў жаданы бок, не вывучаючы сябе пастаянна; нельга вывучаць сябе, не спрабуючы сябе змяніць; нельга вывучаць сябе, не вывучаючы адначасова і з роўнай зацікаўленасцю іншых людзей; нельга вывучаць чалавека холадна — такім шляхам чалавек непазнавальны; па-сапраўднаму спасцігнуць чалавека можна, толькі дапамагаючы яму; ні сябе, ні іншых нельга вывучаць інакш, як у дзейнасці і зносінах.

Святлана РАДЗЬКОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*