Інжыр — не экзотыка

У кожнай групе нашай дашкольнай установы ёсць свой куток прыроды. Падбор і размяшчэнне аб’ектаў у іх выхавальнікі дашкольнай адукацыі праводзяць у адпаведнасці з узростам дзяцей, кіруючыся вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі.

У малодшай групе гэта зялёны куток, які складаецца з 7 відаў непатрабавальных раслін (колеус, пеларгонія, бягонія, аксаліс, традэсканцыя і інш.). У сярэдняй групе, акрамя раслін, у кутку прыроды пасяліліся дзве марскія свінкі, якіх дзецям падарыла мясцовая жыхарка да пачатку навучальнага года. У старэйшай групе асартымент раслін шырэйшы. Пастаянным жыхаром акварыума на працягу многіх гадоў з’яўляецца чарапаха Жужа, якую вельмi палюбілі і дзеці, і дарослыя. У зімовым садзе сярод мноства розных раслін размяшчаецца акварыум, у якім жывуць жоўтыя і чорныя малінезіі, мечаносец і сомік акварыумны.

Дзеці з задавальненнем выконваюць абавязкі дзяжурных па кутку: даглядаюць расліны, рыхляць глебу, праціраюць лісце. Сумесна з дарослымі кормяць жывёл і рыб, мяняюць ваду, прыбіраюць у клетцы і чысцяць акварыум. Але больш за ўсё дзецям падабаецца вадзіць сваіх гадаванцаў на прагулку.

Нашы дашкольнікі з вялікім жаданнем і цікавасцю клапоцяцца пра расліны. А калі яны бачаць, што ў кветкі з’явіўся новы лісток або распусціўся бутон, — радуюцца, прыцягваючы ўвагу адзін аднаго да падзеі, доўга разглядаюць расліну і дзеляцца ўражаннямі з выхавальнікамі. Калі надыходзіць лета і сонца абпальвае лісце раслін, дзеці пераносяць кветкі ў больш спрыяльнае для іх месца. Даглядаючы кветкі, выхавальнікі адначасова вядуць гутарку пра карысць раслін у прыродзе.

Нягледзячы на велізарную разнастайнасць у продажы экзатычных кветак, выбар пакаёвых раслін для дашкольнай установы вельмі абмежаваны, бо, акрамя знешняй прывабнасці, яны павінны быць бяспечнымі для дзяцей і адпавядаць шэрагу іншых патрабаванняў.

У нашым зімовым садзе налічваецца больш за 20 відаў раслін, але асаблівае месца сярод іх займае інжыр. Інжыр (ficus carica) мае некалькі назваў: смоква, смакоўніца, фігавае дрэва, вінная ягада. Кітайцы называюць яго плодам без кветкі, бо ён адзіны ў свеце не цвіце ў звычайным сэнсе слова, але дае плод.

Расліна вельмі прывабная, з шырокім шурпатым цёмна-зялёным лісцем, кампактнай формы. Але самае галоўнае, інжыр пладаносіць у нашым дзіцячым садзе.

Інжыр даволі непатрабавальны і лёгкі ў доглядзе. Расліна выдатна выносіць сухасць паветра ў памяшканні з цэнтральным ацяпленнем, непатрабавальная да глебы і падкормкі, выдатна размнажаецца чаранкамі. З вясны, калі мінае пагроза замаразкаў, і да самай восені наш кусцік інжыра расце на свежым паветры.

Догляд пакаёвых раслін і жывёл прыносіць карысць не толькі нашым выхаванцам, але і ўсяму педагагічнаму калектыву.

Алена БУТКЕВІЧ,
загадчык Велікаэйсмантаўскага ясляў-сада Бераставіцкага раёна.