Саламяныя цуды

Для многіх людзей саламяны сноп не ўяўляе амаль ніякай значнасці, каштоўнасці і важнасці. Усё адно, які ён: жытні, пшанічны ці аўсяны.

— Гэта далёка не так, — пераконвае метадыст майстар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Ала Сцяпанаўна Назарук. — Для вырабаў з саломы, якія радавалі б вока, лепш за ўсё падыходзіць жыта, бо яго сцябло мае найбольшую даўжыню. Акрамя таго, яно больш трывалае. Ва ўмелых руках саламяны сноп можа ператварыцца ў казку, дзівосны сапраўдны цуд.

Ужо 15 гадоў займаюся гэтым з выхаванцамі гуртка па саломапляценні “Саламяныя цуды”.

На занятках дзеці спасцігаюць сакрэты саломапляцення, вырабляюць розныя рэчы. Сваю задачу Ала Сцяпанаўна бачыць у захаванні лепшых традыцый беларускага саломапляцення і перадачы іх моладзі. Майстар вучыць дзяцей і адначасова вучыцца сама, удзельнічаючы ў розных выставах, пленэрах, фестывалях і майстар-класах. З першых заняткаў А.С.Назарук настройвае выхаванцаў на цярпенне, уседлівасць і акуратнасць. Дзіцячыя вочы літаральна гараць, калі бачаць, як з’яўляюцца прыгожыя саламяныя рэчы, зробленыя сваімі рукамі.

— На занятках гурткоўцы набываюць неабходныя ўменні па нарыхтоўцы сыравіны, апрацоўцы саломы, авалодваюць рознымі відамі пляцення, — расказвае Ала Сцяпанаўна. — Дзеці даведваюцца, як правільна нарыхтаваць салому, нарэзаць, адсартаваць, адбяліць і афарбаваць. Пры жаданні кожны можа авалодаць мастацтвам саломапляцення, каб ствараць уласныя саламяныя цуды. Гурткоўцы пад кіраўніцтвам А.С.Назарук паспелі ўжо зрабіць невялікія саламяныя сувеніры, якія падарылі сваім родным.

Ала Сцяпанаўна паказала гатовыя саламяныя вырабы, якія захоўваюцца ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці, і, сплёўшы за некалькі хвілін невялікага анёла, пераканала: са снапа саломы можна сплесці амаль усё, што дазволіць фантазія.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.