“Добры дзень!”, “Прывітанне!”, “Добрага ранку!” — так вітаюцца выхаванцы Нягневіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна. А ў Дзень роднай мовы прыгожыя і мілагучныя беларускія словы мы пачулі і ад дарослых татаў і матуль нашых дзетак.
Вельмі важна навучыць сучасных малышоў разумець родную мову, з павагай ставіцца да яе і з лёгкасцю размаўляць на ёй. Наша ўстанова дашкольнай адукацыі з’яўляецца беларускамоўнай, таму мы шмат увагi ўдзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей. Таксама ў нашай установе ёсць куточак беларускай хаткі. Дзеці вельмі любяць заходзіць у гэты куточак: пасядзець за сялянскім сталом, пакалыхаць ляльку ў падвясной калысцы, паставіць чыгунок у печ…
Дзень роднай мовы быў насычаны мілагучнымі песнямі, вершамі на роднай беларускай мове. А выхаванцы разам з бацькамі падрыхтавалі прыгожыя малюнкі па творах беларускіх народных казак і беларускіх пісьменнікаў.
Цікавай была сустрэча з узорным тэатрам лялек “Шчарсунок” з пастаноўкай “Кот Васька і яго сябры”, які, дарэчы, выступае заўсёды на беларускай мове, а касцюмы і маскі ў іх зроблены сваімі рукамі. У чарговы раз юныя акцёры парадавалі нас сваім выступленнем і пакінулі прыемнае ўражанне ад убачанай казкі. Ніхто не саромеўся размаўляць па-беларуску: ні малы, ні дарослы, а толькі ўзнікла адзінае жаданне — авалодаць мастацтвам красамоўства, каб умела выказваць свае думкі патрэбнымі словамі.
Мова — наша багацце, сапраўдны скарб і спадчына, якую можна перадаць дзецям.
Вольга ВОЙНА,
настаўнік-дэфектолаг Нягневіцкага ДЦРД Навагрудскага раёна.