Гульня ў шашкі карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод выхаванцаў старшых груп нашай дашкольнай установы. Штогод у канцы навучальнага года мы праводзім шашачны турнір, які дазваляе выявіць і падтрымаць таленавітых дзяцей, павысіць узровень майстэрства сярод аматараў гульні, а таксама папулярызуе яе.
Арганізацыя турніру патрабуе вялікай папярэдняй работы з выхаванцамі, іх бацькамі, педагогамі. Спачатку мы праводзім адборачны этап. Тыя, хто праявіў у ім найбольшае майстэрства, удзельнічаюць у гульнявым этапе.
У прызначаны дзень удзельнікаў спаборніцтваў, балельшчыкаў і гасцей чакала маляўніча аформленая зала. Аматары гульні выканалі гімн “Юнага шашыста”, прачыталі вершы, у якіх расказалі пра сваё захапленне.
Аб правілах гульні прысутным нагадалі Белыя і Чорныя Шашачкі. Яны дапамаглі ў правядзенні жараб’ёўкі.
Барацьба за прызавыя месцы была даволі сур’ёзнай. Пераадольваючы хваляванне, кожны ўдзельнік імкнуўся да перамогі. Маленькія шашысты здзівілі журы талентам гульні ў шашкі, уменнем прадумваць хады і, канечне ж, уменнем паважліва ставіцца адно да аднаго.
Права агучыць вынікі спаборніцтва і ўзнагародзіць удзельнікаў было прадастаўлена галоўнаму суддзі. У час узнагароджання ніхто з прысутных не хаваў эмоцый і пачуццяў.
Вольга ДЗЯТЛОВІЧ,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці.