Беларуская федэрацыя шахмат і Школа шахмат ФІДЕ ў Беларусі падтрымалі акцыю Міжнароднай федэрацыі шахмат 20 ліпеня. Яе сутнасць была ў тым, каб далучыць да гэтага віду спорту мільён навічкоў і такім чынам адзначыць дзень нараджэння арганізацыі.
У Мінск пазнаёміцца з шахматамі прыехалі юныя футбалісты з Акадэміі “Дынама-Брэст” і хакеісты са СДЮШАР БФСТ “Дынама”. Гэтая сустрэча падарыла ім магчымасць знайсці новае хобі і атрымаць веды, якія могуць спатрэбіцца ў іх відзе спорту на гульнявым полі. “Работа з прафесійнымі хакейнымі і футбольнымі клубамі ў нас вядзецца ўжо не першы год, але такая акцыя праходзіць у свеце і ў нас упершыню, — расказвае дырэктар Школы шахмат ФІДЕ ў Беларусі Марыя Тамковіч. — Спадзяюся, яна стане традыцыйнай, таму што гэта дапаможа прыцягнуць увагу грамадства да шахмат і паказаць не толькі важнасць заняткаў гэтым відам спорту ў рамках шахматнай гульні, але і яе ўплыў на ўсе астатнія віды дзейнасці. Мы паклікалі дзяцей, каб яны ў пачатку сваёй прафесійнай кар’еры вучыліся бачыць узаемасувязь розных дзеянняў і развівалі лагічнае мысленне”.
Адкрытыя ўрокі для футбалістаў і хакеістаў доўжыліся каля 2 гадзін. Іх вяла міжнародны майстар трэнер ФІДЕ Наталля Папова. Спачатку яна пазнаёміла спартсменаў з тэорыяй, азамі шахмат, а потым дазволіла ім пагуляць адно з адным, разыграць камбінацыі і парашаць задачы, якія дапамаглі замацаваць новыя веды.
“Прывабнасць шахмат у тым, што яны ўніверсальныя. На аматарскім узроўні яны даступныя кожнаму незалежна ад узросту. У дзяцінстве гульня дапамагае развіваць тактычнае, стратэгічнае мысленне, логіку, памяць, уседлівасць. Для дарослых — гэта добрая трэніроўка мозга, для сталых — прафілактыка розных захворванняў”, — упэўнена Марыя Тамковіч.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.